АПУСЦЕЛА БЕЗ ЦЯБЕ ЗЯМЛЯ…

5 сакавіка 2017 года не стала нашай Віталіны… Віталіны Аляксандраўны Папковіч, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі, члена клуба “Крыштальны журавель”, асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў і рэспубліканскага педагагічнага таварыства, любячай жонкі і мамы, а таксама вялікай душы Чалавека.

І хаця мы ведалі, што яна сур’ёзна хварэла, і ўрачы не пакідалі надзеі, але ўсё роўна спадзяваліся на цуд, таму што наша Віталінка і сама была такім цудам. Такія людзі — светлыя і шчодрыя — не павінны сыходзіць так рана!

Віталіна Аляксандраўна — настаўнік, які імкнецца дастукацца да кожнай юнай душы, даверанай ёй. На ўсіх яе занятках веды ўзорамі спляталіся з мудрасцю жыцця і дарыліся дзецям з неверагоднай цеплынёй і любоўю. Заўзятасць, аптымізм і радасць адкрыццяў, поспех і шчырая вера ў дабро — складнікі яе ўрокаў.

Яна шчодра дзялілася сваім бясцэнны вопытам з калегамі, пісала падручнікі, дапаможнікі. Няспынна выступала на семінарах, канферэнцыях і майстар-класах і не дазваляла ні на секунду ўсумніцца ў значнасці ўсяго таго, у што ўкладвала душу. Віталіна — яркі прыклад дасканалага настаўніка.

У нашых сэрцах яна назаўсёды застанецца жыццярадасным, светлым, добрым і шчырым чалавекам. Чалавекам, які імкнуўся ўсё паспець і быць лепшым. Чалавекам слова і справы. Віталіна — сімвал дабрыні, таленту і радасці.

Як бы цяжка ёй ні было, для яе важней за ўсё было сагрэць сваёй увагай і любоўю тых, хто быў для яе дарагім. Бачыць усіх шчаслівымі — залог яе шчасця. Яна была цудоўнай сяброўкай, пра якую толькі можна марыць. Умела слухаць і чуць, у неабходны момант падбадзёрыць і знайсці патрэбныя словы падтрымкі, была гатова прыйсці на дапамогу і шчыра радавалася чужым поспехам. Кожнае імгненне побач з ёй здавалася пранізаным святлом, дабрынёй і любоўю.

Зусім нядаўна ў інтэрв’ю на старонках нашай “Настаўніцкай” яна пажадала ўсім нам быць шчаслівымі. І менавіта яна, як ніхто іншы, мела права на гэтыя словы, таму што сама была шчаслівым чалавекам. У яе была любімая работа, родны дом, любімая сям’я, верныя сябры.

А яшчэ яна аднойчы напісала: “Жыццё — гэта не пражытыя гады, а ўражанні і эмоцыі, якія застануцца ў памяці”. У нашай памяці застанецца многа. І мы будзем памятаць цябе. І цягнуцца да цябе, імкнуцца быць лепшымі. Ты наш першы Жураўлік, які паляцеў далёка-далёка, але ўсё роўна ты назаўсёды з намі.

Члены клуба “Крыштальны журавель”

Якой застанецца Віталіна ў нашай памяці, я не ведаю, бо кожны чалавек успрымае іншага па-свойму. Я паспрабую толькі сказаць, якой яна была для мяне. Як цяжка пісаць слова “была”… Жыццё кожнага чалавека — гэта чарада падзей, а для мяне гэта чарада ўражанняў. Я дрэнна запамінаю факты, нейкія акалічнасці, я калекцыянірую эмоцыі. Адным з такіх уражанняў, якія і напаўняюць маё жыццё, быў конкурс прафесійнага майстэрства 2009 года. Менавіта там на абласным этапе лёс звёў нас з Вітай як сапернікаў. Адразу былі прыметны яе майстэрства і прафесіяналізм, яе вопыт і педагагічны такт, яе самабытнасць і ўлюбёнасць у прафесію. Гэта быў моцны сапернік, які па праве стаў лепшым настаўнікам Брэсцкай вобласці. Наперадзе была падрыхтоўка да рэспубліканскага этапу. І тут мы становімся членамі адной каманды, садзімся ў адну лодку і вяслуем. У перыяд падрыхтоўкі і самога фіналу ўдзельнікі пачынаюць пазнаваць адно аднаго не толькі як калег, але і як звычайных людзей — з іх звычкамі і слабасцямі, з захапленнямі і сямейнымі праблемамі. У перыяд напружання ўсе ўдзельнікі вельмі хутка згуртоўваюцца ў адзін арганізм, у кожнага з’яўляецца сваё прызначэнне: тут ёсць чалавек-радыё, чалавек-гумар, чалавек-скала і г.д. Віта — чалавек-светач, той, які цёпла і спакойна свеціць вакол сябе. Ппобач з ёй было спакойна і светла, утульна, яна ўмела так тактоўна і роўна супакоіць, і падбадзёрыць. Мне здаецца, мы разумелі, у чым яе сакрэт. З ёй побач заўсёды была яе сям’я: муж Саша, які вельмі часта быў падобны да яе трэнера, і яе дзеці… У перыяд конкурсу ва ўдзельнікаў 2009 года склалася традыцыя. Калі нехта на этапах пачынаў наракаць і здавацца, мы гаварылі: “Усё добра. Мы любім цябе!” Віта заўсёды была мужнай, нам не даводзілася яе падтрымліваць, але сёння мне хочацца сказаць ад нас усіх: “Віта, мы любім цябе!”

Юрый АНДРЭЙЧЫК,
член клуба “Крыштальны журавель”.

Жыццё скарацечнае. Гэта прапісная ісціна. Чаму ж так сціскаецца сэрца ад болю і слёз?

