Аляксей ГРОС: “Жыццё — гэта рулетка”

- 12:17Моя школа

У мінулым годзе на “Славянскім базары” ўпэўнена перамог прадстаўнік Беларусі Аляксей Грос. Але потым раптоўна знік з тэлеэкранаў, не было і выступленняў на канцэртных пляцоўках. Мы вырашылі адшукаць мінулагодняга пераможцу і запытацца, якім быў яго шлях на эстраду і калі чакаць новых песень у яго выкананні.

— Аляксей, дзе прайшлі вашы школьныя гады?

— Я родам з Салігорска, і з гэтым горадам звязана ўсё маё маленства. Калі прыйшоў час ісці ў першы клас, аказалася, што мы з баць­камі прапусцілі ўсе тэрміны, каб запісацца ў ліцэй, дзе было паглыбленае вывучэнне англійскай мовы. Прыйшоўшы туды, мы даведаліся, што ўступныя выпрабаванні прайшлі і ўсе класы ўкамплектаваны. Заставаўся толькі варыянт пайсці ў школу па месцы жыхарства. Я расплакаўся. Гэта выпадкова заўважыла намеснік дырэктара Ірына Уладзіміраўна Янкоўская, якая курыравала вывучэнне замежных моў, паклікала мяне і правяла невялікі экспрэс-экзамен (у той час я ўжо ўмеў чытаць, таму здолеў бліскуча паказаць свае магчымасці). Мы былі здзіўлены, але мяне ўсё ж узялі.

Клас наш быў вельмі цікавы, бо шмат хто з маленства займаўся спортам (яшчэ да таго, як пайшоў у школу). Я быў больш творчай асобай, але, канечне, не цураўся пагуляць у футбол і іншыя гульні. Праз некаторы час стаў займацца тэквандо, але пахадзіў я на трэніроўкі толькі некалькі тыдняў — стала кульгаць вучоба, і маці прыняла валявое рашэнне: вучоба перш за ўсё.

— З якімі ўспамінамі звязаны першыя ліцэйскія гады?

— Пачатковыя класы — гэта адна гісторыя, а старшая школа — зусім іншы свет. Да майго паступлення ў школу я ўжо ўмеў і чы­таць, і пісаць, таму некаторы час мне было нецікава, і я займаўся на ўроку абы-чым. Ды і маці асаблівай увагі маёй вучобе не ўдзяляла, бо выхаванне ў сям’і заўсёды будавалася на даверы і шчырасці. І вось гэты, відаць, залішні давер сыграў са мной злы жарт: праз год-два аднакласнікі сталі мяне абганяць, а мне прыйшлося ліквідаваць прабелы. Вельмі любіў матэматыку, бо яна мне спачатку давалася досыць лёгка.

Настаўнік пачатковых класаў павінен быць адукаваным па ўсіх прадметах. Наша першая настаўніца Галіна Іванаўна вяла абсалютна ўсе ўрокі. З усіх асабліва мне не падабаліся, як гэта ні дзіўна, урокі музыкі. Зразумела, не з-за таго, што я не любіў музыку — мне не падабалася падача прадмета: настаўніца ўключала прайгравальнік і ставіла нейкія старыя незразумелыя нам песні. Магчыма, нецікава было толькі мне, бо я рос у музычнай сям’і: бацька быў самадзейным музыкантам, і мае веды ў музыцы былі значна шырэйшымі за веды маіх аднакласнікаў. Да таго ж я ся­дзеў за першай партай, і гэты прайгравальнік стаяў перада мной. Гэта была сапраўдная пакута для мяне: хацелася ўстаць і збегчы з урока.

У ліцэі былі цудоўныя педагогі, вельмі добразычлівыя і мяккія, але, напэўна, я не магу на­зваць такога чалавека, які б для мяне стаў узорам. Настаўніку мала добра ве­даць свой прадмет. Ён павінен быць асобай, якой вучні глядзяць у рот, на якую хочацца раўняцца ў штодзённым жыцці. І станаўленне асобы павінна грунтавацца менавіта на такіх асобах у школе.

— Дзе і якім чынам у вас разгледзелі музычны талент?

