Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру і забеспячэнне яго ўстойлівага развіцця”

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Значнасць Мінска ў якасці зручнай перагаворнай пляцоўкі ўзрастае. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на міжнароднай экспертнай канферэнцыі “Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх”.

“Невыпадкова гэтае мерапрыемства праходзіць у Мінску. Тут ужо традыцыйна прадстаўнікі розных краін і рэгіёнаў планеты могуць у абсалютна спакойнай абстаноўцы і поўнай бяспецы абмяркоўваць абсалютна любыя, нават самыя вострыя, пытанні. Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы краіны, павазе да замежных партнёраў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы, узрастае яго значнасць як зручнай пляцоўкі для любых перагавораў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў удзел у канферэнцыі экспертаў, вучоных і прадстаўнікоў краін Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі, ЗША і Кітая. “Гэта пацвярджае глабальнасць праблем, што разглядаюцца вамі. Паколькі размова ідзе пра канцэптуальныя аспекты міжнароднай бяспекі, канкрэтныя “гарачыя” і “замарожаныя” канфлікты”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, мінская экспертная пляцоўка прызначана садзейнічаць абмену меркаваннямі, аргументаванай дыскусіі і пачатку дыялогу, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў міжнародных адносінах.

“Любы разважлівы чалавек пацвердзіць, што сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру і забеспячэнне яго ўстойлівага развіцця. Таму неабходна выпрацаваць і прадставіць палітыкам дакладныя прапановы, як гэта зрабіць з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў. Яшчэ лепш, калі вашы ідэі будуць уздзейнічаць на шырокую грамадскую свядомасць. Для многіх людзей відавочна, што з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога глыбокага сістэмнага крызісу”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Форум “Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх” праходзіў у Мінску 23—25 мая. Яго арганізатарам выступіла экспертная ініцыятыва “Мінскі дыялог”.Мерапрыемства павінна пакласці пачатак штогадоваму адкрытаму маштабнаму дыялогу паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая. Мінск прадаставіў якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучаснасці і будучыні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

У форуме прынялі ўдзел 350 экспертаў і афіцыйных асоб больш як з 40 краін. Сярод спікераў — Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, намеснік памочніка Генеральнага сакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймс Апатурай, экс-генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, генеральны дырэктар сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майра Мора, экс-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, які павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. “Не мае значэння, як ён будзе называцца — новы Хельсінкскі працэс, “Хельсінкі-2” ці яшчэ як-небудзь. І не важна, дзе ён будзе праходзіць. І зусім не важна, хто тут ініцыіруе гэты працэс. Мы ўсе павінны яго ініцыіраваць, таму што мір даражэйшы за ўсё. Важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што сярэднія і малыя краіны не павінны адыгрываць ролю статыстаў у сусветнай палітыцы.

“У выніку непрымірымасці пазіцый ключавых гульцоў менавіта сярэднія і малыя краіны атрымліваюць унікальную магчымасць ініцыіраваць прапановы па дыялогу і мерах даверу. Неабходна ёй скарыстацца, а не адыгрываць ролю статыстаў або саюзнікаў па ваенна-палітычных блоках, такіх як НАТА або АДКБ, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба ў добрым сэнсе парушыць манаполію дыялогу па гэтых пытаннях толькі паміж вялікімі краінамі”.

“Калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў. Упэўнены, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, існуючых паміж Усходам і Захадам, стаць месцам урэгулявання злабадзённых праблем. Перш за ўсё такіх, як украінскі крызіс”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Беларусь — суверэнная дзяржава і дакладна ўсведамляе сваё становішча на міжнароднай восі каардынат, — адзначыў беларускі лідар. — Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі і ўсяго Усходу. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Проста наша становішча дае адказ на гэтае пытанне. Мы гэтае месца жыхарства беларускага народа не выбіралі — так Бог вызначыў. Адсюль наша і знешняя палітыка, і пазіцыя наогул”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што саюзніцкія адносіны Беларусі з Расіяй, арыентацыя на інтэграцыю ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза ні ў якой меры не ўшчамляюць інтарэсаў краін Еўропы. І наадварот — развіццё адносін з Еўрасаюзам, ЗША, Захадам не супярэчыць дынаміцы цеснага ўзаемадзеяння на Усходзе, а служыць стварэнню зоны даверу.

“Знешнепалітычныя ініцыятывы Беларусі шырока і абсалютна вядомы. Гэта пашырэнне ідэй партнёрства інтэграцыйных аб’яднанняў у вялікай Еўропе, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні бяспекі і супрацоўніцтва. Яны з’яўляюцца лагічным адлюстраваннем аб’яднальнага парадку дня, які Мінск прапануе іншым членам сусветнай супольнасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. Гэты кампанент павінен быць пакладзены ў аснову ўсяго. Будзе развівацца эканоміка ў дзяржавах, будуць мець людзі рабочае месца, а значыць, і хоць нейкія даходы для таго, каб задаволіць свае патрэбнасці ў сваёй сям’і, — будзе мір. Гэты падыход мы мэтанакіравана падтрымліваем на ўсіх узроўнях, уключаючы АБСЕ”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што для забеспячэння неканфрантацыйнага і ўстойлівага развіцця рэгіёна на фоне ўзрастаючага геапалітычнага процістаяння многія дзяржавы недаацэньваюць рэалізацыю шматузроўневых інтэграцыйных праектаў.

“Знаходзячыся на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. Трэба пераходзіць ад абстрактных размоў да канкрэтнага ўзаемадзеяння. Агульных інтарэсаў вельмі шмат: у эканоміцы, энергетыцы, экалогіі, гуманітарным супрацоўніцтве, транспарце, лагістыцы, у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю, наркаманіяй, гандлем людзьмі і гэтак далей”, — прывёў прыклады кіраўнік дзяржавы.

Менавіта праз іх крок за крокам можа выбудоўвацца мадэль збліжэння двух найбуйнейшых інтэграцыйных утварэнняў і напрацоўвацца ўзаемны давер, перакананы Аляксандр Лукашэнка. “Лічым, што гэта нясе вялізныя выгады для ўсяго кантынента — ад Атлантыкі да Ціхага акіяна”, — заўважыў ён.

“Не павінны з’яўляцца новыя раздзяляльныя лініі, а ўрэгуляванне зацяжных канфліктаў можа адбывацца пры дапамозе шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Такую логіку неабходна проціпастаўляць тым, хто распаўсюджвае меркаванне, што Захад і Усход не патрэбны адзін аднаму”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краінам трэба зноў навучыцца слухаць і чуць аргументы адна адной, быць гатовымі да разумных кампрамісаў. “Гавару і пра расійскіх, і еўрапейскіх, амерыканскіх, кітайскіх партнёраў. Пра вялікія і малыя краіны, блізкіх і далёкіх суседзяў”, — дадаў беларускі лідар.

“Апошнім часам нас пачынаюць папракаць, што мы нібыта рвёмся ў міратворцы. Мы нікуды не рвёмся. У нас сваіх праблем больш, чым дастаткова. Але я ўжо сказаў пра нашу зацікаўленасць у спакоі ва Украіне. Калі ва Украіне не будзе міру, будзе горача не толькі нам, але і ўсім вам. Гэты канфлікт як мага раней трэба не проста пагасіць — ліквідаваць. І ў гэтым вы можаце на нас разлічваць. Мы зробім усё, пра што дамовяцца канфліктуючыя бакі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на Данбасе прадаўжаюць гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, да гэтага часу цалкам не выкананы ні адзін пункт мінскіх пагадненняў.

“Украіна — не проста наш сусед. Як і расіяне, гэта брацкі нам народ. Мы за кароткі прамежак часу прынялі ў сябе больш за 150 тысяч украінскіх перасяленцаў і іх сем’яў. Дапамагаем ім у працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. Аказваем гуманітарную дапамогу людзям па абодва бакі “лініі размежавання” на Данбасе, — адзначыў беларускі лідар. — У якім фармаце ні праходзілі б перагаворы — “нармандскім”, трохбаковай кантактнай групы, двухбаковым “Волкер — Суркоў”, — бакі заўсёды могуць разлічваць на садзейнічанне Беларусі”.

Прэзідэнт перакананы, што адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак — адмовіцца ад эмоцый, крыўды, забабонаў, прадузятасці, узаемных абвінавачанняў і вярнуцца да дыялогу.

“Вялікім геапалітычным гульцам пара задумацца пра стан сучасных міжнародных адносін, якія ўжо вельмі нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У ліку яе прычын Федэральны прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў “хісткасць фундаменту” адносін паміж вялікімі дзяржавамі, а таксама “адсутнасць волі і інструментаў для фарміравання даверу і мірнага балансу інтарэсаў”.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што некаторыя палітыкі ўжо забылі і жахі Другой сусветнай вайны, якая скончылася не так даўно.

Прэзідэнт выказаў занепакоенасць перш за ўсё адсутнасцю гарантый недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту, няхай нават ненаўмыснага. Ва ўмовах глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый у свеце прынцыповыя супярэчнасці паміж дзяржавамі накопліваюцца і прымаюць вострую форму.

“На авансцэну зноў выходзіць стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж вядучымі краінамі. Зноў, няхай і знайшоўшы зручную прычыну, яны робяць стаўку на сілу, у тым ліку ваенную, як адзін з відаў пашырэння сваіх інтарэсаў. Прамое і ўскоснае парушэнне міжнароднага права, пагарджанне ім становіцца практыкай, якая пужае, якая апраўдваецца аналагічнымі дзеяннямі апанентаў”, — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паміж Захадам і Расіяй набіраюць абароты санкцыйнае і інфармацыйнае проціборства, гандлёвыя войны. Нагнятаецца сітуацыя паміж ЗША, Еўрасаюзам і Расіяй, у што ўцягваюць і Кітай. Актыўна раскручваецца махавік гонкі ўзбраенняў.

Прэзідэнт адзначыў, што найважнейшай адметнасцю сённяшняй сітуацыі з’яўляецца непрадказальнасць, калі нават так званыя чырвоныя лініі ўжо нікога не спыняюць.

Акрамя таго, разам з беспрэцэдэнтным ростам тэрарызму і колькасці рэгіянальных канфліктаў, магутнымі сацыяльна-эканамічнымі дысбалансамі, фундаментальнымі пагрозамі дэмаграфічнага і экалагічнага характару з’яўляюцца новыя выклікі, якія “муціравалі”. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы згадаў электронныя і лічбавыя метады, якія выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе і медыяпрасторы, кіберуздзеянне.

“Нават вялікі спорт, уключаючы Алімпійскія гульні, якія некалі былі сімвалам прымірэння, зноў становіцца разменнай манетай у палітычных гульнях. Мы нават паспелі забыць пра такі від супрацьстаяння”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы напрыканцы выступлення адзначыў, што ўсё, пра што гаварылі на канферэнцыі прадстаўнікі розных бакоў, з’яўляецца праўдай. “Гэта факт. Нікуды не дзенешся. І калі мы будзем лоб у лоб настойваць на тым, што было сказана, — не знойдзем рашэння ні адной праблемы. Цяжка адкласці, вынесці за дужкі або падвесці рысу пад тым, што сказана і што было. Але трэба. Можа, многае вынесці за дужкі і вызначыць тыя кропкі, дзе мы можам знайсці агульнае і атрымаць вынік”, — сказаў ён.

“Вось у гэтым напрамку прыязджайце ў Мінск у любы час з любымі палітычнымі перакананнямі. Вам здавалася, што ў Мінск нельга прыехаць, таму што тут не церпяць альтэрнатыўнага пункту гледжання. Вы будзеце прыемна расчараваны, пабываўшы тут, асабліва тыя, хто першы раз. Тут якраз не праводзяць нараду, калі няма розных і нават альтэрнатыўных пунктаў гледжання. Прыязджайце, абмяркоўвайце. Калі з майго боку што-небудзь патрэбна будзе для гэтага — скажыце. У напрамку міру я гатовы ісці”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае — захаваць мір. “Мы пераконваем адзін аднаго, як добра, калі мір, як важна, каб гэты мір быў. Вось вы цяпер выйдзеце на вуліцу і пагледзіце вакол: прырода, сонца, паветра добрае, людзі задаволены, што спакойна і мірна. Я кажу не толькі пра Беларусь, а пра любую краіну. Няўжо гэта хочацца каму-небудзь разбурыць? Навошта? Каб зноў мільёны людзей гінулі? Усё гэтым сказана. Давайце захаваем гэта”, — заклікаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, многія ўжо забылі, што такое вайна, і ў свеце застаецца ўсё менш сведкаў тых падзей. “Ну дык давайце будзем верыць тым, хто яшчэ застаўся жывы, і гаворыць пра гэтую вайну, як пра жах і трагедыю. І не дапусцім яе. Мір настолькі няўстойлівы, што адзін няправільны крок, і палыхне, запалае вайна. І там ужо ніхто не будзе гаварыць пра прычыны, хто вінаваты… Мы будзем забіваць адно аднаго. Навошта, дзеля чаго?” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

“Давайце будзем жыць, гадаваць дзяцей, адукацыю ім даваць добрую, будзем ствараць. Вось і ўсё. І ў гэтым напрамку трэба рабіць захады, а не ўспамінаць, хто што зрабіў і хто куды рушыў. Давайце адыдзем ад гэтага і зробім канкрэтныя захады”, — дадаў прэзідэнт.