Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Разам мы зможам зрабіць значна больш на карысць нашых краін і народаў, у імя міру і стабільнасці”

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выступлення ў Народнай скупшчыне Сербіі.

“Сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі спадаром Аляксандрам Вучычам я сказаў пра тое, што прыбыў да сваіх блізкіх сяброў, у краіну, з якой нас многае звязвае. Гэта сапраўды тыя пачуцці, якія я і ўся наша дэлегацыя кожны раз зведваем, знаходзячыся ў Бялградзе. Але цяперашні візіт для мяне мае асаблівае значэнне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе краіны адзначылі 25­годдзе дыпламатычных адносін. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за гэты час прой­дзены няпросты гістарычны шлях. “Наша галоўнае дасягненне — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, самастойна вызначаць напрамкі развіцця, якія адпавядаюць духу часу і дзяржаўным інтарэсам”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як 20 гадоў назад наведваў Бялград, каб выказаць падтрымку брацкаму сербскаму народу. “Тады ж, у ходзе жорсткай, бесчалавечнай агрэсіі НАТА супраць суверэннай Югаславіі, загінулі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей. Водгукі гэтай вайны вы перажываеце і цяпер, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — У тыя хвіліны мы былі побач і ўсяляк падтрымлівалі вас. Беларусь пастаянна выступае на баку Сербіі па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Наша пазіцыя застаецца нязменнай ужо доўгія гады і будзе такой надалей”.

На думку прэзідэнта, менавіта чалавечая салідарнасць, суперажыванне, што ідуць ад сэрца, фарміруюць культурную і духоўную еднасць, з’яўляюцца фундаментам беларуска­сербскіх адносін. “Гэта наша вялікая спадчына, якую мы павінны зберагчы і пера­даць сваім дзецям і ўнукам, бо сербы, як і беларусы, не па чутках ведаюць, што такое вайна, яе разбуральныя наступствы і незаменныя страты”, — падкрэсліў ён.

У 2019 годзе краіны адзначылі 75­годдзе вызвалення ад нацызму. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што жывых відавочцаў самай страшэннай трагедыі ў гісторыі чалавецтва з кожным годам застаецца ўсё менш. Таму асабліва важна захаваць па­мяць пра герояў і бязвінных ахвяр вайны. “Гэта трэба зрабіць для нашай жа бяспекі ў імя мірнай будучыні Еўропы і планеты ў цэлым”, — заявіў беларускі лідар.

У Сербіі хутка стартуе кампанія па выбарах у Народную скупшчыну. Прэзідэнт пажадаў дэпутатам паспяхова ­здаць гэты важны экзамен перад народам. “Не змагайцеся адзін з адным. Сербы — гэта адзіная магутная апора, што засталася ад некалі вялікай дзяржавы Югаславіі. Можа, нехта не згодны са мной, што гэта была вялікая краіна, але так нам у Савецкім Саюзе бачылася. Мы вам вельмі зайздросцілі за ваша развіццё, развітую эканоміку, грамадства, парадак, які заўсёды быў у вашай краіне. Вы тады шмат чаго дабіліся, і нашы ўлады да вас часам вельмі раўніва ставіліся, аж да варожасці на нейкіх этапах. Таму будзьце адзіным цэлым, таму што праціўнікаў і ворагаў у сербаў і беларусаў дастаткова. Яны навокал, іх хапае. Трэба супакоіцца, думаць пра гэтую святую зямлю, пра народ”, — падагульніў кіраўнік дзяржавы.

“Зусім нядаўна адбыліся парламенцкія выбары ў Беларусі. Паверце, больш той дэмакратыі і свабоды, у якой праходзілі выбары ў Беларусі, мы не зробім. Мы, напэўна, проста не зможам правесці лепш. Мы ўсяляк стараліся дагадзіць не толькі нашым спонсарам і балельшчыкам на Усходзе, але і ў Еўрасаюзе. І што ў выніку? Адны былі ўражаны вынікамі выбараў, а іншыя сказалі: “Апазіцыя не трапіла ў парламент — бяда, значыць, дрэнна, недэмакратычна, значыць, зноў няма свабоды, дыктатура”. Глупства поўнае! Мы ні на каго не націскалі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што заходнія наглядальнікі загадзя падрыхтавалі негатыўныя справаздачы аб выбарах у Беларусі, а потым толькі падпісалі іх. “Я хацеў, каб было тры­пяць­дзесяць апазіцыянераў, — дадаў ён. — Але як іх правесці, калі ў апазіцыянераў 3,5 працэнта галасоў? Максімум 4 працэнты ў двух чалавек. Як іх можна правесці ў парламент, ды яшчэ дэмакратычным шляхам, як патрабуюць? Іх нават за руку нельга было ўзяць і прывесці”.

На думку прэзідэнта, бяда беларускай апазіцыі ў тым, што яна працуе толькі ў перыяды электаральных кампаній.

На праведзеных парламенцкіх выбарах у Беларусі грамадзяне падтрымалі тых кандыдатаў, якія працуюць і прыносяць карысць грамадству, як упэўнены кіраўнік дзяржавы. “У хо­дзе парламенцкай работы будзе ві­даць, хто якую пазіцыю займае і адстойвае, але я абсалютна перакананы, што гэта адданыя сваёй краіне людзі і патрыёты”, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што заходнім партнёрам не падабаецца палітыка, якую праводзіць Беларусь, таму ў свой час ЗША і Еўрасаюз увялі супраць краіны санкцыі. Аднак з часам яны зразумелі, што гэта была памылка, як звярнуў увагу прэзідэнт. “Яны шукалі прычыну, каб, захаваўшы твар, выйсці з гэтай сітуацыі. І наша пазіцыя па асноўным парадку дня міжнародных адносін стала для свету прымальнай. Сітуацыя рэзка змянілася, і мы сёння спрабуем наладзіць нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, выступаючы катэгарычна супраць усялякіх брэксітаў і супраць яго распаду”, — адзначыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на нарастанне напружанасці ў адносінах паміж краінамі, разладжванне асноў глабальнай бяспекі, павелічэнне колькасці рэгіянальных канфліктаў.

“Беларусь вылучыла ініцыятыву аб абнаўленні шырокага дыялогу ад Атлантыкі да Уладзівастока па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. Лічу, што Сербія будзе ў ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні гэтых праблем. Югаславія ж у свой час была адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. Гэтая арганізацыя дала магчымасць краінам так званага трэцяга свету заявіць пра сябе на міжнароднай арэне, данесці свой голас да вялікіх дзяржаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час прэзідэнт лічыць, што сёння Рух недалучэння існуе фармальна і не аказвае ніякага ўплыву на вялікія дзяржавы. Ён перакананы, што калі вялікія гульцы не могуць дамовіцца, то гэта не азначае, што малыя і сярэднія дзяржавы павінны сядзець склаўшы рукі і пакорна чакаць, пакуль нехта з вялікіх вызначыць іх лёс. “Думаю, голас наш павінен быць чутны. Разам мы зможам зрабіць значна больш на карысць нашых краін і народаў, у імя міру і стабільнасці”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

З іншага боку, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь пастаянна заклікае вырашаць праблемы мірным шляхам, на аснове міжнароднага права. Аднак яго ўжо не існуе, усе дзейнічаюць з пазіцыі сілы, як заявіў прэзідэнт. “Я часам з вышыні пражытых прэзідэнцкіх гадоў пачынаю думаць, ці не пачаўся новы перадзел нашай планеты. І ўсе мы добра ведаем, да чаго гэта можа прывесці”, — дадаў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.