Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мяне гэта ўражвае, нават вельмі ўражвае”

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Работу Акадэміі навук трэба сур’ёзна рэвізаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час азнаямлення з распрацоўкамі беларускіх вучоных па развіцці электратранспарту.

“У цэлым нам трэба сур’ёзна рэвізаваць работу Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі сабраны. І паглядзець па асноўных напрамках, як працуе Акадэмія навук, як выкананы прынятыя намі рашэнні”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што вырашыў асабіста азнаёміцца з развіццём электратранспарту. “Хацелася б убачыць, наколькі вы рушылі наперад і наколькі словы адпавядаюць справам”, — заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што сярод пераваг гэтага напрамку — чаканы прафіцыт электраэнергіі ў краіне і экалагічнасць.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў наступнай пяцігодцы асабліва актыўна трэба падключаць навуку да развіцця краіны, улічваючы ўсё большы ўзровень тэхналагічнай канкурэнцыі ў свеце. “Нам у гэтай жорсткай барацьбе давядзецца выстаяць, каб людзьмі звацца і не страціць той кавалачак зямлі, на якім жывём”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыяй айчынных распрацовак у галіне электратранспарту. Кіраўніку дзяржавы, у прыватнасці, паказалі эксперыментальны ўзор беларускага родстара — двухмеснага электрамабіля-кабрыялета.

На думку распрацоўшчыкаў, гэты родстар зможа ў будучыні паспаборнічаць з Tesla. Ён лёгкі і манеўраны, адносіцца да класа М1 і валодае палепшанымі дынамічнымі характарыс­тыкамі. Здольны развіваць скорасць да 170 км/г і пераадольваць адлег­ласць на 270 км без падзарадкі.

Кіраўніку дзяржавы таксама прадэманстравалі доследны ўзор камбайна для заліўкі лёду, які працуе на электрапрыводзе. Прэзідэнт даў даручэнне аснасціць такой тэхнікай лядовыя арэны краіны, па­ставіўшы спачатку 25 камбайнаў. “Мы сфарміруем заказ, але каб якасць была!” — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

На экспазіцыі быў прадстаўлены новы ўзор кампактнай камунальнай тэхнікі. Цікавасць да гэтых машын праявілі сталічныя ўлады. Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне аб перспектыўнасці іх выкарыстання. “Давайце будзем на гэта арыентавацца”, — сказаў ён.

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з распрацоўкамі па вырабе акумулятарных батарэй, ячэек, а таксама зарадных станцый рознага прызначэння — ад магутных стацыянарных да кампактных варыянтаў для выкарыс­тання ў асабістых гаражах.

Беларускія вучоныя цяпер вя­дуць распрацоўкі ў сферы літый-іонных батарэй, якія ў асноўным выкарыстоўваюцца ў свеце, а таксама графенавых — пакуль іх эфектыў­насць уступае літый-іонным, але затое вызваляе ад неабходнасці закуп­ляць літый, які прадае толькі Кітай. Акрамя таго, графенавыя батарэі таннейшыя. Вучоныя разлічваюць у хуткім часе ўраўнаваць па паказчыку эфектыўнасці два віды батарэй. “Гэта бу­дзе прарыў”, — ацаніў перспектыву прэзідэнт.

Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў доследным узорам электравеласіпедаў, электраскутараў, электрасамакатаў, цікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі, скорасцю, запасам ходу. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці ўдасканаліць дызайн некаторых мадэлей. Аляксандр Лукашэнка зга­дзіўся на прапанову ўзяць на эксплуатацыі некаторыя экзэмпляры, каб пратэсціраваць іх асабіста.

Шырока прадстаўлены ў экспазіцыі былі айчынныя беспілотныя лятальныя апараты і авіяцыйныя комплексы. У прыватнасці, распрацаваныя і вырабленыя Навукова-прак­тычным цэнтрам шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі БАК “Буравеснік” і БЛА “Бусел”. Аляксандр Лукашэнка лічыць іх добрым, эфектыўным і ў той жа час недарагім узбраеннем. Кіраўніку дзяржавы расказалі аб распрацоўцы сучаснага лазернага дальнамера, які дае магчымасць павялічыць дакладнасць удараў з беспілотнікаў. Прэзідэнта зацікавілі прадстаўленыя ўзоры, ён вырашыў у будучыні асабіста пабываць у навукова-практычным цэнтры.

У ліку навінак, якія паказалі кіраўніку дзяржавы, быў беспілотны верталёт Eye Sky распрацоўкі і вытворчасці ТАА “КБ Беспілотныя верталёты”. У кампаніі сцвярджаюць, што гэта першы ў свеце ў такім класе ваенна-ўдарны верталёт, і толькі восем краін займаюцца распрацоўкамі беспілотных верталётаў масай звыш 100 кг, Беларусь — у іх ліку. На постсавецкай прасторы краіна адзіная, якая серыйна выпускае такія беспілотнікі. Больш за тое, да лета гэтага года кампанія плануе вырабіць беспілотны верталёт масай 700 кг, блізкі аналаг якога ёсць толькі ў ЗША.

Прэзідэнт Беларусі даручыў на практыцы вывучыць эксплуатацыю электробусаў вытворчасці МАЗ. Такое даручэнне кіраўнік дзяржавы даў пры азнаямленні з распрацоўкамі па развіцці электратранспарту.

Як далажыў генеральны дырэктар ААТ “МАЗ” — кіруючая кампанія холдынга “БелаўтаМАЗ” Валерый Іванковіч, цяпер завод вырабляе доследныя ўзоры аўтобуса на электрычнай цязе мадэлі МАЗ-303 і гатовы наладзіць серыйную вытворчасць такой тэхнікі. Увазе кіраўніка дзяржавы былі прадстаўлены два ідэнтычныя аўтобусы, але адзін на электрацязе, а другі — дызельны. “Яны абсалютна аднолькавыя, уніфікаваныя па агрэгатах. Прыменена шмат інавацыйных тэхнічных рашэнняў”, — расказаў гендырэктар.

Паводле яго слоў, пакуль электробус крыху даражэйшы за свой дызельны аналаг, але па меры выхаду на серыйнасць і пасля некаторых дапрацовак кошт можа стаць значна ніжэйшым.

Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу года, да мая 2021 года, вырабіць 10—12 электробусаў МАЗ і накіраваць іх на эксплуатацыю ў рэгіёны краіны.

“Мяне гэта ўражвае, нават вельмі ўражвае, — пракаменціраваў прэзідэнт прадстаўленыя яго ўвазе на выставе распрацоўкі. — Не чакаў, што яны здольны за такі кароткі прамежак часу ўсё гэта стварыць”.

Разам з тым, на думку прэзідэнта, пакуль дачасна гаварыць аб сур’ёзных, прарыўных дасягненнях сусветнага ўзроўню ў сферы вытворчасці электратранспарту. Пакуль адбыўся першы этап азнаямлення з тым, як вучоныя выканалі задачы, пастаўленыя перад імі раней прэзідэнтам. “Будзе другі, і там мы больш канкрэтна скажам аб выніках работы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Каб ацаніць іх належным чынам, трэба паглядзець, ці адпавядае гэта (айчынныя распрацоўкі. — Заўвага БелТА.) сусветным стандартам і якія перспектывы. Маю на ўвазе, што не цацку ж ствараем, а тавар, які трэба будзе рэалізоўваць на рынках і атрымліваць валюту”.