Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вялікую цікавасць уяўляе ўдзел у маштабных праектах, ініцыіраваных егіпецкім кіраўніцтвам”

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў у Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў прэзідэнцкім палацы “Аль-Ітыхадыя”.

Перагаворы прэзідэнтаў пачаліся з пратакольнай цырымоніі. Абдэль Фатах ас-Сісі сустрэў Аляксандра Лукашэнку каля ўвахода ў палац, і пасля выканання гімнаў і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты прэзідэнты селі за стол перагавораў. Спачатку сустрэча праходзіла ў фармаце сам-насам, затым да кіраўнікоў дзяржаў далучацца члены дэлегацый.

Як паведаміў па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Беларусь і Егіпет вырашылі рабіць стаўку на сумесныя прадпрыемствы.

“Беларусь і Егіпет з’яўляюцца важнымі партнёрамі. У нас вялікія перспектывы. За апошні час мы значна рушылі наперад у нашым супрацоўніцтве. Гэтаму садзейнічае пастаянны дыялог паміж Мінскам і Каірам. У нас няма закрытых тэм, усе пытанні з прэзідэнтам абмяркоўваем грунтоўна і адкрыта. Менавіта такімі былі і сённяшнія перагаворы”, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Асноўную ўвагу на перагаворах прэзідэнты ўдзялілі гандлёва-эканамічным сувязям. “Прыемна адзначыць, што дамоўленасці аб узаемадзеянні ў гэтай сферы ў цэлым выконваюцца: і беларускі, і егіпецкі бакі прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, добрыя сумесныя напрацоўкі ёсць у прамысловай, ваенна-тэхнічнай, сельскагаспадарчай, навуковай, гуманітарнай галінах. У сферы прамысловай кааперацыі краіны пачыналі з праектаў па стварэнні ў Егіпце зборачных вытворчасцей. Арганізавана зборка тэхнікі Мінскага аўтамабільнага і Мінскага трактарнага заводаў. У найбліжэйшай перспектыве пачнецца выпуск прадукцыі “Бабруйскаграмаша”, “Амкадора”, рухавікоў Мінскага маторнага завода.

“Перакананы, што развіццё прамысловай кааперацыі цалкам адпавядае інтарэсам дзвюх дзяржаў і дае магчымасць забяспечыць выхад на рынкі суседніх афрыканскіх краін, што для нас вельмі важна. Дай бог асвоіць стамільённы рынак Егіпта. З Каіра разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку і разглядаем варыянты далейшага сумеснага руху па кантыненце”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Патэнцыял беларускі бок бачыць у інавацыях і высокіх тэхналогіях, навуцы і адукацыі. “Таму мы робім стаўку на прасоўванне высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет з далейшым стварэннем сумесных прадпрыемстваў. Такі падыход паказаў ужо сваю эфектыўнасць”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і інфармацыйных тэхналогій, уключаючы сучасныя сістэмы захавання грамадскай бяспекі. Беларусь гатова пастаўляць у Егіпет найноўшае медыцынскае абсталяванне, а таксама прадукты харча­вання.

“Для Беларусі вялікую цікавасць уяўляе ўдзел у маштабных праектах, ініцыіраваных егіпецкім кіраўніцтвам, перш за ўсё ў стварэнні асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала, арыентаванай на экспарт”, — сказаў таксама Аляксандр
Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што першае пасяджэнне Беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва і сумесная выстава навуковых і прамысловых дасягненняў, якія праходзілі ў дні візіту ў Каіры, нададуць дадатковы імпульс супрацоўніцтву паміж краінамі.

Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі ў сваю чаргу заявіў, што Егіпет мае намер сумесна з Беларуссю выходзіць з агульнай прадукцыяй на еўразійскі і афрыканскі рынкі.

“Месцаразмяшчэнне Егіпта і Беларусі на міжнароднай карце дасць магчымасць адкрыць новыя рынкі перад егіпецкай і беларускай прадукцыяй як у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, так і ў арабскім свеце і афрыканскіх краінах”, — перакананы Прэзідэнт Егіпта.

Ён разлічвае, што гэтаму будуць садзейні­чаць стварэнне зоны свабоднага гандлю ў Афрыцы і падпісанне ў будучыні пагаднення паміж Егіптам і ЕАЭС.