Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы цяпер развіваем тую інтэграцыю, якая ніколькі не прымяншае суверэнітэт ні Расіі, ні Беларусі”

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Развіццё саюзных адносін не вядзе да страты суверэнітэту. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  ў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі “Рэха Масквы” Аляксею Венядзіктаву.

“Супярэчнасці ніякай няма. Мы дзве суверэнныя незалежныя дзяржавы — Беларусь і Расія. Мы цяпер развіваем тую інтэграцыю, якая ніколькі не прымяншае суверэнітэт ні Расіі, ні Беларусі. Што такое суверэнітэт? Гэта ўлада над тэрыторыяй. У нас ёсць граніцы, у Расіі ёсць граніцы, улада ажыццяўляецца ў гэтых граніцах. І мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся. Ні Расія, ні Беларусь”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Што датычыцца сучаснага моманту па інтэграцыйных пытаннях: ёсць так званая 31-я карта. Вы таксама пра яе гаварылі. Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і інш. Мы наогул на гэтую тэму з Пуціным дамовіліся не размаў­ляць. Так, ва ўрадзе паспрабавалі ўвязаць, не ведаю толькі навошта, — сказаў прэзідэнт. — 30 гэтых карт, якія датычацца ў асноўным эканамічных пытанняў, — мытня, эканоміка, абарона прасторы нашай і гэтак далей. Планы тых шляхоў, па якіх мы ўжо рухаемся. Аснова — эканоміка. Ну і абарона, дыпламатыя, мы ж таксама гэтым займаемся, чым і адрозніваемся ад ЕАЭС. А 31-я карта — гэта план будаўніцтва або завяршэння будаўніцтва саюза з наднацыянальнымі органамі”.

“Мы наогул выключылі размову на гэтую тэму яшчэ ў Сочы. Але некаму хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад (нядаўна прачытаў — Дзмітрый Анатольевіч пра гэта зноў выказаўся). Ён не быў у Піцеры на перагаворах, таму не ведае нават слоў, якія сказаў ваш прэзідэнт. Даслоўна — у Піцеры, калі мы засталіся: слухайце, што мы зноў з гэтай 31-й картай, мы ж з Прэзідэнтам Беларусі дамовіліся, мы нао­гул не чапаем гэтыя пытанні. Навошта вы лезеце зноў і звязваеце гэтыя пытанні з пытаннямі падатковай сістэмы, эканомікі і гэтак далей?” — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з Пуціным сапраўды была дасягнута адпаведная дамоўле­насць. “Таму ўся канспіралогія ў вас цяпер у Расіі будуецца на тым: ах, застанецца прэзідэнт пасля 2024 года ці не. Гэта ваша пытанне. Часткова і наша, таму што, як бы мы тут ні гаварылі, Беларусь і Расія настолькі блізкія адна адной (без усялякіх планаў інтэграцыі), што нас хвалюе, хто будзе кіраваць Расіяй. Гэтак жа як Расію хвалюе, што будзе далей з Беларуссю, асабліва пасля Лукашэнкі”, — сказаў прэзідэнт.

Ён лічыць, што Расія ні ў якім разе не хацела б страціць Беларусь. “Я Пуціну груба сказаў: ведаеце, я вас разумею, страціць Беларусь — гэта горш, чым страціць кавалак недзе Расіі”.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта “наогул нерэальна і немагчыма” ў цяперашніх умовах. “Нават не стройце такіх планаў і не пішыце пра гэта і ў віртуальным свеце, не разважайце. Расія ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю, як некаторыя думаюць. Асабліва на Захадзе мяне палохаюць: пасля Украіны — вы”, — адзначыў беларускі лідар.

Гэтую сваю пазіцыю ён растлумачыў тым, што ў беларуска-расійскіх адносінах няма “рэвалюцыйнай” сітуацыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні крызісу ў адносінах з Расіяй ва Украіне па шэрагу пытанняў, уключаючы моўнае і нацыянальнае, накручваўся клубок супярэчнасцей. “Пытанняў, якіх не павінна быць ва Украіне. І гэты клубок накручваўся, накручваўся. Януковіча звергнулі і гэтак далей. А Януковіч куды рынуўся — на Данбас. Ён хацеў, каб Данбас стаў апорай яго наступлення. Праўда, Данбас яго адхіліў. Але ідэі засталіся — процістаянне з Кіевам і да таго падобнае. Адтуль пачалася гэтая заваруха. Гэта было на маіх вачах, таму я гэта вельмі добра ведаю”, — адзначыў прэзідэнт.

“Я не апраўдваю цяпер Расію. Я не папракаю Украіну. Але, як бы там ні было, Украіна хоць маленькую, але дала падставу для гэтага сутыкнення”, — лічыць Аляксандр Лукашэн­ка.

Адказваючы на пытанне, чаму Беларусь гіпатэтычна магла б адвярнуцца ад Расіі, прэзідэнт сказаў: “Калі вы будзеце на нас націскаць пастаянна, пачынаючы ад газавай трубы, нафтавай і іншага. І кожны год мы будзем пад Новы год гэтым займацца. І калі вы будзеце нам увесь час пісаць і гаварыць у вашым віртуальным свеце, што мы ў вас нахлебнікі, гіра на нагах, што мы (Расія. — Заўвага БелТА.) вам усё тут аддаём, а вы такія-сякія, тады мы скажам: дзякуй, не трэба!”

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не толькі Расія аказвае пэўную падтрымку Беларусі, але і Беларусь аказвае расійскаму боку велізарную колькасць паслуг. Гэтую інфармацыю кіраўнік беларускай дзяржавы прадставіў на нядаўніх перагаворах з прэзідэнтам Ула­дзімірам Пуціным. “Не толькі мы вам каштуем, але і мы вам аказваем вялікую колькасць паслуг, якія часам нельга ацаніць. Усё ў грошах не прапішаш, гэта не бухгалтэрыя”, — заявіў ён.

Прэзідэнт дадаў, што ва ўра­дзе Расіі і Уладзімір Пуцін — прагматычныя людзі і па пэўных напрамках падтрымліваюць Беларусь не проста так. “Вы — нам, мы — вам”, — абазначыў адпаведную схему ўзаемаадносін кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў у інтэрв’ю, на якіх умовах магчыма паглыбленне інтэграцыі з Расіяй і чаму гэты працэс такі складаны.

Кіраўнік дзяржавы назваў шэраг статыстычных паказчыкаў у гандлі з Расіяй. Напрыклад, адмоўнае для Беларусі знешнегандлёвае сальда ў памеры $9 млрд і тое, што сумарны дэфіцыт гандлю таварамі з Расіяй з 2000 па 2019 год перасягнуў $120 млрд. “Ніхто ж гэтай лічбы ў вас не чуе! Калі ў 2000 годзе мы займалі 11 працэнтаў у расійскім імпарце, то ў 2019 годзе доля спала напалавіну — да 5,5 працэнта, — падкрэсліў беларускі лідар. — Ідзе спад. Дык што ж гэта за саюз?”

“Я вам задаю рытарычнае пытанне: дык што ж гэта за саюз, калі ў нас становіцца па ўсіх пазіцыях горш і горш, — прадоўжыў ён. — Але ж вы гэта не аналізуеце, вам жа гэта не патрэбна. Вам чамусьці ў Расіі трэба паказаць, што (Беларусь. — Заўвага БелТА.) гэта гіра на нагах, гэта нахлебнікі, што Лукашэнка ніякі, ён капрызны як мінімум. Глупства поўнае”.

На пытанне журналіста, чаму так адбываецца, кіраўнік дзяржавы сказаў: “Вам трэба было градус Лукашэнкі ў Расіі панізіць”.

Прэзідэнт нагадаў, што ён адразу пасля падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы прапаноўваў і нават настойваў на правядзенні рэферэндуму для прыняцця Канстытуцыі, дзе было б прапісана ўсё — ад агульнай валюты да наднацыянальных органаў. “Чаму вы тады не захацелі? — задаў пытанне беларускі лідар. — Вы баяліся, што Лукашэнка прыбяжыць у Крэмль, схопіць шапку Манамаха і панясе ці то ў Піцер, ці то ў Мінск, не дай бог, яе забярэ. Вось чаго вы баяліся. Хоць гэта не варта выедзенага яйца”.

Вобразна гаворачы аб фарміраванні Саюзнай дзяржавы, прэзідэнт адзначыў, што “пачалі будаваць дом з даху” і ўспомнілі пра шматлікія базавыя пытанні толькі праз доўгі перыяд, калі час для іх вырашэння ўжо ўпушчаны. У Беларусі і Расіі вырасла новае пакаленне, якое цэніць незалежнасць і суверэнітэт. “Мінуў час, упушчаны незваротна, таму сёння нельга вырашаць пытанне так, як вы прапануеце: давайце прэзідэнтам будзе гэты, парламент — гэты, зверху цяпер усё пабудуем, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Заўтра атрымаем такую ўспышку… Не толькі ў Беларусі (перш за ўсё тут), але і ў Расіі. Паглядзіце, колькі расіян гавораць: “Скажыце Лукашэнку, не трэба аб’ядноўвацца з Расіяй”. Колькі такіх людзей? А чаму так гавораць? Не таму, што яны не любяць Лукашэнку і Беларусь, а таму, што яны баяцца, што Беларусь ператворыцца ў алігархічную краіну — вось што іх хвалюе”.

