Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вы павінны памятаць, што ў вас там, на Захадзе, у цэнтры Еўропы ёсць надзейная база, дзе вы можаце не толькі з кімсьці размаўляць, але і гандляваць”

- 12:12Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае асаблівую дружбу паміж народамі Беларусі і Грузіі і добрыя пачуцці, якія засталіся яшчэ з савецкага часу. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у Тбілісі на перагаворах з Прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі.

“Я, сапраўды, сюды еду, як дадому. Хоць і другі раз. Але я адчуваю, што тут блізкія нам людзі”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, з’яўляючыся прэзідэнтам, бываў шмат разоў у розных краінах. “Шчыра скажу, што ў некаторыя паездкі едзеш і ведаеш, што гэта цяжкая работа. У Грузію, я разумею, што еду працаваць, але з вялікім хваляваннем заўсёды і ў чаканні, што тут вельмі дабрадушныя, прыстойныя людзі”, — сказаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы згадзіўся са словамі грузінскага лідара аб тым, што супрацоўніцтва дзвюх краін развіваецца ў першую чаргу дзеля грамадзян. Гэта тычыцца ўзаемадзеяння як у сферы паставак і вытворчасці прадуктаў харчавання, так і складанай тэхнікі. “Думаю, што ў выніку нашых двухдзённых сустрэч мы знойдзем і іншыя шляхі паставак у Беларусь і назад, каб больш актыўна ішоў тавараабмен”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

“У Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Грузіяй. Ва ўсім, на што мы здольны, усім, што Грузія бачыць у нас і хоча, каб развівалася тут, мы заўсёды ідзём насустрач”, — падкрэсліў беларускі лідар. Ён таксама выказаў упэўненасць, што краіны ўжо ў бягучым годзе змогуць пераадолець адзнаку $200 млн ва ўзаемным гандлі.

Георгій Маргвелашвілі таксама выказаўся за развіццё адносін паміж Беларуссю і Грузіяй. “У нас ёсць магчымасць тут разам збірацца і працаваць на карысць нашых грамадзян. Гэты візіт азнаменаваны тым, што мы будзем падпісваць дагавор, які будзе вызначаць адносіны паміж Беларуссю і Грузіяй на многія дзесяцігоддзі. Дзякуй вам асабіста за дружбу і добрае стаўленне”, — сказаў Прэзідэнт Грузіі.

Ён падкрэсліў, што адносіны дзвюх краін для многіх у свеце могуць быць прыкладам.

“Мы сапраўды за апошнія два-тры гады нямала зрабілі для таго, каб не проста інтэнсіфікаваць нашы адносіны, а нанова аднавіць іх і закласці аснову і фундамент, аб чым вы сказалі. Мы паставілі перад сабой амбіцыйную мэту — дасягнуць $200 млн тавараабароту пры ўсіх праблемах, якія сёння існуюць. Мы не проста поўныя рашучасці, каб вырашыць гэтую задачу, мы да канца года можам яе вырашыць. Гэта сведчыць аб тым, што мы на правільным шляху”, — заявіў беларускі лідар на перагаворах з Прэзідэнтам Грузіі ў пашыраным складзе.

Ён таксама падзякаваў кіраўніцтву Грузіі за падтрымку на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў АБСЕ, ААН, на пляцоўцы “Усходняга партнёрства”. “Не было таго выпадку, каб Грузія не стаяла побач з Беларуссю ў самыя складаныя часы. І Міхаіл Саакашвілі, і цяперашняя ўлада заўсёды падтрымлівалі беларускі народ. І ў гэтым плане мы, вядома ж, абавязаны сваім братам-грузінам за тую каласальную салідарнасць, якую вы заўсёды праяўлялі ў адносінах да Беларусі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіны ідуць не проста па шляху звычайнага тавараабмену, хоць гэта і важна, а пачынаюць ствараць навуковыя цэнтры для патрэб сельскай гаспадаркі, сумесныя вытворчасці.

Прэзідэнт дадаў, што для эфектыўнага развіцця таго ці іншага напрамку неабходны падрыхтаваныя кадры, і ў гэтым плане ў краін ёсць добры патэнцыял для ўзаемадзеяння. “Калі мы ствараем сумесныя прадпрыемствы па трактарабудаванні, мы вам дапаможам падрыхтаваць спецыялістаў па гэтым напрамку, калі па жывёлагадоўлі — дапаможам вучонымі і спецыялістамі, калі мы вырашылі разам з вамі займацца транспланталогіяй — прыехаў наш кіраўнік цэнтра, прызнаны ва ўсім свеце (Алег Румо. — Заўв. БелТА.)”, — канстатаваў прэзідэнт.

