Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба будаваць бяспечна. Але празмернасцей быць не павінна”

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным вярнуцца да тэмы норм у будаўніцтве, каб яны не былі залішнімі. Адпаведныя даручэнні даваліся раней, і трэба пракантраляваць іх выкананне, сказаў кіраўнік дзяржавы ў час наведвання ААТ “Белгіпс”.

Прэзідэнт нагадаў, што даручаў перагледзець нарматыўна-прававую базу ў будаўніцтве яшчэ 10—12 гадоў назад у плане адмаўлення ад залішняга і празмернага нармавання і пераходу да еўрапейскіх стандартаў. “У нас замест лёгкіх канструкцый — бэлькі, жалезабетон. Пустым займаліся, трацілі велізарныя грошы”, — адзначыў беларускі лідар.

Дарэчы, больш эканомныя падыходы выкарыстоўваліся ўжо раней, напрыклад пры будаўніцтве спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пасля выбараў трэба сур’ёзна вярнуцца да гэтага пытання. “Трэба разняволіць там, дзе патрэбна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што бяспека людзей пры гэтым не павінна пацярпець. “Трэба будаваць бяспечна. Але празмернасцей быць не павінна. Гэта галоўнае”, — заявіў ён.

На прадпрыемстве Аляксандру Лукашэн­ку расказалі, як сёння развіваецца айчынная прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый. Паводле слоў віцэ-прэм’ера Уладзіміра Кухарава, патрэбы беларускага будаўнічага комплексу ў масавых матэрыялах забяспечваюцца ў поўным аб’ёме. Арганізацыі Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ў 2019 годзе экспартавалі прадукцыі больш як на $383 млн.

“Майце на ўвазе: у вас тысяча сто прадпрыемстваў (няважна, прыватныя яны, дзяржаўныя, камунальнага ўзроўню) — яны павінны быць у полі зроку, таму што там працуюць людзі. Мы ж не будзем людзей дзяліць, якія працу­юць тут, на “Белгіпсе”, або ў вашым трэсце”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

У час наведвання прадпрыемства кіраўнік дзяржавы асобна перасцярог бізнес ад звальнення людзей у складаны час. “Асабліва прыватныя прад­прыемствы, я заўважыў (учора інфармацыя паступіла), пачалі згортваць работу, перш за ўсё будаўнічыя фірмы, і, галоўнае, звальняць людзей. Перадайце прыватнікам, каб усе пачулі: калі толькі хоць адна кампанія, дробная або вялікая, выкіне на вуліцу людзей (у дзяржаўных гэта немагчыма, таму што мы гэта кантралюем), яна наўрад ці далей будзе існа­ваць у Беларусі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цяжкі час людзей трэба, наадварот, падтрымліваць і захоўваць рабочыя месцы. Ён упэўнены, што ў бізнесу ёсць для гэтага магчымасці. “Няхай у сябе ў кішэнях, сейфах пакапаюцца, падтрымаюць сваю кампанію і людзей, якія на іх працавалі і зараблялі гэтыя грошы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пакуль сітуацыя не з’яўляецца праблемнай у Беларусі, але негатыўныя тэндэнцыі ўжо намячаюцца. “Гэта толькі пачатак. Але можа быць горш. Выкінуць людзей прасцей. Кішэні грашыма набіты, асабліва ў будаўнікоў: на кватэрах зарабілі. Цяпер ён людзей выкіне і гэтыя грошы будзе траціць на сябе, а потым прыйдзе і скажа: “Я ж рабочыя сілы магу аднавіць, але дай мне або танны крэдыт, або субсідыю з бюджэту”. Няхай апошнім па­дзеляцца, але людзей на вуліцу не выкідваюць”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.