Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба ўкласці яшчэ шмат сіл і сродкаў, каб не пазней за 2025 год або нават раней стварыць усёабдымны і эфектыўны эканамічны саюз”

- 11:30Інфармацыйная гадзіна

Для пашырэння міжнароднага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу краінам далёкай дугі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Ерэване на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў шырокім складзе.

“Для пашырэння міжнароднага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу краінам далёкай дугі, дзе нашы тавары і паслугі пакуль яшчэ мала вядомы. Прапануем Еўразійскаму банку развіцця падключыцца да гэтага напрамку. Нашым нацыянальным банкам развіцця і іншым фінансавым установам таксама трэба пашукаць формы для больш цеснага ўзаемадзеяння як унутры саюза, так і па знешнім контуры”, — лічыць прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў развіццё супрацоўніцтва ЕАЭС з трэцімі краінамі, у тым ліку распрацоўку часовага пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Іранам, якое ўступіць у сілу ў кастрычніку, і пакета пагадненняў з Сінгапурам.

“Вашы краіны для нас з’яўляюцца вельмі значнымі партнёрамі, а патэнцыял для нарошчвання эканамічных сувязей велізарны. Замацаваўшы рэжым прэферэнцый, важна падштурхнуць бізнес і ўрады да больш планамернага ўзаема­дзеяння”, — звярнуўся Аляксандр Лукашэн­ка да прысутных на пасяджэнні Прэзідэнта Ірана і прэмер-міністра Сінгапура.

Прэзідэнт таксама з задавальненнем адзначыў гатоўнасць да заключэння дагавора аб свабодным гандлі з Сербіяй і нагадаў, што ў кастрычніку ўступае ў сілу Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем. У чэрвені ЕАЭС і КНР, каб паскорыць праходжанне грузаў праз свае граніцы, дамовіліся абменьвацца папярэдняй інфармацыяй аб таварах і транспартных сродках міжнароднай перавозкі, што перамяшчаюцца праз свае мытні.

“Камісіі трэба прапрацаваць аналагічнае пагадненне з Еўрапейскім саюзам, каб зрабіць сухапутны шлях з Кітая ў Еўропу праз нашы краіны найбольш прывабным”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заў­важыў, што сур’ёзна актывізавалася ўзаемадзеянне ЕАЭС з Садружнасцю Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва і Асацыяцыяй дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. На думку кіраўніка дзяржавы, у інтэграцыйных аб’яднаннях ёсць агульныя інтарэсы ў сферах транспарту, прамысловай кааперацыі, лічбавізацыі.

“Сёння мы зацвердзілі Канцэпцыю фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС, заклаўшы аснову для забеспячэння свабоднага руху капіталу і паслуг”, — сказаў таксама Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што арганізацыя такога рынку павінна быць спалучана з лічбавізацыяй: гэта дасць магчымасць разві­ваць перадавыя фінансавыя тэхналогіі і рабіць больш даступным увесь спектр такіх паслуг. “Нам, безумоўна, будзе карысны ўзаемны абмен вопытам у гэтай галіне”, — упэўнены прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у ЕАЭС нямала зроблена для лічбавай трансфармацыі эканомікі, стварэння экасістэм для такіх сектараў, як гандаль, прамысловая кааперацыя, развіццё транспартных калідораў, занятасць, а таксама для забеспячэння прасочвальнасці руху тавараў. “Гэты напрамак набірае абароты, і пара яго ўпарадкаваць, дапоўніць адпаведнымі нормамі Дагавор аб саюзе. Адначасова трэба звярнуць увагу на пытанні інфармацыйнай бяспекі, выпрацаваць адзіныя стандарты і фарматы ўзаемадзеяння”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца агульнага прызнання электронных лічбавых подпісаў на прасторы саюза, то гэтую праблему, як дадаў Аляксандр Лукашэнка, варта было ўрэгуляваць ужо даўно. Інакш немагчыма весці размову пра лічбавую будучыню.

Узгодненая кіраўнікамі дзяржаў канцэпцыя адлюстроўвае мэты, прынцыпы, этапы, крытэрыі і асноўныя напрамкі фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. Краіны павінны будуць да 2025 года ўзгадніць падыходы да ўзаемнага прызнання ліцэнзій у банкаўскім і страхавым сектарах, а таксама да трансгранічнай пастаўкі фінансавых паслуг у сектары рынку каштоўных папер. У канцэпцыі адзначаецца, што ў адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС павінен быць сфарміраваны наднацыянальны орган па рэгуляванні фінансавага рынку. Пры гэтым яго работа будзе вызначацца асобным дагаворам.

У ходзе выступлення Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў прыняць палітычнае рашэнне для ліквідацыі бар’ераў на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза.

“Сёння мы надзялілі камісію паўнамоцтвамі ў пытаннях маркіроўкі тавараў і прасочвальнасці іх руху. ЕЭК павінна гарантаваць, што гэтыя прагрэсіўныя прапановы не павернуцца новымі перашкодамі ў гандлі. Бар’ераў у саюзе і так дастаткова, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Асабліва насцярожвае, калі яны ўводзяцца ў такіх адчувальных сферах, як, напрыклад, дзяржзакупкі. Надышоў час кіраўнікам дзяржаў разгледзець набалелую тэму і прыняць палітычнае рашэнне”.

Магчыма, лічыць прэзідэнт, трэба ўзмац­ніць кампетэнцыю Еўразійскай эканамічнай камісіі і Суда ЕАЭС.

У 2020 годзе Беларусь прыме старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе, яе прадстаўнік узначаліць Калегію ЕЭК. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіна рыхтуецца да гэтага перыяду з усёй сур’ёзнасцю. “ЕАЭС — вельмі маладое ўтварэнне. У яго развіццё трэба ўкласці яшчэ шмат сіл і сродкаў, каб не пазней за 2025 год або нават раней стварыць усёабдымны і эфектыўны эканамічны саюз, пабудаваць адзіныя рынкі, сфарміраваць адзіныя галіновыя палітыкі і рэалізаваць палажэнні Дагавора аб ЕАЭС”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.