— У другім класе мяне заўважыў настаўнік дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Уладзіміравіч Трафімовіч. У школе мы пастаянна ладзілі шмат свят, і да кожнага з іх вучылі шмат песень і рыхтавалі музычныя нумары. Я быў вельмі рухавым і пастаянна танцаваў: рухаўся так, як мне гэтага хацелася, не думаючы, што скажуць настаўнікі. Нядаўна пераглядаў відэазапіс таго часу і шчыра зайздросціў сабе самому з-за непасрэднасці, з якой я спяваў і танцаваў, — відаць, менавіта гэтага мне так не хапае зараз на сцэне.

Сённяшняя школа, на жаль, не дае магчымасці дзіцяці напоўніцу рэаліза­ваць сябе як творчую асобу з-за шэрага абмежаванняў. І часам дзецям не хапае свабоды самавыражэння і творчага штуршка, які б мог прывесці да іх узлёту ў будучыні.

— На якой музыцы вы выхоўваліся? Чаму ў музычнай школе выбралі менавіта ўдарныя інструменты?

— Бацькі пастаянна падкідвалі мне цікавую музыку: маці любіла рускамоўных выканаўцаў: Дзмітрыя Малікава і Валерыя Меладзэ, а баць­ка, які быў самадзейным музыкантам, з паездак прывозіў цікавыя вінілавыя дыскі тагачасных замежных зорак: Майкла Джэксана, груп Pink Floyd, Queen.

Безумоўна, я хацеў вучыццца іграць на гітары, як тата, але быў малы — пальцы кароткія, і трэба было чакаць яшчэ год. Але ча­каць не сталі, і я пачаў вучыцца па класе ўдарных інструментаў. Мне трэба было іграць на марымбе. На ўдарнай устаноўцы, якая мяне, уласна кажучы, і прывабіла, я мог займацца толькі калі выконваў праграму на марымбе. А вось развуч­ваць эцюды было вельмі карысна, бо праз іх можна было асвоіць вельмі розныя цікавыя рытмы.

У музычнай школе я вучыўся хвалепадобна. Мог па паўгода нічога не рабіць, а потым хутка вывучваў праграму і здаваў. Самае цікавае пачалося, калі мяне ўзялі ў джазавы аркестр пры музычнай школе. Пасля рэпетыцый я заставаўся ў зале і, адзеў­шы навушнікі, атрымліваў асалоду ад ігры на ўдарнай устаноўцы — “здымаў” рытмы, якія гучалі ў запісах вядомых выканаўцаў.

Ад такога моцнага захаплення музыкай зноў уніз пакацілася вучоба. Балансу дасягнуць ніяк не ўдавалася. Да таго ж да 5 класа я быў вельмі хваравітым і часта прапускаў заняткі. Прапусціўшы некалькі тыдняў, я істотна адставаў. З-за маёй сарамлівасці (увогуле, лічу, што для мужчыны гэта дрэнная якасць) прабелы станавіліся ўсё большымі і большымі. Дзіцячыя апасенні выглядаць у вачах аднакласнікаў дурнем, які задае пытанні настаўніку, ады­гралі сваё. З цягам часу мая вучоба ператварылася ў наведванне школы: прыйшоў — спісаў — пайшоў дадому, прачытаў параграф — адказаў — забыўся пра тое, што прачытаў. Вынікі былі яшчэ горшымі: адкрываючы падручнік па матэматыцы, я разумеў, што нічога не магу ра­шыць. А баць­кам у гэтым прызнавацца было сорамна. Сёння я вельмі вінавачу сябе за гэта, але час не вернеш, і трэба выпраўляць усё зараз. Ратаваннем для мяне сталі рашэбнікі, з якіх я папросту спісваў гатовыя дамашнія заданні і здаваў.

Але калі пасля 9 класа перайшоў у гімназію, упершыню за ўсе гады вучобы адчуў свядомы сорам, што я не вывучыў дамашняе заданне. Мне вельмі падабаўся падыход гімназічных настаўнікаў. Ні адно пытанне не вырашалася з пазіцыі сілы ці крыку, настаўнікі насычалі павагай да сябе, і не вывучыць урок ці не выканаць заданне было папросту сорамна: не хацелася крыўдзіць сваёй няўвагай да прадмета настаўніка, якога мы бязмерна паважалі.

— Ці ўдалося навярстаць тое, што было ўпушчана?

— Канечне, поўнасцю ўсё нагнаць было ўжо немагчыма, але для сябе я адкрыў шмат новай інфармацыі, якая прайшла міма мяне ў мінулыя гады.

— З кім сябравалі ў школьныя гады?

— У 9 клас я пайшоў у гімназію № 2. Гэта быў новы этап майго жыцця. Прыйшлося вучыцца будаваць адносіны з незнаёмымі мне раней хлопцамі і дзяўчатамі.

З Уладам Хаменкам мы знайшлі паразуменне на падставе захаплення веласіпедам і разам пайшлі ў гімназію (дарэчы, сябруем мы з ім да гэтага часу). Аказалася, што нашы бацькі таксама былі знаёмыя. З Уладам мы разам гулялі ў камп’ютар, ён падсадзіў мяне на амерыканскі рэп, абодва мы калекцыяніравалі мадэлі аўтамабіляў — мелі шмат агульных інтарэсаў. У школе асабліва ніхто мае захапленні не падтрымліваў, таму і адметных сяброўскіх адносін ні з кім не было.

У музычнай школе сяброў асабліва не было, як і ў танцавальным калектыве, які я наведваў у пачатковай школе, — увесь свой вольны час я бавіў са школьнымі таварышамі.

— Чаму кінулі танцы?

— Справа ў тым, што я неяк парваў звязкі на назе і пасля выздараўлення ўжо не змог на поўную сілу займацца. Было вельмі шкада, бо мне гэта таксама падабалася.

— Як пачалі займацца спортам?

— Класным кіраўніком быў настаўнік фізкультуры Мікалай Аляксеевіч, якога ўсе называлі Калабком. Мы — спартсмены, ён — фізрук. На гэтым мы і сышліся. Мы пастаянна ладзілі паходы і ўдзельнічалі ў турзлётах. Неяк класам разам з бацькамі на некалькі дзён ездзілі на Прыпяць.

У нашага аднакласніка Жэні Еўда­кімчыка бацька быў саўладальнікам камерцыйнай фірмы, і ў іх на Прыпяці былі вельмі крутыя катары і поўны рыбалоўны рыштунак. Гэта быў цудоўны час! На жаль, калі мы былі дзевяцікласнікамі, Жэнька раптоўна памёр.

Спортам я стаў займацца з 7 класа. Тады ўжо стала праяўляцца зацікаўленасць дзяўчатамі, а, як я тады лічыў, творчасць не давала ачкоў, каб прыцягнуць увагу супрацьлеглага полу. Спяваць я саромеўся, але аднойчы на ўроку мне прыйшлося праспяваць, каб атрымаць добрую адзнаку па рускай літаратуры. Трэба было вывучыць на памяць казацкую народную песню “Ой, то не вечер…”, і настаўніца па­абяцала паставіць мне тры “дзясяткі”, калі я гэтую песню праспяваю. Адзін я саромеўся, і мы сталі спя­ваць з Косцем Чахоўскім (які пасля школы паехаў ў Піцер і зараз стаў вядомым кінаакцёрам).

Менавіта тады я пачуў першыя апладысменты. Абяцаныя “дзясяткі” паставілі, але мне здалося, што я ўвесь пачырванеў (“Я ж спартсмен! Як я мог так апраставалосіцца?” — праляцела ў думках). Але аказалася, што ўсё было не так дрэнна: запрашэнні праспяваць у школе і на гарадскіх пляцоўках упэўнілі, што я магу паказваць добрыя вынікі і на сцэне. Потым быў фестываль “Салігорскія зорачкі”, у якім мы з Косцем таксама прымалі ўдзел. Пасля гэтага я стаў атрымліваць запіскі ад дзяўчат, прыхільныя погляды…

Праз некаторы час са спортам прыйшлося завязаць, бо летам пасля 8 класа я зламаў шыю. Мы з сябрамі пайшлі купацца на кар’ер, і я няўдала скокнуў у ваду. Хлопцы занеслі мяне ў машыну, давезлі дадому, і я самастойна дайшоў да кватэры. Бацькам я пра гэта так і не расказаў, бо вельмі баяўся (тата быў вельмі строгі), хаця боль быў страшэнны.

— Вам пагражаў поўны параліч?

— Нейкім цудам гэтага не адбылося. Бацька дні чатыры быў у ад’ездзе, і гэты час я не хадзіў на вучобу, а ўвесь час ляжаў дома. Сам навязаў нейкіх штук на шыю, каб яна не рухалася, бо кожны рух прычыняў боль. Я нават не пайшоў у паліклініку, бо нават не думаў, што мог нешта зламаць. Боль патроху сціхаў. На запыты бацькі я казаў, што, відаць, проста застудзіў шыю. А праз месяц амаль усё прайшло.

Усё высветлілася толькі тады, калі я праходзіў прызыўную камісію. Мяне, як і ўсіх астатніх, адправілі на здымак. Калі я з ім прыйшоў да ўрача, ён не паверыў: “Відаць, тут нейкая памылка. Гэта не ваш здымак! У медыцынскай карце пра траўму нічога не запісана”. З паўторным здымкам мяне адправілі да траўматолага. Прыём вёў вопытны ўрач, які, агледзеўшы мяне, рэзюмаваў: “У маёй практыцы гэта першы выпадак, калі чалавек з такім пераломам ходзіць”. — А потым дадаў: “Сха­дзі ў царкву, пастаў свечку і падзякуй Богу за тое, што ты ходзіш, і ведай, што фактычна табе даравана другое жыццё”.

Канечне, пасля гэтага я сам жахнуўся, што нічога не сказаў і так рызыкаваў сваім здароўем і жыццём. Пасля пацвярджэння дыягназу мне сказалі, што жыць з гэтым можна (хаця пазванкі крыху няправільна зрасліся), але нельга рабіць некаторыя рэчы. Напрыклад, стаяць на галаве. (Смяецца.)

— Куды накіраваліся пасля заканчэння гімназіі?

— Усе хацелі, каб я, як дзядуля, стаў шахцёрам (гэта ж Салігорск, і прафесія шахцёра тут у пашане). У 104-м салігорскім вучылішчы набіралі групу па навучанні спецыя­лістаў шырокага профілю з адначасовым прысваеннем некалькіх кваліфікацый. І я, каб не расчара­ваць бацькоў, падаў дакументы. Але з самага пачатку я не мог зразумець, як кожны дзень на працягу жыцця буду спускацца ў шахту… Мне было гэта малацікава. Усе мары былі пра тое, як бы знайсці работу па душы, якая б давала мне магчымасць рэалізаваць сябе і ўвесь час расці.

Калісьці майму бацьку не дазволілі паступаць у музычнае вучылішча, таму што лічылі, што гэта не тая прафесія, якая будзе карміць. І гэта нягледзячы на тое, што ўсе яго выкладчыкі казалі, што па здольнасцях трэба абавязкова ісці па музычным профілі. Бацька скончыў сельгастэхнікум, вывучыўшыся на аўтамеханіка. А ў арміі захапіўся музыкай, іграў у ансамблі, які нават удзельнічаў у конкурсах. Вярнуўшыся з арміі, ён уладкаваўся на работу да дзядулі, але па выхадных іграў на танцах.

Акрамя таго, гэты быў добры прыбытак у сям’ю, бо за выхадныя ён зарабляў столькі ж, колькі за цэлы месяц, працуючы на аўтакране. Але справа была не ў грашах, а ў магчымасці самавыражэння. Салігорск — маленькі горад, і магчымасці ў ім абмежаваныя. У свой час мой зямляк Леанід Шырын, сёння вядомы кампазітар і музыкант, паехаў вучыцца ў Мінск, каб мець магчымаць рэалізаваць свой талент у музычнай сферы. І мне часам крыўдна за бацьку, бо ён вельмі любіць музыку і зараз часцяком бярэ гітару і іграе. Да таго ж, мне здаецца, у яго ёсць усе даныя быць артыстам.

Жыццё — гэта рулетка, і трэба жыць так, як табе хочацца, а не толькі ісці шляхам, які навяз­ваюць табе сваякі і знаёмыя. Гэта трэба дзеля таго, каб потым не шкада­ваць аб нязробленых справах. Зараз у Мінск пераехаў мой родны брат Ілья — выдатны піяніст і аранжыроўшчык, які пачынае рэалізоўваць свой талент. І бацька рады таму, што яго дзеці займаюцца музыкай — робяць тое, што некалі ён не змог зрабіць сам.

— Ці дапамагалі музычныя здольнасці вучыцца?

— У вучылішчы я адвучыўся год, які быў самым жахлівым у маім жыцці. Нас у групе было 32 хлопцы. І любое праяўленне творчасці выклікала канфлікт, спачатку схаваны, але які потым вырываўся на паверхню. Як вынік — перыядычныя сутычкі і бойкі. Унутраная напружанасць адчувалася пастаянна, і гэта не давала нармальна вучыцца, але я стараўся.

Вельмі запомнілася настаўніца па чарчэнні. З ёй было цікава нават проста пагаварыць. Менавіта з яе лёгкай рукі я стаў удзельнічаць у дабрачынных мерапрыемст­вах і конкурсах самадзейнасці. Але я адчуваў страшэнны дыскамфорт: спяваць перад аўдыторыяй хлопцаў, якім да маёй творчасці няма ніякай справы, вельмі цяжка. Неяк пазней мы з Аляксандрам Ціхановічам і Ядвігай Паплаўскай выступалі ў нейкай турме. Вось там я яшчэ раз адчуў такія самыя адносіны да сябе: на цябе глядзяць лю­дзі, якія асуджаюць твой знешні выгляд, прычоску, манеру паводзін, бо ў іх іншыя стандарты і законы.

Але менавіта ў вучылішчы я су­стрэў педагогаў, якія сапраўды былі асобамі: адкрытыя і чыстыя лю­дзі, якія не проста вялі свае прадметы, а вучылі нас зносінам і паво­дзінам у грамадстве, вучылі думаць і пры­маць рашэнні. Неяк на занятках па хіміі я спісаў выніковую кантрольную работу. Выкладчыца выклікала мяне і напрамую спытала: “Ты спісаў?” — “Так”, — адказаў я. “Ты адзіны, хто сказаў праўду, а я ж не дурная і бачу, хто з вас на што здольны”. Я ўжо быў гатовы перапісваць кантрольную, але за чэснасць яна мне паставіла станоўчую адзнаку.

А вось з майстрам адносіны не склаліся. Ён не разумеў майго імкнення да творчасці. І калі пасля музычнага форуму мне рэкамендавалі паступаць у Мінск, я пра свае планы расказаў майстру. І тут пачалося: ён стаў мяне пастаянна падбухторваць. Гэта было вельмі жорст­ка і абразліва, і я быў вымушаны адказваць на гэта. Асяроддзе, у якім я вучыўся, вымушала рабіць так.

— Якім было ваша знаёмства з прафесійнай сцэнай?

— Каб адвадзіць мяне ад сцэны, бацька дазволіў мне з яго сябрам паездзіць па канцэртах Паліны Смолавай, каб я ўбачыў закулісную кухню, як гэта цяжка, але мне, наадварот, гэта настолькі спадабалася, што я вырашыў будаваць музычную кар’еру.

Пасля першага курса я паехаў у Мінск і паступіў на эстрадны вакал у каледж мастацтваў. Па выніках іспытаў быў чацвёрты, але з-за мэтавікаў, якіх бралі з любымі адзнакамі на бюджэтнае навучанне, я трапіў толькі на платную форму. Спачатку было крыўдна, але навучанне каштавала тады нядорага, і я змог сам справіцца з гэтай праблемай.

Пасля мужчынскага калектыву я трапіў у сапраўдны кветнік — са мной вучылася вельмі многа дзяўчат.

Адчуваў сябе я нібы рыба ў ва­дзе. Было вельмі цікава высту­паць, рыхтаваць новыя песні. Шкада толькі, што не было магчымасці аб’ядноўвацца з навучэнцамі іншых спецыяльнасцей, каб ствараць цікавыя праекты — усе справаздачныя канцэрты адбываліся па аддзяленнях: вакалісты асобна, інструменталісты асобна, танцоры асобна. Справа ў тым, што калі музыканты робяць тое, што ім цікава, яны больш імкліва развіваюцца. А мы не мелі магчымасці аб’ядноўвацца.

На чацвёртым курсе я закахаўся, але сутыкнуўся з тым, што маёй абранніцы не вельмі падабалася мая публічнасць. Яна прасіла мяне менш выступаць, і я вырашыў паспраба­ваць жыць без сваёй мары. І 2 гады я не спяваў, але больш цярпець расставанне з музыкай не змог. За гэты час працаваў на аўтамыйцы, мене­джарам па продажы жалезабетонных канструкцый, гандляваў канцтаварамі…

— І што вас вярнула да музыкі?

— Аднойчы ехаў у транспарце і заўважыў аб’яву: музычны тэатр набірае артыстаў-танцораў у мюзікл “Вестсайдская гісторыя”, у пастаноўцы якога павінен быў удзельнічаць брадвейскі рэжысёр. І мая дзяўчына, як гэта было ні дзіўна, падтрымала мяне. Я прайшоў кастынг і пачаў працаваць. Новыя рухі, асаблівая джазавая пластыка, — мне было ўсё вельмі цікава.

У гэты момант мне патэлефанавала мая выкладчыца вакалу Алена Віктараўна Атрашкевіч і паведаміла, што прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” праводзіць кастынгі маладых артыстаў. “Чаму б не”, — падумаў я. Схадзіў. Праз месяц патэлефанавалі і папрасілі зноў прыйсці. Прыйшоў. У гэты час поўным ходам ішлі рэпетыцыі мюзікла. Яшчэ праз месяц пазванілі — зноў прыйшоў. Нарэшце мне ў 2012 годзе прапанавалі заключыць трохгадовы кантракт з прадзюсарскім цэнтрам. Для мяне гэта было вялікай радасцю.

Пастаянныя сустрэчы з заснавальнікам “Спамаша” Аляксандрам Уладзіміравічам Шакуціным і дырэктарам Сяргеем Краўшовым, выпрацоўка планаў і стратэгій, запісы песень і фотасесіі, удзел у конкурсах — усё праходзіла ў вельмі крутым фармаце, але пастаянна перашкаджала рэўнасць некаторых артыстаў, якія пачалі тэлефана­ваць, хлусіць і ставіць палкі ў колы. Безумоўна, гэта не адносіцца да ўсіх артыстаў прадзюсарскага цэнтра, але, на жаль, такое было.

З 2015 года ў мяне з’явіўся персанальны дырэктар — Сяргей Кухто. Менавіта з прыходам гэтага чалавека я стаў атрымліваць сапраўдныя веды, патрэбныя артысту, бо Сяргей мае вялікі вопыт работы на тэлебачанні і ў шоу-бізнесе. Ён мне расказаў пра “сакрэтныя” прадзюсарскія хады і па раскрутцы вакаліста, і па падборы рэпертуару.

Усё закруцілася вельмі хутка, але не так, як хацелася: я нават падумаць не мог, што акрамя творчасці і рэалізацыі сябе ў музыцы прыйдзецца займацца барацьбой за нейкае незразумелае лідарства.

Калі ты прыходзіш у нейкі калектыў ці прадзюсарскі цэнтр, табе расказваюць, што правільна, а што не. Але на самай справе ў музыцы не можа быць правільнага і няправільнага: імпульс павінен ісці ад самога артыста, яго ідэй і ўнутранага стану. Шмат хто мае сваю манеру выканання, не заўсёды правільную з пункту погляду вакалу, але калі гэта гучыць і ў гэтым ёсць запатрабаванасць слухачоў, чаму трэба ставіць чалавеку перашкоды? Думаю, сёння які-небудзь хлопец, які спявае, як Джэксан, не змог бы ў нас прабіцца, бо ён спяваў бы не так, як усе, — няправільна. Сёння на хвалі свабоды доступу да інфармацыі ўзнікла па­трэба ў цікавых артыстах, і, думаю, апгрэйд пачаўся ўжо.

Бяда нашай адукацыі ў тым, што тэорыя і практыка вельмі часта істотна адрозніваюцца. І выкладаць, асабліва ў музычнай сферы, павінны практыкі. А з практыкі людзі не пойдуць на выкладчыцкую работу найперш з-за невысокага заробку. І калі чалавек трапляе ў рэальныя ўмовы, часта многія сутыкаюцца з тым, што навучылі не зусім правільна ці не навучылі нейкім асновам увогуле. У нас рыхтуюць не спевакоў, а выкладчыкаў вакалу, таму, відаць, індустрыя шоу-бізнесу і не развіваецца. Мы ў каледжы былі першым наборам, а сённяшнія выпускнікі зусім іншыя. І з пункту погляду падрыхтоўкі спевакоў-эстраднікаў, як мне здаецца, гэта найлепшая навучальная ўстанова.

— Наколькі карысным было супрацоўніцтва з прадзюсарскім цэнтрам “Спамаш”?

— Для такой арганізацыі ты — выключна прадзюсарскі праект і вымушаны ўвасабляць чужое бачанне цябе на сцэне. Безумоўна, ёсць артысты, якіх у такой сітуацыі абсалютна ўсё задавальняе, але ў тых, хто імкнецца дя самавыражэння, узнікаюць праблемы.

Для многіх работа ў такім цэнтры асацыіруецца з мільёнамі. Але я, як і іншыя артысты, проста атрымліваў звычайную зарплату, на якую пражыць было немагчыма. Улічваючы яшчэ і тое, што як медыйная персона ты павінен заўсёды выглядаць на 100% і не маеш права ўпасці тварам у гразь. Таму, працуючы ў “Спамашы”, я доўгі час па начах падпрацоўваў таксістам.

Нягледзячы на тое, што сёння “Спамаш” — лепшы прадзюсарскі цэнтр Беларусі, у нашых умовах гэта не працуе. Прафесіяналаў у гэтай сферы ў нас няма з-за тэрытарыяльнай абмежаванасці — тыя, хто хоча развіцця, часта з’язджаюць у буйныя краіны і там раскрываюць свой патэнцыял.

Але тое, што дала мне работа ў прадзюсарскім цэнтры, неацэнна. Каласальны вопыт, набыты мной у час зносін, сведчыць, што час патрачаны не дарма. Я шмат чаму навучыўся і зараз ведаю, што мне рабіць.

Вельмі ўдзячны Аляксандру Уладзіміравічу Шакуціну, заснавальніку “Спамаша”, за магчымасць працаваць у цэнтры, прадукцыйныя зносіны і вопыт. Шмат у чым ён з’яўляўся для мяне настаўнікам. І нават калі паступалі прапановы з Маск­вы, я адмаўляўся, таму што лічыў, што здраджваць Аляксандру Ула­дзіміравічу, які заснаваў арганізацыю, каб дапамагаць маладым артыстам, і які паверыў у мяне, нельга.

Павінна быць здаровая канкурэнцыя і калектыў, якога, на жаль, ніколі не было ў “Спамашы”. Павінна быць дружба паміж калегамі-выканаўцамі і агульная спрыяльная атмасфера ўзаемаразумення і падтрымкі ў жыцці, а не плёткі на тэлеэкране.

— Што вам дала перамога на “Славянскім базары”?

— Гэты быў пераломны момант у маім жыцці. Менавіта падрыхтоўка да “Славянскага базару” была самым насычаным у прафесійным плане часам. Гэта была трэцяя спроба ўдзелу, але ў 2016 годзе сістэм­насць і мэтанакіраванасць далі вынік.

Калі я перамог у адборы на “Славянскі базар”, Шакуцін запрасіў для работы са мной у якасці PR-мене­джара Сяргея Андрыянава, які ўжо меў вопыт работы з украінскімі і расійскімі зоркамі, добра арыентаваўся ў сферы шоу-бізнесу і ведаў шэраг прафесійных сакрэтаў. Ён фантанаваў ідэямі і рэалізоўваў іх, фактычна з’яўляючыся і дырэктарам.

Менавіта тады я зразумеў, што самае галоўнае ў рабоце на вынік — давер, разуменне і павага. З самага старту ў нашых адносінах гэта прысутнічала. І работа закіпела: са стылістам па касцюмах Дзмітрыем Забалотным і стылістам-цырульнікам Лалітай Угуран-Туміловіч, педагогам па вакале Людмілай Куц, педагогам па маўленні Дзінай Тыцюк, музычным кіраўніком Леанідам Шырыным, аранжыроўшчыкамі Максімам Пугачовым і Віталем Вячэрскім і шмат кім іншым. Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская слухалі ўсе нашы работы і ўносілі карэкціроўкі, Міхаіл Фінберг і ўвесь яго аркестр таксама вельмі дапамаглі атрымаць добры вынік. Яшчэ раз шчыры дзякуй усім гэтым людзям, а таксама, безумоўна, Аляксандру Уладзіміравічу Шакуціну.

Я ўбачыў, як гэта можа праца­ваць. Адчуў тое, чаго не адчуваў на працягу чатырох гадоў у “Спамашы”. На гэты раз да маёй думкі прыслухоўваліся значна больш, лічыліся з маімі меркаваннямі — я адчуваў сябе асобай, а не проста прадзюсарскім праектам, якому “спецыялісты” загадваюць, што і як рабіць.

І чым бліжэй было да “Славянскага базару”, тым больш мне станавілася сумна, што работа з камандай маёй мары заканчваецца. Выступленне ў першым туры прайшло выдатна, а вось другое было не настолькі эмацыянальным, як мне хацелася. Але па суме адзнак журы я стаў лідарам. Гэта была перамога нашай вялікай каманды.

А потым, калі сапраўды была магчымасць актыўна выступаць, настаў час зацішша (справа ў тым, што я не меў права без адабрэння “Спамаша” ўдзельнічаць ні ў адным канцэрце). Я спрабаваў сустрэцца з кіраўніцтвам цэнтра, але некалькі месяцаў была суцэльная цішыня і пустэча.

У сувязі з тым, што я некалькі разоў добра паказваўся на “Еўрафэсце” і перамог на “Славянскім базары”, ад Белтэлерадыёкампаніі нават паступіла прапанова па­слаць мяне на “Еўрабачанне”. Але чамусьці “Спамаш”, нічога мне не паведаміўшы, адмовіў. Калі я даведаўся пра гэта, было вельмі непрыемна і незразумела. Я не крыўдую і не злуюся, што я не трапіў на гэты песенны конкурс. Проста да гэтага часу так ніхто нічога не патлумачыў, што адбывалася ў мяне за спінай.

У выніку я напісаў заяву на скасаванне кантракта, і мне, нават без сустрэч і размоў, далі “вольніцу”, пры гэтым я падпісаў паперу, што не маю права выконваць ні адну песню з тых, што былі падрыхтаваны за час маёй работы ў прадзюсарскім цэнтры. Я апынуўся у сітуацыі, калі прыходзілася адмаўляцца ад усіх выступленняў з-за таго, што ў мяне раптоўна знік увесь рэпертуар, нават тыя песні, якія я выконваў на “Славянскім базары”, бо іх аранжыроўкі рабіліся за кошт цэнтра. Па нейкім шчаслівым выпадку і выпадковых абставінах мне застаўся творчы псеўданім, чаму я вельмі рады і ўдзячны кіраўніцтву “Спамаша”. Але ў любым выпадку мне прыйшлося пачынаць усё спачатку.

— На што накіраваны вашы памкненні зараз?

— Сёння я мару аб сваёй камандзе аднадумцаў, якая будзе працаваць на вынік і на ўзаемнае задавальненне. Я выйшаў з паласы песімізму і зразумеў, што час ідзе. Вельмі хочацца, каб маладосць не заканчвалася, бо час дыктуе новыя ўмовы. І калі ты не будзеш паспя­ваць за часам, застанешся ў аўтсайдарах. Дзякуючы набытаму вопыту, я адмежаваўся ад непатрэбных крокаў і непатрэбных людзей. На сёлетнім “Славянскім базары” мы прэзентавалі новы трэк “Крышку без цябе”, напісаны маім добрым сябрам Мікітам Найдзёнавым. Вялікі дзякуй за ўдзел у падрыхтоўцы музычнага матэрыялу Андрэю Кацікаву і Уладу Пашкевічу са студыі ToneTwins, майму брату Ільі і гітарысту Раману Гарбацкаму, якія былі разам са мной на сцэне “Славянскага базару”. Пачынаецца адраджэнне Фенікса.

Шкада толькі, што лёс развёў нас з Аляксандрам Уладзіміравічам Шакуціным. Але я спадзяюся, што мы яшчэ сустрэнемся і пагаворым.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Аляксея ГРОСА.