Аляксандр ЛУКАШЭНКА: ”Нам вельмі шмат трэба будзе папрацаваць з нашай моладдзю”

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з прадстаўнікамі навуковай сферы, якія расказалі як пра свае распрацоўкі, так і ўнеслі прапановы па асобных напрамках.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на працягу апошніх гадоў у Беларусі многае зроблена па развіцці розных напрамкаў, і немалая роля ў гэтым належыць вучоным, у медыцыне гэта або ў сельскай гаспадарцы. У многіх пытаннях кіраўнік дзяржавы ўдзельнічаў асабіста прымаліся рашэнні, даваліся неабходныя даручэнні. “Мы гэта ўсё прайшлі. Гэта няпростыя былі шлях і перыяд”, — канстатаваў ён.

Звяртаючыся да вучоных як да прадстаўнікоў а­йчыннай эліты, прэзідэнт параіў узважана ацэньваць падзеі, якія адбываюцца, і не рабіць паспешных вывадаў. “Ёсць такія азначэнні, тэрміны ў наро­дзе — “міністр”, “генерал”, “прафесар”. Людзі, якія носяць партфель міністра, з’яўляюцца прафесарам, генералам, яны не маюць права на неабдуманыя ўчынкі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы людзі адукаваныя, вы фарміруеце думкі людзей, вы — твар дзяржавы, вы і павінны абараняц­ь гэтую дзяржаву”.

Доктар педагагічных навук, начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра Пазняк падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам праінфармавала, што ў Беларусі ва ўсіх абласцях і сталіцы створана каля 480 педагагічных класаў, у якіх вучыцца больш за 4,2 тысячы вучняў.

Аляксандра Пазняк расказала, што гэтыя класы запатрабаваныя і спрыяюць таму, каб яшчэ падчас вучобы ў школе хлопчыкі і дзяўчынкі маглі вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, звязанай з педагогікай.

Яна падкрэсліла, што яшчэ нядаўняя рэальнасц­ь — нізкія прахадныя балы пры паступленні ў педагагічныя УВА, недаборы, адсутнасць конкурсаў на шэраг педагагічных спецыяльнасцей. “За апошнія пяць гадоў нам удалося пераадолець гэтую праблему, у першую чаргу дзякуючы стварэнню ў краіне сеткі педагагічных класаў. У рамках доктарскага даследавання мы стварылі мадэль педагагічнай прафілізацыі ў старшых класах. Яна навукова абгрунтавана, апрабавана і паспяхова ўкаранёна ў практыку”, — сказала доктар педагагічных навук.

“Мы разглядаем педагагічныя класы як базавую ступень уваходжання ў педагагічную прафесію. Спецыфіка гэтых класаў у тым, што старшакласнікі на працягу двух гадоў вывучаюць факультатыўны курс увядзення ў педагагічную прафесію, а гэта 140 гадзін, насычаных ведамі па педагогіцы і псіхалогіі”, — падкрэсліла яна.

Акрамя таго, вучні на працягу двух гадоў пагружаюцца ў педагагічную практыку, яны праходзяць вялікі аб’ём педагагічных проб — як памочнікі настаўніка, выхавацеля, як важатыя ў школьных лагерах.

За апошнія 4 гады на педагагічныя спецыяльнасці ва УВА такіх выпускнікоў прыходзіць больш за трэць — больш за 750 чалавек. Напрыклад, у БДПУ кожны пяты студэнт скончыў педклас.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, важна займацца прафарыентацыяй навучэнцаў, каб яны яшчэ ў школе вызначаліся са сваёй будучай прафесіяй. Удалым прыкладам тут з’яўляюцца профільныя класы педагагічнай накіраванасці.

“На гэта варта траціць грошы, таму што, калі чалавек прыйдзе ва УВА і праз некаторы час зразумее, што ён не туды трапіў, а мы на яго затрацілі велізарныя грошы, і нам давядзецца потым яго перавучваць, гэта будзе даражэй каштаваць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Таксама ён падкрэсліў важнасць практыка-арыентаванага навучання ва УВА. Студэнтаў да работы па сваёй будучай прафесіі трэба прыцягваць ужо з другога курса, лічыць прэзідэнт.

Роля мэтавых накіраванняў для навучання ва УВА будзе павышацца, таксама адзначыў Аляксандр Л­укашэнка ў час размовы.

“Мы цяпер вельмі моцна будзем узнімаць ролю мэтавых накіраванняў. Абавязкова будзем гэта рабіць. Нам вельмі важна, каб не толькі ў Мінску канцэнтраваліся (маладыя спецыялісты. — Заўвага БелТА.): скончылі УВА і тут недзе любым чынам замацаваліся. Нам трэба раўнамерна размяшчаць па краіне прадукцыйныя сілы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прычым самай галоўнай прадукцыйнай сілай кіраўнік дзяржавы назваў настаўнікаў і выкладчыкаў. “Таму мэтавыя накіраванні будуць набываць вельмі сур’ёзнае значэнне”, — падкрэсліў прэзідэнт.