Кіраўнік дзяржавы настойвае на тым, каб любыя інтэграцыйныя працэсы ішлі на раўнапраўнай аснове, як, напрыклад, гэта адбываецца ў Еўрапейскім саюзе, дзе роўныя галасы маюць усе краіны, незалежна ад памераў, ступені развіцця эканомікі і іншых фактараў. “А нам (з боку Расіі. — Заўвага БелТА.) нават не намякаюць, а гавораць: “Мы вялікія, а вы меншыя, значыць, будзе так, як у нас”, — адзначыў беларускі лідар. — А я кажу: “Не. Тое, што ў вас лепшае, давайце зробім агульным здабыткам. Што ў нас — давайце зробім у Расіі”.

У якасці прыкладу ён прывёў умовы гандлю тытунёвымі вырабамі і алкаголем, якія адрозніваюцца ў дзвюх краінах, у Беларусі — у лепшы бок. Аднак Расія не згаджаецца распаўсюдзіць гэты вопыт на Саюзную дзяржаву.

Аляксей Венядзіктаў у час інтэрв’ю адзначыў падабенства разважанняў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна і ў сувязі з гэтым пацікавіўся, чаму абодва палітыкі пры наяўнасці прыблізна аднолькавай логікі разважанняў не могуць дамовіцца.

“Мы ж палітыкі, таму, калі мы разважаем, нібыта ўсе аднолькавыя, — адказаў беларускі лідар. — Адна справа — разважаць, а іншая — гэтыя разважанні ўвасабляць у жыццё, дзейнічаць такім чынам. Гэта складаней”.

Адным з пытанняў Аляксея Венядзіктава кіраўніку беларускай дзяржавы было пытанне аб тым, ці мае ён намер увасабляць у жыццё дамоўленасці з Расіяй у якасці прэзідэнта і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца. “Вам падасца банальным, але гэта сапраўды шчыры адказ: калі мяне людзі выберуць на прэзідэнцкіх выбарах, вядома, я буду рэалізоўваць усе дамоўленасці і ўсе планы. Усё, пра што мы дамовімся з Расіяй, будзе рэалізавана”, — запэўніў беларускі лідар.

“Калі я Прэзідэнт Беларусі з тымі паўнамоцтвамі, якія цяпер у прэзідэнта, то ў першую чаргу павінен займацца рэалізацыяй інтэграцыйных праектаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён адзначыў, што многія ў Расіі не ўяўляюць і не ведаюць, што такое сучасная Беларусь, і гэта стварае праблемы на інтэграцыйным трэку. “Уся праблема інтэграцыі (у гэты параграф можна ўціснуць усе пытанні нашых адносін), асабліва ў Расіі, у тым, што вы абсалютна не ўяўляеце, не ведаеце, што такое сучасная Беларусь і чым яна жыве. Таму што ў СМІ пра Беларусь і Прэзідэнта Беларусі ўсё тое, што ёсць… Вы ведаеце не горш за мяне, як там гэта ўсё будуецца. Часам я думаю толькі, навошта і чаму”, — заўважыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся і наконт магчымага ўступлення Украіны ў НАТА. Ён не расцэньвае гэта як патэнцыяльную пагрозу для Беларусі.

“Я Пуціну ўжо пра гэта гаварыў і вам скажу: самая вялікая пагроза, што датычыцца Украіны, для Расіі будзе не НАТА, а калі да ўлады прыйдуць і атрымаюць усю зброю, узбраенне, як вы іх там называеце груба, “нацыкі”. Я з гэтым, вядома, не згодны, не трэба абражаць каго-небудзь. У кожнага свае паняцці. Але вы ведаеце гэтыя радыкальныя нацыянальныя сілы ва Украіне. Вось гэта для вас будзе страшнейшым за НАТА. Вы падумайце. Гэта небяспечная рэч”, — заявіў беларускі лідар.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што калі Украіна ўступіць у НАТА, то гэта бяспекі не дабавіць: “Ні нам, ні тым больш Расіі”.

“Вядома, лепш было б, калі б Украіна праводзіла такі курс, як гэта было хаця б пасля распаду Савецкага Саюза. Не трэба абвінавачваць Пятра Парашэнку, Януковіча, яшчэ каго-небудзь. Усе прэзідэнты вінаватыя ў тым, што склалася такая сітуацыя для Уладзіміра Зяленскага”, — лічыць прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі з Украінай вельмі добрыя і блізкія адносіны, Беларусь гатова і далей усяляк садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню ў гэтай краіне і развіваць з ёй адносіны.

