Аляксандр Пазняк: «Вучні нашай школы адчуваюць асабіс­тую адказ­насць за лёс сваёй краіны»

- 12:23Моя гражданская позиция

“Для нашых вучняў Радзіма — гэта не абстрактнае паняцце, а канкрэтная краіна, дзе яны хочуць жыць, якой ганарацца”, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна Аляксандр Пазняк.

— Школа — гэта своеасаблівая майстэрня, у якой фарміруецца дух падрастаючага пакалення. Ад таго, якімі мы выгадуем нашых дзяцей, наколькі падрыхтуем іх да самастойнага жыцця, залежыць будучыня дзяржавы.

Для кожнага чалавека прыходзіць час, калі ён выбірае сваю жыццёвую дарогу. Здаецца, што выбар вялікі, але на самай справе прынцыповых варыянтаў толькі два. Законапаслухмяныя грамадзяне выбіраюць здаровае, бяспечнае і шчаслівае жыццё, а незаконапаслухмяныя — жыццё без правіл, дзе перамагае мацнейшы, дзе гаспада­рыць хаос. Адна з прыярытэтных задач школы — грамадзянска-патрыя­тычнае выхаванне дзяцей. Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне ў Дабрынскай сярэдняй школе, як і духоўна-маральнае выхаванне, абумоўлена ўсведамленнем навучэнцамі высокіх каштоўнасцей і арыен­ціраў, сацыяльна значных працэсаў і з’яў рэальнага жыцця, здольнасцю кіравацца імі як асноўнымі жыццёвымі прынцыпамі. Сацыяльна-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення накіравана на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, клопат пра пажылых людзей. Ваенна-патрыятычны кірунак мае на мэце фарміраванне ў падлеткаў ідэй служэння Айчыне і здольнасці да яе абароны, вывучэнне воінскіх традыцый, а спартыўна-патрыятычны кірунак нацэлены на выхаванне сілы, спрытнасці, вынослівасці, мужнасці, дысцыплінаванасці ў працэсе заняткаў фізічнай культурай і спортам. Вяршыняй патрыятычнага выхавання з’яўляецца ўсведамленне сябе грамадзянінам краіны. Педагагічны калектыў выхоўвае законапаслухмянага грамадзяніна, які шануе культуру і гісторыю свайго народа.

Дзеці сёння атрымліваюць вялікі паток інфармацыі, якая штохвілінна абнаўляецца. Таму настаўнікі павінны навучыць дзіця фільтраваць яе, фарміруючы ўяўленні аб сэнсе жыцця, гуманізме, чалавечых каштоўнасцях. Выкрышталізаваць грама­дзянскую пазіцыю вучня — значыць забяспечыць умовы для станаўлення паўнацэннага грамадства.

Дабрынская сярэдняя школа мае шматгадовы самабытны вопыт. Вынікі работы рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак па сямейным, ідэалагічным выхаванні, апрабаваныя на базе школы, шматлікія метадычныя напрацоўкі, вопыт эфектыўнага планавання і арганізацыі грамадзянска-пат­рыятычнай работы з дзецьмі, прафесіяналізм, высокі ўзровень ідэйнай перакананасці педагогаў дазволілі арганізаваць работу раённага рэсурснага цэнтра “Патрыятычнае выхаванне школьнікаў — аснова ідэалагічнай работы ўстановы адукацыі”. Стварэнне цэнтра дазваляе задзейнічаць метадычны і кадравы патэнцыял установы адукацыі, сістэматыза­ваць назапашаны вопыт з мэтай каардынацыі, трансляцыі, аб’яднання намаганняў па арга­нізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Эфектыўным сродкам фарміравання грамадзянскіх і патрыятычных якасцей навучэнцаў з’яўляецца даследчая і пошукавая дзейнасць. Вялікі патэнцыял у гэтым кірунку мае дзейнасць гісторыка-этнаграфічнага музея. Настаўнікамі і навучэнцамі мінулых пакаленняў быў сабраны багаты матэ­рыял аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны: фатаграфіі, успаміны, даследаванні, біяграфіі.

Дзякуючы дзейнасці актывістаў клуба “Пошук”, былі адноўлены імёны салдат Чырвонай Арміі, якія загінулі і пахаваны ў брацкай магіле на мясцовых могілках. Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны адноўлены імёны байцоў, якія прымалі ўдзел у вызваленчых баях за вёс­ку Дабрынь. Створана картатэка біяграфій аднавяскоўцаў, якія загінулі ў ваенны час. Перадумовамі гэтага былі вялікая работа з архіўнымі матэрыяламі, запіс успамінаў, перапіска з роднымі воінаў-вызваліцеляў, а вынікам стала стварэнне лічбавага архіва па ўсіх даных.

У нашай установе актывізаваны цімураўскі і валанцёрскі рух. У школе працуе атрад юных сяброў пагранічнікаў, мэта якога — выхаванне моладзі на баявых традыцыях Узброеных Сіл Беларусі, прывіццё любові да Радзімы, усведамленне важнасці асабістага ўдзелу ў гарантаванні бяспекі Айчыны, падрыхтоўка падлеткаў да службы ва Узброеных Сілах. Заняткі з юнымі пагранічнікамі праводзяцца з удзелам ваеннаслужачых пагранічнай заставы “Роза Люксембург”. Навучэнцы знаёмяцца з тэхнікай, узбраеннем, атрымліваюць пачатковыя ўяўленні пра салдацкі побыт, парадак праходжання службы салдатамі і афіцэрамі.

Асаблівай папулярнасцю ў вучняў карыс­таецца інфармацыйна-адукацыйны праект “ШАГ” (“Школа Актыўнага Грамадзяніна”). Нефармальныя зносіны з кіраўнікамі мясцовай улады, грамадскімі дзеячамі, прадстаўнікамі сілавых структур, знакамітымі людзьмі раёна і вёскі фарміруюць у школьнікаў паняцце паспяховага грама­дзяніна. Ім хочацца стаць кіраўнікамі, дэпутатамі, міністрамі. І тут задача настаўнікаў — рас­тлумачыць, што кіраўнік нясе адказнасць за дзеянні і ўчынкі ўсяго калектыву, вучыць іх працаваць у каман­дзе, выконваць агульныя задачы.

Для вучняў нашай школы Радзіма — гэта не абстрактнае паняцце, а канкрэтная краіна, дзе яны хочуць жыць, якой ганарацца. Яны адчуваюць асабіс­тую адказ­насць за лёс сваёй краіны. Прычым такія пачуцці выкліканы не модай на патрыятызм, а з’яўляюцца глыбока асабістымі, ідуць ад сэрца. Гэта і ёсць прызнанне плёну нашай працы, правільнасці выбраных намі сродкаў на шляху да пастаўленай мэты — выхаваць грама­дзяніна і патрыёта.

Настаўнікі павінны навучыць дзіця фільтраваць інфармацыю, фарміруючы ўяўленні аб сэнсе жыцця, гуманізме, чалавечых каштоўнасцях.