Андрэй СЕДУН, прарэктар па вучэбнай рабоце БДЭУ: “Дыстанцыйнае навучанне — гэта сучасныя веды ў лічбавым фармаце”

- 15:13Вышэйшая школа
sedyn

У Беларусі ўжо напрацаваны пэўны вопыт дыстанцыйнага навучання. Чакаецца, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яно будзе вылучана ў асобную форму атрымання адукацыі (нароўні з дзённай і завочнай) і гэта надасць яму моцны імпульс для развіцця. А пакуль універсітэты актыўна эксперыментуюць, уводзячы элементы дыстанцыйнага навучання ў вучэбны працэс на дзённай і завочнай форме. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце з верасня мінулага года рэалізоўваецца ўнікальная для нашай краіны праграма дыстанцыйнай адукацыі па спецыяльнасці “Правазнаўства” (спецыялізацыя “гаспадарчае права”) для студэнтаў, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю.

Сёлета як працяг мінулагодняга эксперымента абвешчаны набор на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” (таксама на базе вышэйшай адукацыі).

Пра асаблівасці дыстанцыйнага навучання ў вядучым эканамічным універсітэце краіны расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце БДЭУ, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Андрэй СЕДУН.

sedyn1— Андрэй Максімавіч, летась набор на дыстанцыйнае навучанне ў вас прайшоў з аншлагам. Чаму гэтая форма аказалася такой прывабнай для людзей, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю?

— Сапраўды, для студэнтаў, якія прыйдуць атрымліваць другую вышэйшую адукацыю ў дыстанцыйнай форме, першапачаткова мы запланавалі 20 месцаў. А набралі больш за 60! Попыт утрая перавысіў нашы чаканні.

Справа ў тым, што мы жывём у свеце, які вельмі хутка змяняецца, актыўна карыстаемся гаджэтамі і інтэрнэтам, прымаем рашэнні зыходзячы з магчымасцей інфармацыйных тэхналогій. Калі параўнаць тэмп нашага жыцця з тым, як было 5—10 гадоў назад, то ён вырас у некалькі разоў. Многія дарослыя людзі, якія даўно працуюць, сутыкаюцца з неабходнасцю атрымання новых ведаў. Гэта можа быць звязана з іх прафесійным ростам, калі, напрыклад, інжынер ці педагог, каб развівацца, рабіць кар’еру ці эфектыўна весці прыватны бізнес павінен атрымаць юрыдычную або эканамічную адукацыю.

Людзі, якія хочуць рухацца па кар’ернай лесвіцы, у пэўны момант сутыкаюцца з неабходнасцю атрымання новых ведаў. Другую вышэйшую адукацыю ў БДЭУ атрымліваюць і прадпрымальнікі, і чыноўнікі, і інжынеры, і настаўнікі. Яны выбіраюць для вывучэння спецыяльнасці права і эканомікі: “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Маркетынг”, “Лагістыка”, “Фінансы і крэдыт”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” і інш. Гэта дазваляе ім лепш разумець работу сістэмы і ўпэўнена кіраваць працэсамі, што адбываюцца ў іх арганізацыях і ў галінах.

Другая прычына заключаецца ў тым, што беларуская эканоміка адкрытая. Нас закранае ўсё, што адбываецца ў свеце, у тым ліку аўтаматызацыя прамысловых прадпрыемстваў, банкаўскай сферы, гандлю. Гэта значыць, што традыцыйныя рабочыя месцы пачынаюць моцна трансфармавацца, некаторыя спецыяльнасці ў найбліжэйшы час увогуле знікнуць. Спецыялісты-прафесіяналы разумеюць, што іх рабочыя месцы пад пагрозай, рынак працы звужаецца. Натуральна, яны шукаюць новае прымяненне сваім талентам. І мусяць вучыцца, набываць тыя кампетэнцыі, якія будуць запатрабаваны ў недалёкай будучыні.

Якраз на гэтых людзей і нацэлены нашы адукацыйныя праграмы. Сярэдні ўзрост студэнтаў, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю, прыкладна 27—30 гадоў. У іх ёсць работа, дом, пэўныя захапленні, але няма магчымасці кідаць усё гэта, каб двойчы ў год прыязджаць на сесіі, якія доўжацца каля 3 тыдняў. Дыстанцыйнае навучанне для такіх людзей — выдатная магчымасць атрымаць патрэбныя ім веды ў спрыяльных умовах.

— У чым самае важнае адрозненне дыстанцыйнага навучання ад завочнага?

— Напачатку, калі мы толькі распрацоўвалі тэхналогію, думалі, што дыстанцыйная форма будзе блізкая да завочнай (усе дысцыпліны, якія прапаноўваюцца для навучання, рэалізаваны ў выглядзе электронных курсаў, і ў адрозненне ад завочнікаў студэнты дыстанцыйнай формы прыязджаюць ва ўніверсітэт толькі для здачы залікаў і экзаменаў). Але сёння відавочна: па тэмпе вывучэння дысцыплін і ўзаемадзеянні з выкладчыкамі дыстанцыйнае навучанне больш набліжана да дзённай формы.

На класічную завочную форму да нас паступаюць, як правіла, жыхары з Мінска і прыгарадаў, бо трэба прыязджаць ва ўніверсітэт на сесіі. А на дыстанцыйнай форме з’явілася шмат студэнтаў з рэгіёнаў. Няма розніцы, дзе чалавек знаходзіцца фізічна, — увесь вучэбны матэрыял ёсць на нашым партале і даступны студэнту ў любы час.

Галоўная перавага дыстанцыйнага навучання ў плане якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў (у параўнанні з завочнай формай) заключаецца ў тым, што можна арганізаваць рытмічны вучэбны працэс паміж сесіямі. Праграма пабудавана так, што адначасова студэнты вывучаюць не больш за дзве дысцыпліны. Кожная дысцыпліна падзяляецца на модулі (працягласцю ад 3 да 7 тыдняў), і ў канцы кожнага тыдня студэнты павінны выканаць кантрольнае заданне. Выкладчык правярае гэтае заданне, ставіць адзнаку — і студэнт рухаецца далей.

Мы ўсіх папярэджваем: працэс пабудаваны такім чынам, што трэба пастаянна, штодзённа займацца. Зрэшты, людзей, якія жадаюць атрымаць другую вышэйшую адукацыю, гэта не пужае. Наадварот, не адмаўляючы важнасць дыплома эканамічнага ўніверсітэта, яны падкрэсліваюць, што прыходзяць да нас найперш за ведамі.

Такім чынам, перыядычны кантроль, рэгулярнасць і сістэмнасць навучання працуюць на якасць адукацыі. Адначасовае вывучэнне дзвюх дысцыплін не перагружае студэнта, і кожны вечар ці з раніцы (у любы зручны для сябе час) ён можа ўдзяліць вучобе дастаткова ўвагі. Мы разлічылі нагрузку так, каб на адну дысцыпліну студэнт затрачваў каля 4—5 гадзін на тыдзень. Зразумела, камусьці трэба больш часу, камусьці — менш, але павялічваць нагрузку непажадана, бо гэта можа выклікаць запазычанасці і зніжэнне выніковасці работы. А калі студэнт рытмічна працуе ў зручным для сябе рэжыме, у яго і адносіны да вучобы зусім іншыя, і якасць падрыхтоўкі ўзрастае.

Вельмі важна, што студэнты дыстанцыйнай формы знаходзяцца ў пастаянным кантакце з выкладчыкамі і могуць аператыўна атрымаць адказы на свае пытанні праз форум ці асабістае паведамленне. Нават у студэнтаў дзённай формы няма такой магчымасці! У дачыненні да дыстанцыйнага навучання можна ўпэўнена гаварыць пра індывідуальны падыход. Выкладчык кіруецца запытамі канкрэтнага студэнта і можа падбіраць спасылкі, практычныя заданні і кейсы ў залежнасці ад таго, у якой сферы той працуе, якія вытворчыя задачы вырашае.

— Як арганізаваны працэс падрыхтоўкі электронных курсаў?