Прэзідэнт Грузіі падзякаваў беларускаму лідару за тыя фарматы супрацоўніцтва, якія распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца — пачынаючы з часу першага афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію ў 2015 годзе.

Грузінскі лідар адзначыў, што бакі ў ходзе цяперашняга візіту падпісваюць шэраг дакументаў, якія ствараюць стабільную аснову двухбаковых адносін па розных напрамках. Ён ахарактарызаваў гэтыя дамоўленасці як гістарычныя.

Георгій Маргвелашвілі таксама выказаў словы ўдзячнасці за адкрытасць і супрацоўніцтва ў ходзе перагавораў і тыя планы на будучыню, якія Беларусь і Грузія маюць намер рэалізоўваць на карысць народаў дзвюх краін. “Спадзяюся, што ваш візіт надасць яшчэ большы імпульс для нашых двухбаковых адносін”, — сказаў грузінскі лідар.

Па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Грузіі кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Вы павінны памятаць, што адлегласць 2 тысячы км паміж Мінскам і Тбілісі — гэта не адлегласць. Мы памятаем, што вы нашы браты, што мы жылі, можна сказаць, у адным доме. І вы павінны памятаць, што ў вас там, на Захадзе, у цэнтры Еўропы ёсць надзейная база, дзе вы можаце не толькі з кімсьці размаўляць, але і гандляваць. Мы гатовы да гэтага супрацоўніцтва, і я ўпэўнены, вы верыце ў мае словы, таму што мы вас ніколі не падводзілі. Запэўніваю, што Беларусь заўсёды будзе адкрыта для супрацоўніцтва з Грузіяй, і я асабіста падтрымаю любыя сумесныя праекты, накіраваныя на далейшае пашырэнне і паглыбленне нашых
адносін”.

Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што вельмі хоча як чалавек і як кіраўнік дзяржавы, каб у Грузіі было добрае і мірнае жыццё. “Грузінскі народ заслугоўвае павагі і мірнага існавання на гэтай планеце. Гэта старажытны народ, які даў цывілізацыі шмат добрага. Мы гэта цэнім”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

***

Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі па выніках перагавораў падпісалі Дагавор аб асновах супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй.

У дагаворы замацаваны намер Беларусі і Грузіі садзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Краіны дамовіліся аб далейшым развіцці палітычнага дыялогу, дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеянні ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку па ключавых пытаннях глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.

Беларусь і Грузія прадоўжаць прыкладаць сумесныя намаганні ў рамках існуючых механізмаў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва ў мэтах паглыблення на ўзаемнай аснове міжгаліновага ўзаемадзеяння, умацавання эканамічных сувязей і развіцця прамых кантактаў паміж суб’ектамі гаспадарання.

Адзначаецца таксама намер заахвочваць кантакты на ўзроўні малога і сярэдняга бізнесу і рэалізацыю сумесных праектаў, развіваць супрацоўніцтва ў галіне максімальна эфектыўнага выкарыстання транзітнага патэнцыялу бакоў шляхам рэалізацыі сумесных праектаў у галіне транспарту і лагістыкі, а таксама ўдзелу ў развіцці міжнародных транзітных калідораў.

Акрамя таго, Беларусь і Грузія будуць садзейнічаць пашырэнню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў сферы турызму.

Дасягнуты таксама дамоўленасці па садзейнічанні пашырэнню і развіццю супрацоўніцтва па такіх напрамках, як адукацыя, культура і мастацтва, інфармацыйная сфера і маладзёжная палітыка, заахвочванні падрыхтоўкі і рэалізацыі сумесных навуковых праектаў.

Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны яшчэ 10 дакументаў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва па канкрэтных напрамках. У іх ліку пагадненне паміж урадамі Беларусі і Грузіі аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян.

Заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі банкамі і мемарандум аб узаемаразуменні паміж нацыянальнымі банкамі ў галіне банкаўскага нагляду, мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” і АТ “Партнёрскі фонд” Грузіі.

Падпісаны пратакол аб намерах паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Грузіі, праграма развіцця супрацоў-ніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай парламенцкай бібліятэкай Грузіі.

Зацверджана дарожная карта па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам працы, аховы здароўя і сацыяльнай абароны Грузіі.

Па лініі рэгіёнаў заключаны пагадненне аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве паміж Гомельскай вобласцю і рэгіёнам Імерэція і пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Жодзінам і Руставі.