Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Не проста аднавіць наша супрацоўніцтва з Кітаем, але і нарасціць яго ў гэтым годзе”

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Беларусь разлічвае нарасціць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем, пераадолеўшы некаторае адставанне, якое ўзнікла ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая Цуй Цымінам.

Прэзідэнт адзначыў, што для размовы з кітайскім паслом ёсць шэраг тэм, якія тычацца не толькі бягучага моманту, але і перспектыў супрацоўніцтва. “Нам ніхто і нішто, ніякія каранавірусы не перашкаджаюць развіваць двухбаковыя адносіны”, — сказаў ён.

Каменціруючы развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Я не заўважыў, што мы недзе праваліліся. Так, была паўза (вы ведаеце, яна не з Беларуссю звязана). Мы гэта ўспрымаем нармальна”.

Цяпер, на думку прэзідэнта, неабходна сканцэнтравацца на аднаўленні ўзаемадзеяння. “Не проста аднавіць наша супрацоўніцтва з Кітаем, але і нарасціць яго ў гэтым годзе, пераадолеўшы некаторае адставанне. Гэта ў нашых сілах. І мы гэта зробім”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што з кітайскай падтрымкай у Беларусі рэалізоўваецца шэраг праектаў, у тым ліку па будаўніцтве басейна і стадыёна. “Гэта будуць узорныя будоўлі. Я хацеў, каб у цэнтры Еўропы былі гэтыя два кітайскія аб’екты, на якіх будуць праводзіцца (і мы ўжо маем пацвяр­джэнні міжнародных арганізацый) буйныя міжнародныя спаборніцтвы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэн­ка.

Тавараабарот Беларусі і Кітая ў 2019 годзе дасягнуў $4,6 млрд, павялічыўшыся на 22 працэнты ў параўнанні з 2018-м. Экспарт айчынных тавараў склаўся на ўзроўні $712,6 млн і за год узрос на 32 працэнты. У Беларусь паступіла кітайскіх інвестыцый амаль на $170 млн, з іх больш як $141 млн прамых.

Найбольш маштабным праектам супрацоўніцтва з’яўляецца індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Паводле даных на сакавік гэтага года, тут зарэгістравана 58 рэзідэнтаў, сума заяўленых інвестыцый — $1,2 млрд.

З фінансавымі інстытутамі КНР заключана 35 крэдытных пагадненняў на суму амаль $8,4 млрд, прафінансаваны 22 праекты на $4,1 млрд.

Урад Кітая рэгулярна прадастаўляе ўраду Беларусі бязвыплатную тэхнічную дапамогу. Партфель праектаў уключае будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна, басейна міжнароднага стандарту, сацыяльнага жылля, падтрымку і развіццё індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і інш.

Кітай высока цэніць супрацоўніцтва і дружбу з Беларуссю, як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

“Перш за ўсё дазвольце мне перадаць цёплае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна — вашага добрага сябра”, — падкрэсліў дыпламат.

“Вы заўсёды ўдзяляеце вялікую ўвагу развіццю адносін з Кітаем, кла­поціцеся і развіваеце кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах. Кітайскі бок высока гэта цэніць”, — адзначыў пасол.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі па­дзякаваў прэзідэнту за магчымасць сустрэчы і сказаў: “Дзякуй, для мяне гэта вялікі гонар!”

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая Цуй Цымінам таксама адзначыў, што, прымаючы меры для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса, Беларусь дзейнічае прафесійна і кропкава, зыходзячы ў тым ліку з вопыту Кітая.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: выпадкі захворвання на каранавірус, якія зафіксаваны ў Беларусі, з’яўляюцца завезенымі з-за мяжы. “У нас гэты вірус не развіваўся, і, больш за тое, мы не з’яўляліся і не з’яўляемся нейкім пунктам, адкуль пачаўся гэты вірус”, — адзначыў ён.

У той жа час, нягледзячы на вялікую колькасць грамадзян Кітая, якія прыязджаюць на работу ў Беларусь, не было ніводнага выпадку, каб яны прывезлі ў краіну каранавірус. “З завезеных каранавірусаў — ніводнага з Кітая. Тут працуе вельмі шмат грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі (і ў “Вялікім камені”, і на іншых аб’ектах, і на БНБК, якую мы будуем з дапамогай кітайскага народа і крэдыту) — ніводнага факта, выпадку завезенага з КНР віруса. Мы вельмі акуратна працавалі і працуем. Не таму, што нічога не баімся, не ў гэтым справа, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Мы спрабуем дзейнічаць прафесійна і кропкава, зыходзячы з вопыту вашага і нашага”.

Аляксандр Лукашэнка адрасаваў словы асаблівай удзячнасці кітайскаму боку. “Мне кожную раніцу дакладваюць абстаноўку. Не было выпадку, каб мы задалі пытанне кітайскім спецыялістам, нашым сябрам, і яны нам не адказалі. Увесь горкі вопыт, якія яны назапасілі за гэтыя месяцы, яны шчодра перадаюць беларускім эпідэміёлагам, мікрабіёлагам, урачам і г.д., — сказаў ён. — Дзякуй вам і ўсяму кітайскаму народу за тую дапамогу, якую вы нам цяпер аказваеце!”

Прэзідэнт расказаў пра меры барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса, якія прыняты ў краіне. “Мы вызначылі краіны, якія вельмі сур’ёзна кантралюем з пункту гле­джання прыезду адтуль нашых людзей і грама­дзян, — Германія, Францыя, Італія. Мы ж краіну не закрывалі, ні з адной краінай не закрылі граніцу. Да нас прыязджаюць розныя людзі, але ў аэрапорце (у асноўным гэта павет­раныя зносіны) мы самым сур’ёзным чынам кантралюем тых, хто прыбывае ў Беларусь”, — растлумачыў ён. Пры неабходнасці тых, хто прыязджае, адпраўляюць на каранцін. “Праўда, ганьбяць нас усякімі рознымі словамі, што мы іх дарэмна затрымалі, але такая сітуацыя”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў гэты перыяд года ў Беларусі назіраецца традыцыйны пад’ём захваральнасці на вірусныя інфекцыі. Таму работнікам аховы здароўя трэба не забываць і пра пацыентаў з іншымі сур’ёзнымі захворваннямі. “Нам трэба не ўпусціць пытанне іншых хвароб, таму што ад каранавіруса ў нас яшчэ не загінуў ні адзін чалавек, а ад іншых хвароб людзі гінуць. Таму я папярэдзіў Міністэрства аховы здароўя, каб урачы ўдзялялі вялікую ўвагу людзям з іншымі хваробамі”, — сказаў ён.

Медыкі ў Беларусі ў першую чаргу звяртаюць увагу на людзей з групы рызыкі, у якіх найбольш верагодна цяжкае цячэнне хваробы пры каранавірусе, — гэта людзі пажылога ўзросту і тыя, хто мае шэраг спадарожных захворванняў. “Вядома, любы вірус на такога чалавека кідаецца і пачынае яго там тармасіць, — адзначыў прэзідэнт. — Нашым урачам пакуль удаецца спраўляцца з гэтымі хваробамі, але расслабляцца мы не плануем”. Да работы са слабаабароненымі групамі насельніцтва актыўна падключыліся і сацыяльныя службы, грамадскія арганізацыі, яны прапануюць дапамогу па дастаўцы лякарстваў, прадуктаў харчавання.

“Усякае ў жыцці бывае, але галоўнае — не панікаваць. Я больш за ўсё баюся, што людзі захварэюць на псіхоз ад таго, што адбываецца ў сродках масавай інфармацыі. Ад псіхозу бу­дуць усе астатнія хваробы. Так кажуць і спецыялісты. Ваш вопыт (кітайскага боку.Заўвага БелТА.), наш вопыт мы выкарыстоўваем, каб на дапушчальным для нас узроўні прайсці пік. Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня — значыць жыць будзем”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Надзвычайны і Паўна­моцны Пасол Цуй Цымін, Кітай удзячны Беларусі за падтрымку і дапамогу ў барацьбе з каранавірусам.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі падкрэсліў, што ў гэты няпросты перыяд беларуска-кітайскія адносіны толькі ўмацаваліся. Бакі актыўна ўзаемадзейнічаюць па ўсіх тэмах, у тым ліку па барацьбе з каранавірусам. “Сябры пазнаюцца ў бядзе”, — сказаў Цуй Цымін.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што як кітайскі, так і беларускі бакі паспяхова справяцца з праблемай. Кітай выступае за з’яднанне ўсёй сусветнай супольнасці ў барацьбе з каранавірусам.

Дыпламат таксама звярнуў увагу, што Беларусь і Кітай наладзілі добрыя двухбаковыя кантакты, якія бу­дуць развівацца, нягледзячы ні на якія перашкоды. “Апошнія гады пад асабістым кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна двухбаковыя сувязі дасягнулі найлепшага ўзроўню за ўсю гісторыю дыпламатычных адносін, — выказаў упэўненасць Цуй Цымін. — Нашы краіны падтрымліваюць частыя абмены на высокім узроўні. Так, у 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін двойчы праводзілі двухбаковыя сустрэчы, у час якіх дасягнулі агульных дамоўленасцей, у тым ліку па сумесным будаўніцтве “Пояса і шляху”. Кітай мае намер прадаўжаць працаваць для рэалізацыі гэтых дамоўленасцей”.

Цуй Цымін звярнуў увагу на вынікі будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. У мінулым годзе ў парку паспяхова адбыўся Міжнародны форум па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі таксама згадаў пра паспяховую рэалізацыю ў мінулым годзе другога этапу праекта па будаўніцтве кітайскім бокам сацыяльнага жылля ў Беларусі. У эксплуатацыю ўвялі 1854 кватэры ў 22 дамах.

“Праект дапамогі Кітая па будаўніцтве Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту ў Беларусі рэалізоўваецца інтэнсіўна і паслядоўна”, — адзначыў Цуй Цымін.

У мінулым годзе бакі правялі Год адукацыі Беларусі ў Кітаі, што свед­чыць пра развіццё кантактаў у гэтай сферы.

Цуй Цымін падкрэсліў, што добра наладжаны міжрэгіянальныя кантакты. “Усе шэсць абласцей і горад Мінск устанавілі дружалюбныя адносіны з многімі правінцыямі і гарадамі Кітая”, — сказаў пасол.