— На дыстанцыйную форму мы прыцягнулі кваліфікаваных выкладчыкаў — лідараў у сваіх напрамках. Гэта і прафесура, і маладыя выкладчыкі, дацэнты і асістэнты, якія ўносяць у працэс шмат новага — практыка-арыентаваны падыход, творчыя заданні (сітуацыйныя задачы, якія прымушаюць чалавека думаць і прапаноўваць рашэнні на аснове вывучанага матэрыялу і ўласнага вопыту).

Пры гэтым мы адразу вырашылі, што ад выкладчыкаў патрабуюцца толькі іх напрацоўкі, а выбудаваць электронны курс ім дапамагаюць высокакваліфікаваныя метадысты. У нас створаны вучэбна-метадычны аддзел па дыстанцыйнай форме навучання. Выкладчык прапаноўвае метадыстам свае (аўтарскія) матэрыялы і ідэі наконт іх прэзентацыі, і яны разам прадумваюць, як гэта найлепш прадставіць у электронным выглядзе.

Такім чынам, мы разгрузілі выкладчыкаў ад неўласцівай ім работы. Іх асноўная задача — даваць студэнтам веды, а стварэннем электроннага кантэнту займаюцца метадысты. Дзякуючы гэтаму, усе курсы выбудоўваюцца метадалагічна правільна. І выкладчыкі гэта цэняць.

Трэба сказаць, што тэксты лекцый — гэта базавы матэрыял. Ён падмацоўваецца прэзентацыямі і відэаролікамі. У нас няма задачы запісаць і выкласці на нашых YouTube-каналах усе лекцыі, прызначаныя для студэнтаў дзённай формы. Але ўсё, што выкладчык хоча патлумачыць асобна (найбольш цікавыя ці найбольш складаныя моманты, новыя перспектыўныя галіны навукі, цікавыя прыклады практычнага прымянення), запісваецца і з’яўляецца на партале.

Дарэчы, кожны выкладчык зрабіў невялікі ролік, які прэзентуе яго дысцыпліну, расказвае, чым яна цікавая і чаму патрэбная. Многія з тых, хто прыйшоў да нас на дыстанцыйнае навучанне, прызналіся, што зацікавіліся адукацыйнай праграмай менавіта дзякуючы такім ролікам (на нашых каналах яны ў вольным доступе).

— Андрэй Максімавіч, на Захадзе вельмі папулярныя масавыя анлайн-курсы (MOOC), калі для навучання можна выбраць нейкі адзін прадмет. Напрыклад, у чалавека ўжо ёсць эканамічная ці юрыдычная адукацыя, але ён хоча атрымаць веды ў новай галіне (смарт-кантракты, гандаль крыптавалютамі, анлайн-гандаль ці інш.). БДЭУ ўжо мае вопыт дыстанцыйнага навучання. Ці плануеце распачаць падобныя анлайн-курсы? І ўвогуле, як будзе развівацца згаданы накірунак?

— Мы вырашылі пачаць з дыстанцыйнага навучання для студэнтаў, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю. Бачым, што гэта ў нас добра атрымліваецца, нам удалося дасягнуць высокага ўзроўню. Цяпер можна распаўсюджваць тэхналогію і ў іншых кірунках падрыхтоўкі, у тым ліку павышэнне кваліфікацыі па пэўных спецыяльнасцях і дысцыплінах.

Што да І ступені адукацыі, то там дыстанцыйнае навучанне не плануем. Людзі, якія ўжо маюць вышэйшую адукацыю, вельмі матываваныя. Яны добра разумеюць, што ім насамрэч трэба і дзеля чаго яны вучацца. Наколькі былы школьнік здольны прымусіць сябе сістэмна займацца — гэтае пытанне патрабуе асобнага вывучэння. А вось выпускнікам каледжаў, якія ўжо працуюць і вучацца ў нас на завочнай форме, у якасці эксперымента будзем прапаноўваць некаторыя элементы дыстанцыйнага навучання. Пагля-дзім, як пойдзе. Стаіць задача ні ў якім разе не знізіць, а павысіць якасць адукацыі.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДЭУ.