Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас ёсць свае інтарэсы, свая дзяржава і свой народ, і мы павінны іх абараніць”

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў надзейна абараняць інтарэсы Беларусі ў рабоце з замежнымі партнёрамі і нагадаў аб імпартазамяшчэнні. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў у час наведвання РУП “Завод газетнай паперы” ў Шклове.

У прыватнасці, абмяркоўвалася рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па стварэнні паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў. Першапачаткова прадпрыемст­ва супрацоўнічала з вядомай у свеце чэшскай кампаніяй Papcel — пастаўшчыком абсталявання. Аднак рэалізацыя праекта зацягнулася, а частка абсталявання аказалася непрыдатнай. Пачаліся судовыя цяжбы з чэшскай кампаніяй, якія не закончыліся дагэтуль. Не дапамагла і наяўнасць банкаўскай гарантыі. Кампанія падала на банкруцтва, але, на думку кіраўніцтва завода ў Шклове, гэта ў большай ступені звязана са спробай ухіліцца ад адказнасці і выплаты належных беларускаму боку сродкаў. Завод газетнай паперы ўжо даказаў сваю праўду ў міжнародным арбітражы ў Вене, але пытанне, тым не менш, не ўрэгулявана з-за розных дзеянняў з чэшскага боку. Сума, вакол якой вядзецца спрэчка, складае прыкладна 10,3 млн еўра.

Завод ужо самастойна з прыцягненнем іншых партнёраў цяпер вымушаны дапрацоўваць устаноўку па вытворчасці паперы-асновы. Кошт дапрацоўкі абсталявання складае 6 млн еўра, тэрміны завяршэння работ — канец 2020 года. Першую партыю паперы-асновы плануецца выпусціць у 2021 годзе, а выйсці на праектныя магутнасці — у 2023 го­дзе (гэта 30 тысяч т у год). Патэнцыял унутранага рынку Беларусі — прыкладна 13 тысяч т.

Аляксандр Лукашэнка строга запатрабаваў, каб інтарэсы беларускага боку няўхільна былі абаронены, і гэта тычыцца не толькі канкрэтнага выпадку.

Прэзідэнт запатрабаваў дала­жыць яму аб усіх магчымых рычагах уздзеяння на чэшскі бок: “Я гэтага не баюся. Мы іх павінны паставіць на месца. Так нельга адносіцца да краіны. І папярэдзьце Макея (міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. — Заўвага БелТА.). Я яму даручаў, калі прымаў даверчыя граматы чэшскага пасла. Пасол мяне зразумеў. І сказаў: гэта не варта таго, каб мы сапсавалі адносіны”.

“Яны разумеюць, што праўда не на іх баку. Таму далажыце мне ўсе рычагі ўздзеяння на гэтую краіну. Мы павінны паказаць, што трэба па-чалавечы адносіцца да камерцыйных і іншых праектаў. Гэта ўзаемаадносіны дзяржаў. Мы ніколі з Чэхіяй не мелі праблем, тым больш што я прасіў пасла заняцца гэтым і зня ць праблему”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб вытворчасці паперы-асновы, ён падкрэсліў важнасць імпартазамяшчэння. “Усе 13 тысяч т ён (завод газетнай паперы ў Шклове.  — Заўвага БелТА.) павінен паставіць любымі спосабамі ў Беларусь. Ніхто не павінен ні грама завезці сюды звонку, калі ён зможа вырабіць гэтыя аб’ёмы”, — даручыў Аляксандр Лукашэн­ка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба паслядоўна адстойваць свае інтарэсы: “Глядзіце за сваёй краінай. Хопіць глядзець па баках і быць пушыстымі і белымі. У нас ёсць свае інтарэсы, свая дзяржава і свой народ, і мы павінны іх абараніць, чаго б нам гэта ні каштавала. А то ж мы вырабляем прадукты харчавання, дзя­ваць няма куды, а па імпарце кожны год прырост па пастаўках прадуктаў харчавання, лес дзяваць няма куды, дрэваапрацоўка свая… Занадта “добрымі” сталі. За кошт дзяржавы і народа”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Кітай і ЗША па абазначаных прычынах нават пачалі гандлёвую вайну. “Не могуць дамовіцца. Толькі першы этап прайшлі. Таму імпартазамяшчэнне — пытанне нумар ад зін, асабліва тое, што мы вырабляем. Навошта мы завозім, плацім грошы і даём работу іншым людзям, калі нам трэба тут знайсці гэтыя грошы?” — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і Шклоўскага раёна, рабоце канцэрна “Беллеспапера­прам”, росце ўкладу ляснога комплексу ў эканоміку краіны. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, каб усё абяцанае і агучаныя планы няўхільна выконваліся. “Вы бачыце, якая сітуацыя. Я нікому не дарую, калі не будуць выкананы дадзеныя мне абяцанні”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчасцю і на заканчэнне наведвання завода паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву. Ён расказаў, што некалі было прынята рашэнне аб развіцці Беларусі і акцэнт быў зроблены на тыя напрамкі, дзе ёсць сыравіна і магчымасці. Сярод іх — дрэваапрацоўка. “Усё, што вы вырабляеце тут, ку­пяць, але трэба варушыцца. Мы застылі, і ў гэтым уся праблема. Многія мяне ведаюць з юнацтва і маладосці. Лю­дзей прымусіць варушыцца я ўмею. Таму разварушвайцеся, дырэктар у вас нядрэнны. Я веру, што вы абяцанае зробіце. Усё, што трэба ад дзяржавы, ужо атрымліваеце”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву, прэзідэнт расказаў аб прычынах цяжкасцей і канфлікту з расійскім бокам у сферы паставак энергарэсурсаў — газу і нафты. “Нязгода і канфлікт з Расіяй адбыліся з-за таго, што ад нас запатрабавалі за нафту плаціць цану большую, чым сусветная”, — сказаў прэзідэнт.

