Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба біцца, змагацца за свае рынкі, утрымліваць іх і эфектыўна прадаваць той прадукт, які мы вырабляем”

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад кіраўніцтва Віцебскай вобласці выразна бачыць стратэгію рэгіянальнага развіцця. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час наведвання ААТ “Нафтан”.

“Трэба вырашаць праблемы, бачыць стратэгію. Павінна быць пэўная стратэгія, як вы спрабуеце або спрабавалі (ужо, можа, адышлі) выбудаваць стратэгію ў сельскай гаспадарцы: калі вы ведаеце, дзе пабудаваць комплекс на цэлы раён або на два, дзе нешта аб’яднаць, раз’яднаць і ў выніку атрымаць эфект не толькі ў вытворчасці, але і ў эканоміцы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне створаны ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, цяпер трэба думаць пра развіццё стратэгічных галін і прадпрыемстваў. “У свой час мы пачалі мадэрнізаваць дрэваапрацоўку, у вас нямала зрабілі, — прывёў ён прыклад. — Калі вы тут не працуеце на мадэрнізаваных прадпрыемствах, то гэта наогул дрэнна для вас, міністра і ўрада. Гэта стратэгічны напрамак, але гэта не ваша прыдуманая стратэгія. Некалі цераз калена я ўсіх прымусіў мадэрніза­ваць дрэваапрацоўку. Крычалі, лямантавалі — сёння дрэваапрацоўка дае вынік у цэлым па краіне”.

Аб сацыяльна-эканамічным раз­віцці рэгіёна кіраўніку дзяржавы далажыў губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў. Паводле яго слоў, стан спраў у вобласці стабільны, аднак паказчыкі маглі б быць вышэйшыя, калі б “Нафтан” быў больш загружаны і працаваў больш рэнтабельна. Многае ў рэгіёне залежыць менавіта ад гэтага прадпрыемства. “Як толькі прасаджваюцца нейкія пытанні на “Нафтане”, вядома, сур’ёзна падаюць у цэлым аб’ёмы сацыяльна-эканамічнага развіцця”, — заўважыў Мікалай Шарстнёў.

Ён падкрэсліў, што апошнія гады Віцебская вобласць імкнецца адысці ад прамой залежнасці ад магутных прадпрыемстваў і нафтахімічнага комплексу ў цэлым. “Пастаянна залежаць ад іх стану не зусім правільна”, — лічыць губернатар.

У сваю чаргу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка акцэнтаваў увагу, што ў Віцебскай вобласці ёсць добрая база і структура прамысловасці. Аднак многія прадпрыемствы загружаны не поўнасцю і маюць патрэбу ў сыравіне. “Нарошчванне аб’ёмаў і зніжэнне затрат — найважнейшая задача”, — упэўнены ён.

На прадпрыемстве прэзідэнту таксама далажылі аб развіцці нафта­перапрацоўчага завода. Затым ён азнаёміўся з сучаснымі метадамі кіравання вытворчасцю, наведаўшы на прадпрыемстве некалькі аб’ектаў.

У час наведвання ААТ “Нафтан” прэзідэнт акцэнтаваў увагу кіраўніцтва айчынных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў на неабходнасці выключна ў дзелавым ключы вырашаць пытанні па кампенсацыі страт у выніку пастаўкі ў Беларусь некандыцыйнай расійскай нафты.

Было адзначана, што забруджаная нафта дайшла на НПЗ у Мазыры, а на “Нафтане” паспелі зрэагаваць, але была значна зніжана загрузка прад­прыемства. “Ты камерсант, ты кіраўнік прадпрыемства, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да гендырэктара “Нафтана” Аляксандра Дзямідава, — для цябе павінен быць максімальны эфект, не важна адкуль: або ў вытворчасці, або прадаў даражэй — за кошт маркетынгу, або за кошт кампенсацыі ўрону”.

“Не трэба крычаць, насту­паць і іншае, але свае інтарэсы трэба захоў­ваць. Але поўзаць на каленях не трэба. Трэба садзіцца і па-дзелавому вырашаць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што бачыць у СМІ інфармацыю аб тым, што шэраг міжнародных кампаній прад’яўляе Расіі ўрон на суму да $800 млн. “Але мы больш за ўсё пацярпелі. А нам ка­жуць: “Ну што там беларусы — яны нічога не страцілі. Як так?!” Таму трэба сачыць і глядзець, чаму яны, напрыклад, плацяць $800 млн урону, а мы больш за ўсіх пацярпелі, але $20 млн”, — сказаў прэзідэнт.

Як паведамлялася, “Белнафта­хім” 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагар­шэнні якасці расійскай нафты Urals, што паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ “Гомельтранснафта Дружба”. Колькасць хлорарганічных злучэнняў у складзе нафты перасягала ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі НПЗ і ААТ “Нафтан” — вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты. 23 мая была канчаткова ўзгоднена беларуска-расійская дарожная карта па выцясненні з тэрыторыі Беларусі няякаснай расійскай нафты.

На базе ААТ “Нафтан” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях мадэрнізацыі беларускіх НПЗ і павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў нездавальненне эфектыўнасцю продажаў беларускіх тавараў за мяжой. Ён прывёў у прыклад адзін з выпадкаў ва Украіне. Знаходзячыся з візітам у гэтай краіне, ён пацікавіўся, наколькі папулярныя тут беларускія нафтапрадукты. Аказалася, што мясцовыя вадзіцелі незадаволены адсутнасцю на рынку паліва з Беларусі.

“Прадукт якасны, але, як заўсёды, кульгаюць продажы. Трэба навучыцца гандляваць сваім прадуктам. Трэба біцца, змагацца за свае рынкі, утрымліваць іх і эфектыўна прадаваць той прадукт, які мы вырабляем. У прыватнасці нафта­прадукты. Але такая бяда і па іншых таварах, якія мы вырабляем”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што з моманту апошняй нарады, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з мадэрнізацыяй НПЗ і нафтаперапрацоўкай у цэлым, мінула два гады. “Гэта было ініцыіравана вамі — спецыялістамі і кіраўнікамі нафтаперапрацоўчай галіны”, — адзначыў ён. Прыкладна столькі ж часу мінула і з моманту назначэння новых кіраўнікоў “Нафтана” і Мазырскага НПЗ, дзе прэзідэнт таксама плануе пабываць у бягучым годзе.

“Пры назначэнні мы прадметна і дасканала вывучылі ўсе аспекты стабільнай работы галіны, вызначылі напрамкі, задачы і тэрміны. Асабліва востра стаялі пытанні забеспячэння фінансавання мадэрнізацыі. Гэтыя праблемы сёння вырашаны на адным і на другім заводзе. Усё астатняе залежыць ад кіраўніцт­ва гэтых прадпрыемстваў, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Усё, аб чым урад і кіраўнікі НПЗ прасілі ў мяне для завяршэння мадэрнізацыі, было падтрымана на 100 працэнтаў. Гэта сведчыць аб важнасці той работы, якую мы праводзім”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: гаварыць аб тым, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі залежаць непасрэдна ад нафтаперапрацоўчых заводаў, нельга. Аднак эфектыўная работа гэтых прадпрыемстваў — ад зін з даволі сур’ёзных фактараў стабільнасці эканомікі краіны. “Няма эканомікі — няма дзяржавы”, — рэзюмаваў прэзідэнт.