Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Незалежная дзяржава дае свабоду распараджацца сваім сучасным і будаваць сваё будучае”

- 10:49Актуально
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для захавання беларускай нацыі і суверэнітэту неабходна ісці сваім шляхам, цярпліва выбудоўваючы палітыку так, каб жыццё беларусаў і іх дзяцей было добрым. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 17 кастрычніка, выступаючы на калёквіуме са студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Прэзідэнт, нягледзячы на вялікую занятасць, знайшоў час наведаць сваю альма-матар і сустрэцца са студэнтамі. Нагода больш чым значная — 100- гадовы юбілей універсітэта. Адзначыць гэтую дату прыехалі і тыя выпускнікі, з якімі Аляксандр Лукашэнка разам вучыўся.
З успамінаў аб гадах вучобы і пачалося наведванне ВНУ прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка ўспамінаў, як паступаў ва ўніверсітэт, здаваў тут экзамены. Яго азнаёмілі з выставай, прысвечанай гісторыі развіцця ВНУ, яе рэктарам, выкладчыкам, выпускнікам і студэнтам, якія праславілі ВНУ і працягваюць гэта рабіць цяпер. Тут таксама былі прадстаўлены сучасныя распрацоўкі выкладчыкаў універсітэта, іх навуковыя працы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт дае выдатную адукацыю. “Калі ў мяне пытаюцца, якую ВНУ лепш скончыць, — адназначна гэтую!” — сказаў прэзідэнт.
Паколькі сустрэча была арганізавана ў новым фармаце калёквіуму, атрымаўся адкрыты і зацікаўлены абмен думкамі паміж кіраўніком дзяржавы і моладдзю.
Дыялог прайшоў у вельмі дружалюбнай атмасферы. З самага пачатку калёквіуму Аляксандр Лукашэнка задаў цёплы і ўзаемапаважлівы тон размовы. Прэзідэнт выклікаў прыхільнасць маладых людзей сваёй адкрытасцю і па ўсіх пытаннях цікавіўся меркаваннем студэнтаў.
Кіраўнік дзяржавы закрануў вялікі спектр тэм: ад знешняй палітыкі, выбудоўвання адносін з іншымі дзяржавамі, развіцця эканомікі да гісторыі Беларусі, яе незалежнасці і суверэнітэту, дэмаграфічных праблем, а таксама адносін да работы, адукацыі.
Аляксандр Лукашэнка нібыта акунуўся ў атмасферу свайго студэнцтва і з задавальненнем расказаў, як вучыўся, сталеў, як будаваліся яго адносіны з выкладчыкамі. Магчыма, многае, пра што гаварыў прэзідэнт, агучвалася ім упершыню. І атмасфера роднай ВНУ спрыяла такой шчырасці.
Паколькі студэнты з нецярпеннем чакалі сустрэчы з самым знакамітым выпускніком ВНУ, то і падрыхтаваліся пагаварыць пра ўсё, што іх хвалюе. Ахвотнікаў падыскутаваць аказалася нямала, таму сустрэча зацягнулася надоўга. Мяркуючы па настроі прэзідэнта, яму было цікава пагаварыць са студэнтамі і пачуць іх меркаванні па многіх пытаннях.
“Мне хацелася б, каб наша сустрэча прайшла не ў заарганізаваным фармаце, а ў адкрытым стылі. Я проста хацеў бы з вамі пагаварыць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы з вамі ўсе вельмі розныя па ўзросце, вопыце, густах, звычках. Зразумела, што і на асобныя пытанні, якія ставіць перад намі жыццё, мы таксама можам глядзець па-рознаму”.
“Але мы дакладна адзіныя ў адным — усе мы грамадзяне адной дзяржавы — нашай Беларусі. І думаю, што кожны з вас, як і я, звязвае асабісты лёс з нашай краінай і таму неабыякавы да яе будучага”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Тэмай сустрэчы прэзідэнт абазначыў мэты і перспектывы развіцця Беларусі ў кантэксце сучаснай цывілізацыі: “Што ўяўляе сабой Беларусь і якую ролю яна адыгрывае ў сучасным свеце? Чаго мы дасягнулі, што ўпусцілі? Які ён, наш беларускі шлях, куды мы пойдзем далей?”
Прэзідэнт запрасіў студэнтаў выказаць свае меркаванне па такой шырокай і шматграннай тэме.
“Прасцей кажучы, сёння мне хацелася б на час нібыта памяняцца з вамі месцамі. Не проста выступіць самому, а паслухаць усіх, хто пажадае выказацца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што з задавальненнем пабыў бы не ў ролі лектара, а сярод студэнтаў.

Ва ўступным слове кіраўнік дзяржавы толькі акрэсліў тэмы размовы і падзяліўся некаторымі думкамі аб удасканаленні эканамічнай стратэгіі, палітычнай сістэмы і сацыяльна-культурнай сферы ў краіне. Галоўным жа зместам сустрэчы, як гэта і прынята на калёквіуме, сталі менавіта выступленні студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў ВНУ.
Аляксандр Лукашэнка пачаў прамову з разважанняў аб тым, якой павінна быць беларуская ідэя ў ХХI стагоддзі.
Ён адзначыў, што чалавецтва перажывае глабальны цывілізацыйны зрух, калі нават законы грамадскіх адносін, якія здаваліся непарушнымі, і маральныя нормы паступова страчваюць сілу. “Інфармацыйная рэвалюцыя звяла на нішто ўсе прасторавыя і часавыя бар’еры. Эканамічныя працэсы ў свеце даўно выйшлі на наднацыянальны ўзровень. Чалавек навучыўся штучным шляхам атрымліваць найвялікшае з таінстваў — зараджэнне жыцця, кланіраваць жывыя істоты”, — сказаў прэзідэнт.
Глабалізацыя вытворчасці і капіталу прыводзіць да вельмі значных трансфармацый у духоўнай сферы. “Мы бачым паступовае разбурэнне векавых маральных асноў, ператварэнне маральных анамалій у норму жыцця, сціранне нацыянальных, культурных адрозненняў паміж народамі, з’яўленне глабальнай англамоўнай неакультуры (так яе іншым разам называюць), заснаванай на амерыканскіх стандартах і ўзорах”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым прэзідэнт нагадаў, што апошнім часам вельмі крытыкаваў свайго калегу — Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Барака Абаму за вылучаную ім ідэю аб нейкай выключнасці амерыканскай нацыі. “Гэты чалавек сёння заяўляе ўсё часцей аб нейкай выключнасці сваёй нацыі, на што я і звярнуў увагу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Аднойчы так сказаў — шкадую да гэтага часу”.
“Нам гэтыя амерыканскія ўзоры і стандарты не заўсёды падыходзяць, хоць нам іх вельмі сур’ёзна сёння навязваюць следам за эканамічнай перавагай гэтай краіны”, — адзначыў прэзідэнт.
У той жа час ён пахваліў амерыканскага лідара за ўзнятае ім пытанне аб рэформе аховы здароўя. “Абама ўзняў галоўнае пытанне аб лячэнні больш як 50 мільёнаў амерыканцаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ён правільна заявіў аб медыцынскім страхаванні гэтых людзей. І гэта не прайшло! Гэта жахліва! Калі б такое пытанне ўнеслі ў нас у парламент, парламентарыі 100 працэнтаў прагаласавалі б! А там не праходзіць”.

“Сёння ўсё часцей узнікае пытанне: ці доўга праіснуюць у сучасным свеце суверэнныя дзяржавы, асобныя нацыі і народы, або ў хуткім часе ўсе гэтыя паняцці будуць незваротна здадзены ў архіў гісторыі?” — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларусы доўга ішлі да атрымання дзяржаўнасці. “Свая незалежная дзяржава дае нам свабоду — тое, да чаго па прыродзе сваёй імкнецца кожны чалавек і кожная нацыя, свабоду жыць на сваёй, Богам дараванай, зямлі, свабоду самім выбіраць свой шлях, свабоду шанаваць свае традыцыі, сваё мінулае, распараджацца сваім сучасным, будаваць сваё будучае”, — сказаў прэзідэнт.
“Многія разумеюць свабоду так: выйшаў на вуліцу — што хачу, тое і раблю. Але твая свабода завяршаецца там, дзе пачынаюцца чужыя інтарэсы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Не трэба разумець свабоду так, як нам часта яе падаюць і дыктуюць. Я кажу аб свабодзе ў больш шырокім сэнсе слова”. “Свабода — гэта не беззаконне, гэта спакойнае і ціхае жыццё і парадак у грамадстве. Я хацеў бы, каб на гэтым узроўні разглядалі свабоду, а не ў тым, што не дазваляюць штосьці сказаць. Ды гаварыце, што хочаце! Але навучыцеся слухаць іншых, засвойваць іх вопыт, асабліва старэйшага пакалення”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што яму хацелася б, каб пакаленне моладзі не паўтарала памылак бацькоў, а ўлічвала іх вопыт і ішло сваім шляхам, атрымліваючы максімум ад жыцця.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што “нават у так званай адзінай Еўропе не згасае імкненне народаў да самавызначэння”. У якасці прыкладаў ён прывёў Шатландыю, Бельгію, іспанскую Каталонію. “І практычна няма ніводнай еўрапейскай краіны, задаволенай вынікамі будаўніцтва агульнага еўрапейскага дома, які сёння, як ужо ўсім відавочна, трашчыць па ўсіх швах. І калі б не Германія, разваліўся б гэты агульнаеўрапейскі дом”, — сказаў прэзідэнт.
“Чаму Германія так трымаецца за Еўропу? Рынак. Эканоміка Германіі падобна на беларускую — экспартаарыентаваная. Мы значна менш таго, што вырабляем, спажываем. Трэба прадаць — для гэтага патрэбны вялікі рынак. Так, Германія высокатэхналагічная, але ёй усё роўна патрэбны рынак”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Таму з пункта гледжання будучага асобных нацый і суверэнных дзяржаў я, напэўна, сябе магу назваць гістарычным аптымістам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы ні на якую глабалізацыю, паняцці Радзімы, Айчыны, незалежнасці сваёй зямлі яшчэ вельмі-вельмі рана спісваць у гістарычны архіў, з майго пункта гледжання”.
“Стагоддзі існавання на скрыжаванні ўсходняй і заходняй традыцый дапамаглі Беларусі набыць унікальны духоўны вопыт. Наша нацыянальная ідэя — гэта мір, згода, узаемавыручка ў нашай вялікай агульнай сям’і, імя якой — беларускі народ. Гэта прывычка жыць сваёй працай на сваёй зямлі. Гэта добрасардэчнасць да ўсіх, хто жыве побач з намі і хто прыходзіць да нас з мірам”, — падкрэсліў прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што да гэтага часу ў Беларусі так і не была сфармулявана нацыянальная ідэя. Прэзідэнт прапанаваў прысутным у зале падумаць над гэтым пытаннем. “Можа, наша сённяшняя сустрэча стане гістарычнай і адсюль выйдзе гэтая нацыянальная ідэя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што разуменне гэтага вельмі важнае для маладога пакалення, тых, у чые рукі перадаецца незалежная Беларусь, паколькі менавіта ім трэба зберагчы і прымножыць традыцыі, якія на працягу стагоддзяў жывілі беларускі народ жыццёвай сілай.
Прэзідэнт пацікавіўся ў аўдыторыі меркаваннем аб тым, які лёс суверэнных дзяржаў і нацый у гістарычнай перспектыве.
Студэнты і выкладчыкі ахвотна дыскутавалі з кіраўніком дзяржавы, аргументавана адстойвалі свой пункт гледжання.

Гаворачы аб важнасці захавання памяці аб мінулых пакаленнях, студэнты закранулі пытанне аб аднаўленні гісторыка-культурных помнікаў.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на гэтым этапе для дзяржавы больш важна пабудаваць для мнагадзетных сем’яў кватэры, накіраваць грошы на развіццё аховы здароўя, чым на аднаўленне замкаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што стымуляванне нараджальнасці — гэта найважнейшая праблема, якую неабходна вырашаць. Ён падкрэсліў, што на падтрымку мацярынства дзяржава заўсёды знойдзе сродкі. “Усё гэта рэальна. Але трэба нараджаць дзяцей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў прэзідэнта, дзяржава ўдзяляе сёння вялікую ўвагу адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны. “Так, мы маглі б аднавіць усе замкі за адну пяцігодку, але, на мой погляд (і гэта можа не спадабацца прысутным тут гісторыкам), на гэтым этапе больш важна для тысяч мнагадзетных сем’яў пабудаваць кватэры, чым з руін і попелу аднаўляць замкі”, — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з меркаваннем, што да адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны трэба больш актыўна прыцягваць бізнес, ствараць для яго адпаведныя льготы. “Па шэрагу індывідуальных праектаў мы ідзём на гэта. Але паверце, што прыватнікі не кінуліся аднаўляць замкі. На жаль, многія бізнесмены бачаць у гэтым толькі камерцыйны інтарэс. Таму, прадастаўляючы льготы на аднаўленне таго ці іншага сацыяльнага аб’екта, мы павінны вельмі дакладна агаворваць умовы, каб у выніку (будзе гэта замак, установа аховы здароўя або спартыўны аб’ект) ён адпавядаў свайму прызначэнню”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Што тычыцца такой нацыянальнай гістарычнай каштоўнасці, як Слуцкія паясы, то прэзідэнт падкрэсліў, што зусім нядаўна гаварыў аб іх вяртанні ў Беларусь з Прэзідэнтам Расіі. “Перагаворы ідуць цяжка. Лічу, пытанне мы вырашым, і будзе прыклад вяртання гэтых каштоўнасцей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў Беларусі завяршаецца стварэнне лініі па вытворчасці Слуцкіх паясоў. “Гэта будуць сапраўдныя Слуцкія паясы, зробленыя па тэхналогіі таго часу”, — адзначыў прэзідэнт.

