Тэхнічнае мадэляванне — адзін з папулярных кірункаў, якому аддаюць перавагу выхаванцы Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Школьнікі, якія толькі пачынаюць вучыцца канструяванню, займаюцца ў клубе «Ладдзя». Тыя, хто ўжо мае пэўныя навыкі, пераходзяць у «Фрэгат», расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» педагог дадатковай адукацыі Аляксей Васільеў.
— Мадэляванне суднаў цікавы, але вельмі карпатлівы працэс, які патрабуе ўседлівасці і ўвагі, — распавядае А. Васільеў. — Я пачаў займацца гэтым тэхнічным відам спорту, калі быў другакласнікам. Сёння рыхтуюся да Кубка свету па стэндавым мадэлізме, які адбудзецца ў Мінску напрыканцы красавіка. Да яго вырабіў нямецкі катарны тральшчык. Даўжыня карабля дасягае 1,2 м, а працаваў я над ім 6 гадоў.
Дзеці на пачатковым этапе працуюць з паперай. Калі ўжо навучыліся карыстацца самымі простымі інструментамі, навучэнцы пераключаюцца на выраб лёгкіх мадэлей, пераходзяць на станкі. Прычым матэрыялы для работы выбіраюцца самыя розныя — драўніна, пластык, метал, тэксталіт.
— Паралельна з гэтым яны знаёмяцца з электронікай, — дадае педагог. — Самае простае, што павінны ўмець кружкоўцы, — гэта падключыць рухавік. Я заўсёды гавару, што тыя, хто займаецца ў нас, — маленькія інжынеры. Таму што яны пазнаюць асновы гэтай прафесіі і ведаюць матэрыялазнаўства, электроніку, станочнае абсталяванне і чарчэнне. Калі пойдуць вучыцца ў каледжы, яны з лёгкасцю справяцца з любым чарцяжом.
Больш вопытныя вучні А. Васільева працуюць над мадэлямі, з якімі выступаюць на рэспубліканскіх спаборніцтвах па суднамадэльным спорце. Адна з конкурсных работ — стэндавая мадэль баркаса «Баўнці», якая знешне поўнасцю супадае з сапраўдным караблём. У суднамадэлізме ёсць адно важнае правіла: трэба абавязкова вывучаць інфармацыю пра будучы выраб. Дзякуючы такому падыходу атрымліваецца мадэль, якая амаль нічым не адрозніваецца ад арыгінала, хіба толькі памерамі.
— Усе выратавальныя шлюпкі, якія перавозяцца на караблі, маюць такую ж афарбоўку, як і судны, на якіх яны знаходзяцца, — заўважае педагог. — Над грамадзянскімі караблямі працаваць лягчэй, а ваенныя патрабуюць асобнага падыходу, там неабходна ведаць шмат нюансаў. Напрыклад, знакаміты крэйсер «Аўрора». Яго сённяшняя афарбоўка адпавядае той, якая была падчас Вялікай Айчыннай вайны. Калі «Аўрора» сышла са стапеля, то была белага колеру, а падчас Цусімскай бітвы — чорнай. Наогул, чорнымі былі ўсе расійскія караблі, якія прымалі ўдзел у гэтай бітве. Такім чынам, вучні даведваюцца шмат цікавых фактаў.
Перш чым пабудаваць мадэль, навучэнец бярэ чарцёж і вызначае, у якім маштабе будзе яе рабіць. Гэта таксама мае значэнне, бо ў класіфікацыі спаборніцтваў ёсць мадэлі, якія дасягаюць у даўжыню 600 ці 900 мм, а ёсць і па 1,5 ці 2,5 м.
Слухаючы Аляксея Пятровіча, задаю заканамернае пытанне: напэўна, з вялікімі мадэлямі працаваць куды прасцей. Але высвятляецца, што гэта памылковае меркаванне.
— Калі вырабляем карабель, даўжыня якога 2,5 м, — усё тое, што ёсць на судне, прапрацоўваецца да апошняй шрубкі, да апошняй дробязі, — прыводзіць прыклад А. Васільеў. — Дасканалая мадэль ствараецца не адзін месяц, а некалькі гадоў.
Як і сам педагог, яго вучні штогод прымаюць удзел у спаборніцтвах па суднамадэльным спорце. Напрыклад, былы вучань Аляксея Пятровіча Ягор Шыкавец — шматразовы прызёр і чэмпіён краіны па суднамадэльным спорце. Сёння малады чалавек вучыцца ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, а Маша Дварэцкая — студэнтка МДЛУ — кандыдат у майстры спорту па суднамадэльным спорце.
Перш чым адпусціць мадэль у плаванне на спаборніцтвах, яна павінна прайсці выпрабаванне на мясцовым вадаёме.
— За вызначаны правіламі міжнароднай навігацыі час — а гэта 7 мінут — судна павінна прайсці ўсю дыстанцыю. Пасля гэтага тэхніка пачынае швартавацца. Калі карабель усё робіць правільна, ён атрымлівае максімальныя 100 балаў, — тлумачыць А. Васільеў.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА