Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба больш актыўна пераадольваць холад блокавага процістаяння пашырэннем ідэі “інтэграцыі інтэграцый”

- 10:24Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні правёў нараду з кіраўніцтвам урада і вышэйшых дзяржаўных органаў, на якой абмяркоўваўся ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі.

Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу праводзіць розныя адкрытыя і закрытыя нарады, сустрэчы і кансультацыі па актуальных пытаннях. “Яны будуць пакладзены ў аснову некаторых заяў ад імя прэзідэнта”, — растлумачыў ён.

Вынесеныя на абмеркаванне пытанні, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, маюць стратэгічнае значэнне для дзяржавы. “У нашы дні ні адна краіна, нават такія супердзяржавы, як Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, ды і Расія, не могуць забяспечваць сваё ўстойлівае развіццё самастойна, ізалявана адна ад адной і ад усяго свету”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Ён заўважыў, што ў свеце існуе мноства розных аб’яднанняў, якія прызначаны садзейнічаць эканамічнаму развіццю, захаванню бяспекі і гарантаваць захаванне жыццёвага ўзроўню грамадзян. “У многіх з іх мы ўдзельнічаем, з іншымі — супрацоўнічаем. Але як? Наколькі гэта выгадна для беларускага народа? Ці эфектыўна мы выкарыстоўваем механізмы для адстойвання сваіх інтарэсаў?” — задаўся пытаннямі кіраўнік дзяржавы.

Аб саюзным будаўніцтве

Пачаў прэзідэнт з адносін з Расіяй, нагадаўшы, што яе кіраўніцтва прапанавала перагледзець падыходы да інтэ­грацыі. “Мы да гэтага гатовы”, — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэн­ка дадаў, што на ўзроўні ўрадаў былі створаны рабочыя групы для падрыхтоўкі адпаведных прапаноў.

Праўда, аб выніках гэтай работы невядома. Напрыклад, 4 сакавіка міністр эканомікі Дзмітрый Крутой паведаміў журналістам, што Беларусь пакуль не атрымлівала ад расійскіх калег якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі ў рамках работы сумеснай групы па інтэграцыі.

“Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Беларусь захоўвае абсалютную прыхільнасць да ідэі саюзнага будаўніцтва (я хачу, каб гэта перш за ўсё пачулі нашы прыхільнікі і апаненты ў Расій­скай Федэрацыі). Пры гэтым асноўны прынцып гэтага праекта — аднолькавыя ўмовы для нашых грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. На іншых прынцыпах саюз не магчымы, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І гэты прынцып аднолькавых умоў павінен няўхільна выконвацца. Пастулат суверэнітэту таксама застаецца для Беларусі непарушным”.

У той жа час прэзідэнт лічыць, што многія палітыкі ў Расіі самі не хочуць глыбокай інтэграцыі з Беларуссю. Адсюль розныя ўкіданні і прапановы ад іх, якія беларускі бок у прынцыпе прыняць не можа.

Аб еўразійскай інтэграцыі

Не сакрэт, што многія эканамічныя пытанні з парадку дня Саюзнай дзяржавы перанесены на пляцоўку ЕАЭС, з якой сёння таксама не ўсё так адназначна. Прэзідэнт незадаволены, што “працэс еўразійскай інтэграцыі паварочваецца назад, калі ўжо не павярнуўся”. Зноў даводзіцца разбірацца з бар’ерамі, выключэннямі і абмежаваннямі.

“Можа, неабходна вярнуцца да пакетнага прынцыпу ў вырашэнні вострых пытанняў, а таксама пры ўстараненні бар’ераў і абмежаванняў?” — разважае кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, адказ на гэтае пытанне важны для будучай еўразійскай інтэграцыі.

Аб эканамічным складніку СНД

Яшчэ шырэй за ЕАЭС — рэгіён СНД. І хоць аб самой Садружнасці рэдка гавораць як аб эканамічнай арганізацыі, гэта ключавы і прывычны рынак для Беларусі, дзе добра ведаюць і цэняць яе прадукцыю.

“Таму эканамічны складнік з’яўляецца прыярытэтам работы ўрада. Паколькі пляцоўка СНД для многіх постсавецкіх краін з’яўляецца адзіным аб’яднальным звяном, магчымасцю хоць неяк выбудаваць адносіны”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Шматбаковая зона свабоднага гандлю ў СНД стала цэнтральным элементам эканамічнай канфігурацыі Садружнасці. У мінулым годзе беларускі экспарт у краіны Садружнасці (не лічачы Расію) прырос на 25 працэнтаў і дасягнуў $5,8 млрд. Прычым найбольшы прырост адбыўся ва Украіну.

У мэтах развіцця дагавора аб зоне свабоднага гандлю цяпер вядзецца работа над пагадненнем аб свабодным гандлі паслугамі, у якой удзельнічаюць сем краін: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія і Таджыкістан. У лютаўскіх перагаворах экспертаў упершыню прыняў удзел Узбекіс­тан.

Аб сітуацыі ў АДКБ

Яшчэ адна важная арганізацыя, але ўжо ваенна-палітычная, на еўразійскай прасторы — АДКБ. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з улікам сусветных тэндэнцый яе запатрабаванасць не выклікае сумненняў. “Гэта найважнейшы напрамак цяпер, дзе павінны быць сканцэнтраваны нашы намаганні ў выніку тых тэндэнцый, якія развіваюцца ў ваенна-палітычнай сферы на планеце ў цэлым. Асабліва пасля таго, як абедзве найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы выйшлі з дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці”, — сказаў прэзідэнт.

Галоўнае пытанне, якое да гэтага часу не знята з парадку дня ў АДКБ, — прадстаўнік якой краіны павінен заняць пасаду генеральнага сакратара. “Узнікла нездаровая сітуацыя”, — коратка ахарактарызаваў праблему прэзідэнт.

Эпапея са, здавалася б, звычайным пытаннем — назначэнне генеральнага сакратара АДКБ — працягваецца не а­дзін, не два і не тры месяцы. Аднак кансэнсус да гэтага часу не знойдзены.

Аб супрацоўніцтве з ЕС

У апошнія гады Беларусь паспяхова наладжвае дыялог са сваім другім найбуйнейшым партнёрам — Еўрапейскім саюзам. Растуць інвестыцыі, павялічылася дадатнае сальда ў гандлі (з $1,2 млрд у 2017 годзе да $3 млрд у 2018 годзе), развіваюцца кантакты ў розных сферах, адбылося некалькі двухбаковых візітаў на высокім узроўні, набывае прагматычны характар “Усходняе партнёрства”.

Мінулы год стаў рэкордным і па аб’ёме супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.

“Вось гэтае супрацоўніцтва з Захадам сёння выклікае нейкую алергію і часам істэрыку ў нашага галоўнага партнёра — Расійскай Федэрацыі, у асобных палітыкаў. Хочацца спытаць: чаго вы істэрыце? Нашу прадукцыю на рынак не пускаюць, нахлебнікамі абзываюць, выпіхваюць, ціснуць, дзе толькі можна. Нам што, схавацца пад плінтус і там сядзець? Як схаваешся: дзесяць мільёнаў чалавек і краіна, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог? Калі перад намі зачыняюць дзверы адны, другія, трэція, мы шукаем чацвёртыя для таго, каб нармальна існавала дзяржава”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

І нават пры гэтым, падкрэсліў ён, Беларусь ніхто не можа папракнуць у тым, што яна нібыта некуды павярнулася. “Мы ў такой сітуацыі, што нам трэба пастаянна круціць галавой”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

“Але лёд у адносінах з Еўрапейскім саюзам не растаў”, — прызнае Аляксандр Лукашэнка. Брусель падоўжыў некаторыя санкцыі, няхай і сімвалічныя, да гэтага часу адсутнічае паўнацэнная дагаворна-прававая база адносін.

Беларусь і Еўрасаюз вядуць перагаворы па сумесных прыярытэтах партнёрства да 2020 года. На завяршальнай стадыі знаходзяцца перагаворы аб заключэнні пагадненняў па рэадмісіі і спрашчэнні візавых працэдур. Падпісанне гэтых дакументаў кіраўнік дзяржавы назваў найбліжэйшымі задачамі. “Аднак еўрапейцы павінны разумець, што любыя чужыя нашаму народу ідэі і размены ва ўрон нацыянальным інтарэсам для нас непрымальныя”, — папярэдзіў прэзідэнт.

Аб адносінах з НАТА

Тры дзяржавы, якія мяжуюць з Беларуссю, з’яўляюцца членамі Паўночнаатлантычнага альянсу. Акрамя таго, туды імкнецца Украіна. “Вельмі моцна”, — заўважыў Аляксандр Лукашэн­ка.

Такая сітуацыя, паводле яго слоў, — пэўны выклік і пажыўнае асяроддзе для канфрантацыі, асабліва ва ўмовах заклікаў і планаў па ўзмацненні ваеннай прысутнасці. “Ні нам, ні нашым суседзям, упэўнены, новыя раздзяляльныя лініі не па­трэбны. Таму трэба наладжваць узаемапаважлівыя адносіны з НАТА, якія ў канчатковым выніку ўмацоўвалі б бяспеку нашай краіны, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Мы з імі павінны размаўляць, мы не павінны на іх глядзець, як на ворагаў. Наогул, нам трэба больш актыўна пераадольваць холад блокавага процістаяння пашырэннем ідэі “інтэграцыі інтэграцый”.

Аб уступленні ў СГА

Беларусь мае ўнікальнае геапалітычнае становішча — на стыку ЕАЭС і ЕС. Яно абавязана прыносіць краіне карысць, падкрэсліў прэзідэнт. “У ідэале заходні і ўсходні вектары беларускай знешняй палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Да балансу мы прый­дзем толькі тады, калі рынак Еўрасаюза для нас ператворыцца ў рэальную альтэрнатыву расійскаму не на паперы, а на справе, па канкрэтных выніках”.

Гэта, паводле яго слоў, у роўнай ступені адносіцца і да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. “Не трэба туды ўступаць дзеля таго, каб уступіць. Я не падпішу ні адзін дакумент па ўступленні Беларусі ў СГА, пакуль мне на стол не будуць пакладзены канкрэтныя перавагі ад гэтага ўступлення”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пасяджэнні рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі аднавіліся ў Жэневе ў 2017 годзе. Эксперты перайшлі ўжо ад зводнай справаздачы да праекта даклада рабочай групы — падагульняючага дакумента, у якім будуць адлюстраваны абавязацельствы Беларусі. Гэта значыць, перагаворы перайшлі ў заключную стадыю. Да канца года ў штаб-кватэры СГА пройдуць яшчэ два пасяджэнні рабочай групы.

Беларусь завяршыла двухбаковыя перагаворы па доступе на рынкі з 20 краінамі — членамі арганізацыі, працягваюцца сустрэчы яшчэ з 6 удзельнікамі СГА: ЗША, ЕС, Аўстраліяй, Бразіліяй, Канадай і Украінай.