У час сустрэчы зайшла размова таксама аб прэзентацыі і пазіцыяніраванні Беларусі ў свеце.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта вельмі складаны працэс.
“Сёння часта крытыкуюць за Палац Незалежнасці. Але паглядзіце на гэты цэнтр — Плошча сцяга, адноўлены БелЭкспа, дзе мы выстаўляем вышэйшыя дасягненні нашага народа, і Палац Незалежнасці, — сказаў прэзідэнт. — Яны нават не ведаюць, колькі гэта каштуе, за якія грошы пабудавана. Там няма ніводнага бюджэтнага рубля. І што? Дрэнна, што гэта пабудавана? Гэта сімвал. І для краіны, і для любога чалавека гэта вельмі важна. Асабліва цяпер, калі мы хочам прэзентаваць сябе”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Палац Незалежнасці будзе адкрыты для людзей. “Гэта не рэзідэнцыя прэзідэнта. Там, праўда, ёсць адзін рабочы кабінет для прэзідэнта, больш там кабінетаў няма”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў палацы будуць выстаўляцца і падарункі прэзідэнта, карціны, якія Аляксандр Лукашэнка прывёз з краін, якія наведваў. “Але гэтым цэнтрам мы падкрэслілі тое, што мы стварылі сваю дзяржаву”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы, каб у палацы праходзілі важныя і знакавыя для краіны мерапрыемствы, напрыклад, сустрэчы дэлегацый замежных дзяржаў, ушаноўванне мнагадзетных бацькоў, прыём у піянеры дзяцей з усёй рэспублікі.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўсё ў Палацы Незалежнасці зроблена з айчынных матэрыялаў і самімі беларусамі. “Ён дэманструе, на што здольныя нашы людзі. Вось усе гавораць, што многія выязджаюць на заработкі. Але мы ж не закрыем іх тут, у нас не турма, а адкрытая краіна. Вось тыя, якія, так сказаць, засталіся, стварылі такое хараство. І мы будзем гэта паказваць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба цярпліва выбудоўваць дзяржаву, каб жыццё беларусаў і іх дзяцей было добрым.
“Жывём мы так, як жывём. Яшчэ не дасягнулі таго, што трэба”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэтаму ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. Сярод іх — глыбокі крызіс, у якім цяпер знаходзіцца свет. Многія суб’ектыўныя прычыны тояцца непасрэдна ў нас саміх. “Трэба цярпліва ісці да будаўніцтва свайго дома, чаго б гэта ні каштавала, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я да гэтага гатовы. Мне не лягчэй, чым вам. Ці гатовыя вы? Падумайце кожны і зрабіце свой выбар, вызначцеся”.
“Я буду перажываць за нашых беларусаў і выбудоўваць іх жыццё, каб было добра ім і іх дзецям”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пазіцыяніраваць сябе ў свеце вельмі цяжка. “Але калі мы гаворым, што павінны быць па-сапраўднаму суверэннымі і незалежнымі і заўтра, і паслязаўтра і пакінуць сваім дзецям штосьці ў спадчыну, то павінны, сціснуўшы зубы, ісці сваім шляхам. Нам вельмі складана, тым больш што гэта ўсё пераносіцца ў матэрыяльную сферу, эканоміку, і нам ніхто рукі не падасць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта архіскладана, калі ўся ідэалогія аб незалежнасці і суверэнітэце акунаецца ў вір эканамічных і фінансавых праблем”.
“Калі мы гаворым аб тым, што мы хочам быць нацыяй, трэба цярпліва, настойліва, сціснуўшы зубы, да гэтага ісці. Калі проста так хочам пагаварыць, можна пагаварыць, але ведаць аб тым, што мы не будзем нацыяй, значыць, тады трэба і палітыку праводзіць такую, інкарпаравацца ў склад нейкай краіны. Калі мы наогул не хочам і не бачым сябе нацыяй, дык прапаноў шмат”, — адзначыў прэзідэнт.
“Лёс наш у тым, каб, жывучы на гэтай зямлі, праводзіць палітыку ў нашых інтарэсах, вядома ж, не ствараючы праблем суседзям, і бачыць сваё будучае. І кожнае пакаленне павінна да яго ісці. Лепш ціха, спакойна, але калі пачынаюць наязджаць, трэба адказаць без перабору”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
“Калі ласка, прыязджайце, жывіце, купляйце кватэры, інвесціруйце. Але не замахвайцеся на наш кавалак зямлі, які нам падарыў Гасподзь. Гэта беларуская зямля”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Мы не збіраемся бегчы ў НАТА, нават у Еўрасаюз, але мы і нашай брацкай Расіі гаворым: так, вы нашы людзі, мы ўсе падобныя, вы нашы браты-расіяне, але гэта зямля — беларуская”, — падкрэсліў прэзідэнт.

На заканчэнне сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з такіх студэнцкіх аўдыторый заўсёды выносяцца элементы, з якіх потым будуецца няхай не глабальная палітыка, а зямная і жыццёвая.

Па матэрыялах БелТА.