Адзін з работнікаў прадпрыемст­ва задаў пытанне аб захаванні энергетычнай бяспекі краіны. “Мы працуем. Вельмі цяжка, вельмі няпроста. Вы ведаеце чаму. Тут і палітычны, і эканамічны складнік. Але больш палітыкі. Гэта маё пытанне. Мы разбяромся. Але мы ні перад кім на каленях стаяць не будзем”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што Беларусь ужо на працягу прыкладна пяці гадоў рухаецца да сусветнай цаны на нафту, і растлумачыў, з чым звязаны фактычны канфлікт з Расіяй: “Са старым урадам Расіі, які прэзідэнт Пуцін адправіў у адстаўку”.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб расійскім падатковым манеўры ў нафтавай сферы, у выніку чаго Беларусь страчвае на вывазных мытных пошлінах. “Калісьці мы атрымлівалі нафту, гадоў пяць-шэсць назад, з паловай мытнай пошліны. Але яны зрабілі манеўр. Узялі гэтую палову, якую мы атрымлівалі, рэалізоўваючы нафтапрадукты — свой тавар. Адабраць яе няёмка, і яны зрабілі манеўр — увялі ў сябе падатак на здабычу карысных выкапняў і тым самым узнялі цану на нафту. Паступова па 15—20 працэнтаў падвялі нас да сусветнай цаны. Мы сёння маем 18—20 працэнтаў усяго толькі ад гэтай мытнай пошліны”, — сказаў ён.

“Мы паставілі пытанне: браты, дарагія, старэйшы брат, гэтак жа не робяць. Нельга ж нас за дурняў трымаць. Там гэта ўзялі, у падатак унеслі. Прытым да цэнта, да долара. Ні больш, ні менш, менавіта столькі. І калі мы сталі разбірацца, мне далажылі людзі, якія рыхтавалі гэтыя нарматыўна-прававыя акты, законы, указы, пастановы ўрада, што гэта зроблена спецыяльна. Каб націснуць на Беларусь, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Навошта націснуць, здагадайцеся з трох разоў. Розныя былі тэорыі, заключэнні і іншае. Вы іх чулі. І ўсе яны, напэўна, маюць месца”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю і наконт цаны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. Краіна не просіць нізкай цаны, а настойвае на аднолькавай цане з Расіяй, каб прадпрыемствы маглі канкурыра­ваць у роўных умовах. “Калі мы ім прадавалі нашу трубу белтрансгазаўскую, была дакладная дамоўленасць: нам па­абяцалі, заплаціўшы грошы (невялікія, трэба сказаць, яны ўжо іх адпрацавалі практычна — $5 млрд), выраўняць з Расіяй па цане. Прайшоў час — забылі. Нядаўна я размаўляў з Прэзідэнтам Расіі. Я яму прама сказаў: а я гэта помню. Таму вы ўстанаўлівайце сваю цану на газ, але мы будзем таксама дзейнічаць зыходзячы з уласных інтарэсаў, чаго б нам гэта ні каштавала”, — расказаў прэзідэнт.

Што тычыцца нафты, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Ула­дзімір Пуцін сам узняў гэтае пытанне на перагаворах у Піцеры: “Кажа: як гэта так, чаму беларусы павінны купляць у нашых кампаній нафту даражэйшую за сусветную цану”. Прэзідэнт растлумачыў, што да практычна сусветнай цаны на нафту ў Беларусі патрабавалі яшчэ заплаціць прэмію расійскім кампаніям. “І на тоне гэта 15-16$. А памножце на 24 млн т. Гэта вялікія грошы”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

“Не я ўзняў пытанне. Ён узняў. Прайшоў час, пазіцыя змянілася. Я гавару: як так? А там ужо кіраўнікі кампаній і ва ўрадзе разумныя дзялкі, якія на нафтавай гэтай трубе ся­дзяць, накруцілі яго: мы (расійскія кампаніі. — Заўвага БелТА.) там шмат страчваем. Я гавару: добра, не будзем па тэлефоне абмяркоўваць, скончыш мерапрыемствы — пасланне там і іншае, сустрэнемся і за сталом пагля­дзім, на што мы можам выйсці і да чаго можам дайсці”, — сказаў прэзідэнт.

“Што тычыцца газу, нас кінулі — не вывелі нас на роўныя цэны. Што тычыцца нафты: плаціце больш, чым яны прадаюць палякам і немцам. Дзе такое відана?” — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

“Чаго біцца (за цану на нафту. — Заўвага БелТА.)? Гэта іх тавар, яны прынялі такое рашэнне. У тым ліку і па палітычных матывах, у тым ліку з-за недагавораздольнасці Бацькі Лукашэн­кі. Так яны пішуць і “плявузгаюць” цяпер ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Я абсалютна дагавораздольны. Але што гэта за саюз, калі мы пачыналі ў тавараабароце з імі ў плюсе, а сёння — мінус $9 млрд. І кожны год нам пагаршаюць становішча”, — заявіў беларускі лідар.

“Яны проста пралічыліся. Яны думалі, што (утрыруючы скажу) дадуць мне ключы ад склада і я пабягу ў Расію, таксама буду багатым, пушыстым, белым, прыгожым… Не трэба. Я буду працаваць у сваёй краіне, чаго мне гэта ні каштавала б”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка асобна падкрэсліў непарушнасць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. “У нас ёсць свая краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Мы сваімі розумам і рукамі, што змаглі, зарабілі, будуем сваю краіну. І мы не можам быць часткай якой-небудзь краіны. Я не магу вам здрадзіць і растварыць Беларусь, няхай нават у нашай брацкай Расіі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“У перагаворах з прэзідэнтам (Расіі. — Заўвага БелТА.) я дакладна і адназначна паўтара-два гады назад сказаў: гэтага ў Беларусі не можа зрабіць ніхто. Нават калі я на гэта пайду, то беларусы мяне з’ядуць на працягу аднаго года пасля прыняцця такога рашэння”, — адзначыў беларускі лідар.

“Што тычыцца мяне асабіста, я ўжо напрацаваўся. Мне ўжо больш улады ці менш не трэба. І ў імя таго, каб прадоўжыць сваё існаванне, атрымаць ключы ад нейкага “склада” ў Расіі, для мяне непрымальна. Я не хачу быць апошнім Прэзідэнтам Беларусі. Ганарова быць першым, але апошнім быць не хачу. Я хачу, каб нашы дзеці жылі на гэтым кавалку зямлі ў міры, згодзе. У абдымку з рускім чалавекам, расіянамі. Яны нам не чужыя. Расіяне — гэта нашы людзі. Ад іх, праўда, мала што залежыць цяпер”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“А што тычыцца ўлады, я вам адкрыта сказаў: прэзідэнцкія выбары — вы вырашыце, хто будзе кіраваць краінай. І калі вы мяне не выбераце, я на вас не пакрыўджуся. Гэта бу­дзе ваш выбар. Вы павінны вызначыцца, час сур’ёзны, хто будзе кіраўніком дзяржавы, у якой будуць жыць вашы дзеці. Не пра нас сёння ідзе размова. Сёння размова ідзе пра дзяцей, пра мірную і спакойную краіну”, — рэзюмаваў беларускі лідар.