Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Шчасце нарадзіцца і жыць у моцнай і незалежнай дзяржаве”

- 10:53Актуально, Апошнія запісы

15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Такая ўрачыстая цырымонія ўпершыню адбылася ў Палацы Незалежнасці.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі 25 юных беларусаў з розных рэгіёнаў краіны. Усім ім споўнілася па 14 гадоў. Пры гэтым яны ўжо дабіліся значных для свайго ўзросту поспехаў у вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай, спартыўнай, культурнай дзейнасці, спрабу­юць свае сілы на алімпіядах, творчых конкурсах, спаборніцтвах.

Цырымонія праходзіла ў зале ўручэння даверчых грамат Палаца Незалежнасці, дзе прэзідэнт звычайна прымае замежных дыпламатаў. Гэта надало мерапрыемству асаблівую значнасць і ўрачыстасць.

Аляксандр Лукашэнка цёпла і шчыра павіншаваў прысутных са святам — Днём Канстытуцыі і асабіста ўручыў кожнаму навучэнцу пашпарт і кнігу “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

“Сімвалічна, што ў той год, калі вы з’явіліся на свет, нашай маладой дзяржаве таксама споўнілася ўсяго 14 гадоў. Бачыць сёння вас, такіх мэтанакіраваных, паспяховых і таленавітых, — дастойных дзяцей нашай суверэннай Беларусі — шчасце не толькі для вашых бацькоў, але і для ўсяго беларускага народа, і перш за ўсё для мяне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для ўсіх, хто стаяў ля вытокаў стварэння незалежнай краіны, вы самая вялікая каштоўнасць”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў кожным з юных удзельнікаў цырымоніі ўвасабляецца шматвяковая мара нашых продкаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі. “Для вас гэта мара стала рэальнасцю. Вы вывучаеце гісторыю краіны і напэўна разумееце, якое гэта шчасце нарадзіцца і жыць у моцнай і незалежнай дзяржаве”, — адзначыў прэзідэнт.

Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка назваў іх і іх равеснікаў пакаленнем новай фармацыі, грамадзянамі свету па сваім светапоглядзе. “Лічбавая рэальнасць, якая стала часткай вашага штодзённага жыцця, даўно сцерла геаграфічныя межы і бар’еры ва ўзаемадзеянні, такія як адлегласць, культурныя і моўныя адрозненні. Але вы заўсёды павінны помніць, што ваша Радзіма, ваш родны дом — гэта ваша родная Беларусь, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Сувязь з роднай зямлёй, сваімі каранямі — гэта тое, што будзе заўсёды насычаць вас жыватворнай энергіяй, даваць вам сілы на выкананне
вашых самых запаветных жаданняў”.

Прэзідэнт заўважыў, што, атрымліваючы пашпарт, падлеткі ­робяць першыя крокі ў дарослае ­жыццё. “Гэты дакумент сімвалізуе пачатак новага этапу самастойнага жыцця, насычанага цікавымі і значнымі падзеямі. У тым ліку і палітычнымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пройдзе зусім няшмат часу, і вы ўжо будзеце прымаць важныя рашэнні ў гісторыі Беларусі, стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў. Будзеце ствараць будучае краіны, думаць пра яе дабрабыт, пра тое, што пакінеце сваім дзецям. А значыць, зробіце ўсё магчымае, каб захаваць нашы духоўныя каштоўнасці, культурны здабытак і самае галоўнае — мір на сваёй зямлі”.

Юныя грамадзяне Беларусі акрамя пашпартоў і кніг ад кіраўніка дзяржавы атрымалі ў гэты святочны дзень магчымасць прайсціся з экскурсіяй па Палацы Незалежнасці — аднаму з сучасных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту.

(Па матэрыялах БелТА.)
Фота БелТА.