Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пакуль мы ствараем помнікі, пакуль мы прыходзім да помнікаў, мы ваяваць не будзем”

- 11:44Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прыняў удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату.

У час цырымоніі кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, а затым усклалі кветкі да мемарыяла. Пасля гэтага ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.

“Вайна — гэта заўсёды кроў, жах і смерць. У гэтай нечалавечай, жор­сткай рэальнасці бываюць рубяжы, процістаянне на якіх аплачана неймавернай цаной. Ржэў — менавіта такое месца, таму што за ім была сталіца нашай Радзімы і ўся наша вялікая краіна. Тут гарэла зямля, плавіўся камень і крышылася браня, але не здаваўся савецкі салдат. Ішоў урукапашную ў жорсткай схватцы з ворагам, калі заканчваліся па­троны. Сыходзіў крывёю на снезе ў люты мароз. Паміраў, але стаяў насмерць”, — падкрэсліў Аляксандр
Лукашэнка ў час цырымоніі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пада Ржэвам паляглі сотні тысяч герояў, і для кожнага з іх гэта была апошняя пядзя яго роднай зямлі. Гэтак жа, як для іншых воінаў — Брэсцкая крэпасць, Неўскі выступ пад Ленінградам, Буйніцкае поле пад Магілёвам або Мамаеў курган у Сталінградзе.

“Сёння мы адкрываем помнік воінам, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх народаў Савецкага Саюза. Мы аддаём ім свой сыноўскі абавязак, абавязак святой памяці. Пакуль мы ствараем помнікі, пакуль мы прыходзім да помнікаў, мы ваяваць не будзем, мы пазбегнем гэтай страшнай трагедыі. Як толькі мы забудзем дарогу да гэтых святых мясцін — мы абавязкова будзем ваяваць. У гэтым сэнс нашых дзеянняў у гэтыя светлыя святы”, — звярнуў увагу
Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў стваральнікам гэтага грандыёзнага помніка, а таксама кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, ураду Цвярской вобласці, Расійскаму ваенна-гістарычнаму таварыству, творчаму калектыву і ўсім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у будаўніцтве.

Прэзідэнт упэўнены, што мемарыял Савецкаму салдату пада Ржэвам заўсёды будзе сімвалам непарушнай дружбы паміж Расіяй і Беларуссю, месцам усеагульнай гордасці і пакланення перад подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у міжнароднай акцыі “Сад памяці”. Ён і расійскі лідар пасадзілі саджанцы елкі. Акцыя стартавала ў сакавіку 2020 года і прадугледжвае высадку 27 млн дрэў у Расіі і іншых краінах СНД у памяць аб загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з валанцёраў прапанавала кіраўнікам дзяржаў завяршыць гэтую акцыю 22 чэрвеня 2021 года — у дзень 80-годдзя пачатку вайны — у Брэсцкай крэпасці, пасадзіўшы дрэвы ў гонар усіх загінуўшых там. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтую прапанову. “Чакаем”, — сказаў ён.

Затым прэзідэнты наведалі фі­ліял Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны Ржэў­скай бітве, дзе для іх правялі кароткую экскурсію.

Мемарыяльны комплекс узве­дзены ля вёскі Харошава Ржэўскага раёна Цвярской вобласці паблізу федэральнай аўтамабільнай трасы М9 Масква — Рыга. Ён створаны на народныя ахвяраванні па ініцыятыве ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Праект рэалізаваны Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы, Мінкультуры Расіі і ўрада Цвярской вобласці. Мемарыял прысвечаны памяці савецкіх салдат, якія загінулі ў баях пада Ржэвам у 1942—1943 гадах.

Цэнтральным аб’ектам комплексу з’яўляецца 25-метровая скульптура салдата на 10-метровым насыпным кургане.

У комплекс уваходзіць музейна-гістарычны павільён. Музей аснашчаны мультымедыйным абсталя­ваннем, з дапамогай якога на­ведвальнікі могуць азнаёміцца з фатаграфіямі, франтавымі пісьмамі, расказамі, успамінамі ўдзельнікаў Ржэўскай бітвы.