Так, некалькі гадоў назад Беларусь прапанавала ўкраінскаму і расійскаму бакам міратворчымі сіламі ўзяць пад кантроль іх агульную граніцу. Аднак і Украіна, і Расія адмовіліся ад гэтай прапановы. Беларускі бок таксама быў гатовы дапамагчы ў арганізацыі выбараў на непадкантрольных Украіне тэрыторыях, але і гэтая прапанова не знайшла падтрымкі ў партнёраў з абодвух бакоў.

“Гэта былі б гіганцкія крокі да міру, калі граніца пад кантролем, выбары правялі і пакрыху пачалі размарожвацца эканамічныя адносіны. А далей было б відаць, што выра­шаць, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы ўвязацца ў гэтую бойку для таго, каб стабілізаваць там сітуацыю і каб не гінулі нашы людзі”.

Адно з пытанняў кіраўніку дзяржавы датычылася яго стаўлення да нядаўніх вулічных акцый у Мінску ў абарону суверэнітэту і незалежнасці. “Вядома, я іх разумею. Але не трэба гаварыць, што гэта такія масавыя (акцыі. — Заўвага БелТА.). Таму што выходзілі на праспект Пераможцаў, Незалежнасці, дзе вялікая коль­касць народу ідзе. 400 чалавек — гэта наша ядро апазіцыі — паднімалі сцягі. І тое, што вы бачылі ў СМІ, здаецца: колькі народу! Гэта звычайныя людзі: хто на работу, хто з работы, хто ў магазін…” — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён заявіў, што не проста разумее, але і не адхіляе пункт гледжання ўдзельнікаў акцыі. “Мы павінны з гэтым лічыцца. Але ўся бяда ў тым, што яны гэта робяць дзеля нейкай палітыкі. Нехта там падказаў, праплаціў, фонды ім даюць добрыя. Яны нядрэнна жывуць, як я гаварыў. Гэта робіцца не дзеля таго, каб абараніць суверэнітэт. Таму што яны цудоўна разумеюць, што я ніколі не пайду на тое, ад чаго яны спрабуюць уберагчы беларускі народ. Самым галоўным абаронцам суверэнітэту і незалежнасці, я думаю, для вас гэта не дзіўна, з’яўляецца Прэзідэнт Беларусі, таму што ён адказвае па Канстытуцыі за гэта”, — сказаў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці ёсць цяпер пагроза суверэнітэту Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна знаходзіцца ў цэнтры многіх падзей і перасячэння інтарэсаў. “Сёння тут перасякаюцца ўсе інтарэсы. З захаду на ўсход (і не толькі расійскія), з поўдня на поўнач. Так склалася сітуацыя. І знахо­дзячыся ў гэтым катле, трэба паво­дзіць сябе настолькі дакладна, тонка і акуратна, каб цябе не зварылі ў гэтым катле. Вось у чым мая праблема. І вы мяне папракаеце, што я то на захад, то на ўсход (паварочваюся. — Заўвага БелТА.). Слухайце, ні на ўсход, ні на захад. Вось яна, зямля, якую гасподзь нам падарыў”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

Адначасова ён не адчувае, каб узрастала пагроза суверэнітэту Беларусі. І тлумачыць гэта тым, што ні аднаму боку гэта не патрэбна, паколькі будуць закрануты інтарэсы глабальных ігракоў. “Калі гэта пагроза збоку, як некаторыя ка­жуць, Расіі? Слухайце, у гэтай сітуацыі што, Расіі яшчэ адзін галаўны боль патрэбны? Не. Расія, вядома, будзе дзейнічаць акуратна, асцярожна, — лічыць прэзідэнт. — Калі раптам Расія паспрабуе пару­шыць наш суверэнітэт, вы ведаеце, як адрэагуе не толькі сусветная супольнасць. Яны ўжо будуць уцягнуты ў вайну. Гэтага ўжо Захад і НАТА не вытрымаюць, таму што палічаць за пагрозу ім. У гэтым сэнсе яны ў нечым будуць мець рацыю”.

З іншага боку, калі Захад захоча ў нейкім выглядзе захапіць ці падпарадкаваць сабе Беларусь, гэта бу­дзе непасрэднай пагрозай ужо суверэнітэту Расіі. “Што такое ракеты сярэдняй і малой далёкасці пад Смаленскам і што такое там — далёка ў Польшчы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што небяспечная пагроза суверэнітэту краіны можа паходзіць толькі ад гіпатэтычных цяжкасцей у эканоміцы. “Калі ў нас будзе зусім дрэнна з эканомікай, калі людзям немагчыма будзе ўсё гэта вытрымаць”, — сказаў ён.