На сустрэчы доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дзмітрый Данілаў расказаў пра беларускі вопыт лячэння гепатыту С, які прыкметны і на міжнародным узроўні. Паводле яго слоў, Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначыла Беларусь як адну з краін з найбольшымі поспехамі па доступе насельніцтва да лячэння віруснага гепатыту С.

Дарэчы, вучоная ступень доктара медыцынскіх навук была прысуджана Дзмітрыю Данілаву якраз за ўстанаўленне генетычных фактараў, якія вызначаюць эфектыўнасць лячэння хранічных вірусных гепатытаў В і С, і доказ высокай эфектыўнасці лекавых сродкаў прамога процівіруснага дзеяння, якія вырабляюцца ў Беларусі для лячэння пацыентаў з вірусным гепатытам С. Ён а­ўтар больш як 110 навуковых работ.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы выступленне доктара медыцынскіх навук аб вопыце лячэння віруснага гепатыту, адзначыў: “Для нас гэта вельмі актуальна цяпер. Мы заняліся кавідам і забылі, што трэба лячыць і іншыя хваробы. Мы пра гэта гаварылі яшчэ ў пачатку першай хвалі, што кавід кавідам, але не трэба забываць і пра іншыя захворванні. І вы, напэўна, заўважылі: вось Еўрапейскі саюз цяпер пачаў гаварыць пра анкалогію. Бяда. Хто-хто, а хворыя на анкалагiчныя захворваннi чакаць жа не могуць. Пайшла смяротнасць ад анкалогіі”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі гэтай праблеме ўдзялілі ўвагу яшчэ пры першай хвалі, а таксама пры другой хвалі: “Стараліся анкалагічныя цэнтры не перагружаць лячэннем іншых хвароб”.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў Еўропе цяпер у­кладаюць вялікія сродкі ў выратаванне людзей ад анкалагічных захворванняў. “Таму ваша тэма сугучная з гэтай праблемай нашага няпростага часу”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы выстуленне Дзмітрыя Данілава.

Прэзідэнт у час размовы з прадстаўнікамі навуковай сферы закрануў і пытанні работы з моладдзю.

“Паслявыбарныя падзеі паказалі, што нам сур’ёзней трэба адносіцца да навучання нашай моладзі. У адваротным выпадку мы атрымаем вельмі вялікія праблемы ў перспектыве. Калі не зменім сітуацыю, мы падыдзем да вайнушкі. І баюся, што ва ўмовах геапалітычнага разлому (аб гэтым мы, напэўна, яшчэ будзем гаварыць на сходзе) мы не зможам у­трымацца ў рамках унутранага разладу і нейкай грамадзянскай вайны: абавязкова ўмяшаюцца іншыя гульцы. Я часта намякаю: глядзіце, каб наша Беларусь не стала полем бітвы, полем вайны, дзе будуц­ь вырашацца не нашы пытанні”, — заявіў Аляксандр Л­укашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад сітуацыю ў Сірыі і Іраку, дзе геапалітычныя гульцы пашыраюць свае інтарэсы, з-за чаго гэтыя краіны і народы пакутуюць ужо доўгія гады. “Узрывы грымяць, гінуць людзі, а нафту пампуюць”, — адзначыў ён.

“Таму нам трэба сваімі рукамі не прывесці краіну ў гэты хаос. І тут многае будзе залежаць ад выкладчыкаў. Я ўсё разумею: у кожнага можа быць свой пункт гледжання, сваё меркаванне, і гэтыя пункт гледжання і меркаванне трэба выказваць. Але трэба гэта рабіць да месца, не парушаючы закона. Які б ні быў закон, дрэнны або добры, закон ёсць закон, юрысты мяне падтрымаюць, яго трэба выконваць. Калі ён дрэнны — яго трэба змяніць ва ўстаноўленым парадку. Але не праз бойку на вуліцы”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Я яшчэ раз намякаю на тое, што нам шмат трэба будзе папрацаваць з нашай моладдзю, каб засцерагчы яе ад дрэннай будучыні, таму што ім жыць. Мы пойдзем — яны будуць жыць. Дзе і як будуць жыць, залежыць цяпер у многім ад нас і ад выкладчыкаў. Гэта нядобра, калі выкладчыкі і студэнты УВА выступаюць як нейкая асобная сіла па дэзарганізацыі грамадства і знішчэнні той сістэмы, якую мы стваралі чвэрць стагоддзя. Гэта вельмі важна”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў вучоным за карысную, цікавую размову. “Паверце, для мяне гэта не проста вопыт, гэта веды. Я вучуся ў вас, — сказаў Аляксандр Л­укашэнка. — Я вельмі цаню мінуты, гадзіны размовы з вамі, вельмі ўдзячны вам за гэта. Ведайце: наколькі толькі магчыма, мы будзем падтрымліваць вучоных. Не таму, што я такі дабрадзей, а таму што без навукі ў сучасным свеце мы нікуды не рушым”.