Памяць… Усё захавае яна, наша памяць. Кожнае імгненне, нашы агульныя справы, цеплыню сустрэч і зносіны, тваю ўсмешку і аптымізм.

У 2009 годзе на фінал конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” мы (“жураўлі”) вырашылі ўстанавіць спецыяльны прыз для таго з удзельнікаў, хто будзе сёмым і не ўвойдзе ў шасцёрку суперфіналістаў. Мы доўга думалі і назвалі гэты прыз “Надзея”. Менавіта яго ўручала Ірына Клявец, пераможца конкурсу “Настаўнік года” (2006 года) сёмаму ўдзельніку. Ім была Віталіна Аляксандраўна Папковіч.

Так адбылася наша першая сустрэча.

На закрыцці конкурсу мы толькі знаёміліся. Жыццё і работа ў клубе — гэта рэдкія сустрэчы — семінары, канферэнцыі, выезды, работа ў Азёрах — на нашым летнім семінары. Менавіта ў час работы адбывалася наша далейшае знаёмства і, канечне, зносіны.

Святло і ўсмешка, дабрыня і гумар, цяпло і радасць — вось святло тваіх вачэй, Віталіна. Ты паспявала ўсюды: першай прачытаць артыкул у “Настаўніцкай” і абавязкова пазваніць, павіншаваць. Ніколі не была абыякавай да праблем школы. І гэта не проста словы. Ты працавала, ты хварэла душой за вучняў, бацькоў і, канечне, настаўнікаў. Заўсёды з увагай ставілася да кожнага з нас. І мы дакладна ведалі: вось яна — падтрымка. Вось яна — увага. Вось яна — рука сябра.

Сонечны і яркі чалавек. Чалавек-ідэя, чалавек-работа, чалавек-мудрасць і чалавек-ЛЮБОЎ. Менавіта любоў сагравала і дапамагала табе і тваім вучням. Як бы ні было цяжка, заўсёды побач любячыя муж і дзеці. Менавіта такім сямейным падрадам вы пакаралі тую вяршыню, якая называлася “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Вы ездзілі здымаць фільмы пра невялікія гарады Беларусі. Якое шчырае і яркае відэа вы стварылі пра Жабінку! Любоў у кожным слове тваіх дзяцей, якія праводзяць экскурсію па горадзе, і ў кожным кадры, знятым тваім мужам Аляксандрам, і ў кожным слове тэксту, які ты напісала. Менавіта любоў адчуваў кожны з нас у зносінах з табой. Любоў, якая дапамагала і сагравала.

Мудрасць і яркасць, талент і жыццялюбства, адкрытасць і радасць зносін несла ты ў гэты свет.

Я ўдзячна лёсу, што ў маім жыцці была і ёсць ты, Віталіна. Сонца і дабро, справядлівасць і любоў. Дзякуй табе за гэта. Дзякуй табе, што ты заўсёды знаходзіла словы, каб падбадзёрыць, заўсёды трымала руку на пульсе і была поўная энергіі і ідэй не толькі ў рабоце ў школе, але і ў клубе, у асабістых зносінах. Дакладна ведаю, што твой жыццёвы шлях — прыклад работы і ўзаемаадносін, любові да жыцця і радасці зносін, прыклад палёту. Для многіх. Я не магу стрымаць слёз. Разумею, гэта эмоцыі. Ведаю, што ты б мне сказала. Менавіта за гэта я любіла і люблю цябе.

Ты ў нашых сэрцах. У нашай памяці. Ты наша надзея. І любімы Журавель. Высокага палёту табе, Віталінка.

Вольга СЧАСНОВІЧ,
член клуба “Крыштальны журавель”.

Каментарыі да “АПУСЦЕЛА БЕЗ ЦЯБЕ ЗЯМЛЯ…

  1. Які жаль… Толькі адзін тыдзень у маім жыцці была побач Віталіна. Але гэты тыдзень застаўся яскравай падзеяй . Добры чалавек, прыгожая жанчына, таленавіты настаўнік, выдатная сяброўка. Ласкавый погляд, такія добрыя пранікненныя вочы, шчырая усмешка, жаданне заўседы дапамагчы- такой памятаю Віталіну. Думалася, што шмат чаго яшчэ наперадзе, марылася пра сустрэчу. Напэўна, недзе на нябёсах патрэбны лепшыя) . Вечная табе памяць.

  2. Якая крыўдная і непапраўная страта! Шчыра спачуваю сям’і настаўніцы, хай Бог дасць сіл мужу і дзеткам перажыць гэты боль.

  3. Вольга 14.03.2017 at 14:55 - Reply

    Гэта ад тваіх калег, Віталінка:
    Чаму ж ты, наша Вітка, так рана адцвіла?

    Адламалася галінка.
    Пайшла наша Віталінка
    Ад сям’і і ад сяброў, ад вучняў мілых, ад званкоў.
    Пайшла ад нас, і ўжо ніколі
    Цябе мы не пачуем больш у школе.
    Балюча нам і цяжка ў журбе,
    Бо кожны новы верасень
    Настане без цябе.
    Ты не паклічаш больш за парты
    Маленькіх кемлівых дзяцей.
    Вяселы смех твой, твае жарты
    Больш не падаруешь для людзей.
    Не доўгім был твой век,
    Але яскравым.
    Ты ўсім свяціла позіркам ласкавым.
    Ты ўсюды паспявала, усе магла.
    Чаму ж ты, наша Вітка,
    Так рана адцвіла?
    Мы адказ на пытанне шукалі,
    Ды дарма. Мы яго не знайшлі.
    Мо цябе на нябесах чакаюсь
    Тыя вучні, што ў рай адышлі?

    Аўтар: Алена Умараўна Нагар

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *