Арыенцір на якасць

- 11:20Планёрка ў рэгіёне

Час ляціць непрыкметна, ужо падыходзіць да завяршэння другая чвэрць навучальнага года. Чым адметнае першае паўгоддзе для сістэмы адукацыі раёна, якія яе дасягненні і задачы на перспектыву, расказвае госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Генадзьеўна КУЧЫНСКАЯ:

— Першае паўгоддзе было насычана запамінальнымі падзеямі, творчымі справамі, цікавымі праектамі. Менавіта на жнівеньскай нарадзе былі вылучаны асноўныя задачы — як пастаўленыя на Рэспубліканскім педагагічным савеце, так і спецыфічныя для раёна, над рэалізацыяй якіх мы працуем зараз. І ў кіраўніцкай дзейнасці, і ў сістэме дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, і ў выхаваўчай рабоце прыярытэтнай стала арыентацыя на якасць.

Работу мы пачалі з удасканалення кіраўніцкай дзейнасці. Калі кіраўнік, дырэктар школы або загадчык дзіцячага садка, “вынасіў” сваю ўстанову і бачыць мэты яе развіцця, то ён абавязкова прывядзе яе (педагагічны, вучнёўскі і бацькоўскі калектыў) да поспеху. Сёлета ў новым фармаце ў нас пачалі працаваць савет дырэктараў і савет загадчыкаў дашкольных устаноў. Кіруюць імі кіраўнікі-прафесіяналы Н.У.Бушная, дырэктар гімназіі № 1, і Л.Я.Герасімава, загадчыца дзіцячага садка № 372.

Адбылося першае пасяджэнне клуба загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі па тэме “Эфектыўны менеджмент”. Дадам, што стварэнне такога клуба было ініцыятывай саміх загадчыкаў. Арганізавана работа пастаянна дзеючага практыка-арыентаванага семінара па актуальных пытаннях развіцця ўстаноў сярэдняй адукацыі “Школа прафесіянала”. Для першага пасяджэння мы выбралі базу БДПУ імя Максіма Танка і плённа папрацавалі са спецыялістамі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Нават у межах правядзення нарад пры начальніку прысутнічае не толькі момант справаздачнасці, але і прэзентацыя вопыту той ці іншай установы адукацыі. Так, на базе сярэдняй школы № 40 была паказана работа па арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг і шостага школьнага дня, а гімназія № 17 дзялілася вопытам па арганізацыі школьнага харчавання.

У сёлетнім навучальным годзе на базе 17 устаноў адукацыі раёна ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць. Рэалізуецца 14 праектаў, з якіх 12 — інавацыйныя (гімназіі №№ 1, 17, ліцэй № 2, сярэднія школы №№ 24, 51, 55, 111 і інш.) і 2 — эксперыментальныя (гімназія № 1, ліцэй № 2).

Нам выпаў гонар прадстаўляць вопыт работы і на міжнародным узроўні. Міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі наведаў сярэднюю школу № 24. А нядаўна ў межах вывучэння сістэмы работы Беларусі па інклюзіўнай адукацыі эксперты INNOVA (Эстонія) наведалі сярэднюю школу № 111, дзіцячую дашкольную ўстанову № 61, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна і далі пазітыўную ацэнку рабоце нашых спецыялістаў, выказаўшы жаданне супрацоўнічаць у галіне спецыяльнай адукацыі.

— Наталля Генадзьеўна, якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў за апошні час раён ганарыцца?

— Мы ганарымся кожнай перамогай вучня, настаўніка, кіраўніка, разумеючы, што за перамогай стаіць іх карпатлівая праца. Вучні гімназіі № 1 выдатна праявілі сябе на міжнароднай арэне. Юрый Шыляеў заваяваў у верасні сярэбраны медаль на ІІ Міжнароднай алімпіядзе мегаполісаў у Маскве, а Ганна Белешава ў ліпені адзначана сярэбраным медалём на ІХ Міжнародным турніры матэматыкаў у Румыніі.

Навучэнец 4 класа гімназіі № 40 Анатоль Дземенкавец заваяваў дыплом прызёра Міжнароднай выставы-конкурсу стэндавага мадэлізму “Мінск-2017” у намінацыі “Фантастыка (юніёры да 18 гадоў)”. Навучэнка гімназіі № 17 Карына Бандарык узнагароджана дыпломам І ступені на Міжнароднай студэнцкай навуковай канферэнцыі “Хрысціянскія каштоўнасці ў культуры сучаснай моладзі”.

Я бясконца ўдзячна нашым таленавітым педагогам за іх улюбёнасць у прафесію. Па выніках удзелу ў конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” два педагогі раёна ў складзе каманды горада занялі прызавыя месцы: настаўнік гісторыі ліцэя № 2 Д.А.Дрожжа стаў лаўрэатам конкурсу ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” і выхавальніца ясляў-сада № 84 І.А.Фунцікава — лаўрэатам у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Па выніках удзелу ў гарадскім этапе ІІ Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ленінскага раёна (дырэктар Т.Б.Піваварчык) удастоены дыплома І ступені ў намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”, спецыяльны яслі-сад № 353 для дзяцей з парушэннямі зроку (загадчыца І.Я.Лук’янчык) — дыплома ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”. Дырэктар сярэдняй школы № 152 Мінска А.У.Цітова стала фіналістам Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства “Пазнанне ў сутворчасці”.

Безумоўна, тут нельга паставіць кропку. Толькі шматкроп’е. Гэты тыдзень, напрыклад, прынёс нам восем перамог у атрыманні грантаў і прэмій Мінгарвыканкама (сярэднія школы № 54, № 4, № 111, гімназіі № 1 і № 17, ЦКРНіР, дзіцячы сад № 84). Шчыра жадаю прафесійных поспехаў сваім калегам!

— Наколькі запатрабавана ў раёне профільнае навучанне?

— У 13 установах адукацыі раёна на трэцяй ступені навучання дзейнічаюць профільныя класы. 49% навучэнцаў 10—11 класаў выбралі вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні. Найбольш запатрабавана вывучэнне вучэбных прадметаў у спалучэнні “фізіка — матэматыка”, “руская мова — замежная мова”, “матэматыка — замежная мова”. У межах работы з адоранымі навучэнцамі з бягучага навучальнага года на базе гімназіі № 40, сярэдніх школ №№ 36, 54, 153 адкрыты міжшкольныя факультатыўныя заняткі і аб’яднанні па інтарэсах для навучэнцаў 7—8 класаў па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі.

У гімназіі № 40, сярэдніх школах №№ 47, 54, 153 адкрыты профільныя групы педагагічнай накіраванасці, у якіх вучацца 119 навучэнцаў. Адна з інавацый гэтага года — аб’яднанне педагагічных груп у творчую лабараторыю, на базе якой праводзяцца сумесныя пасяджэнні, наведванні лекцый па педагогіцы ў вядучай педагагічнай УВА, а таксама навучальных устаноў раёна. Дарэчы, нашы ўстановы з’яўляюцца філіяламі кафедраў і факультэтаў БДПУ імя Максіма Танка. Напрыклад, дашкольныя ўстановы № 35 і № 317 актыўна супрацоўнічаюць з факультэтам дашкольнай адукацыі, сярэдняя школа № 153 і гімназія № 28 — з факультэтам пачатковай адукацыі. Плануем выйсці на больш грунтоўнае супрацоўніцтва з педагагічным універсітэтам на ўзроўні раёна. Гэта дасць магчымасць узаемаўзбагаціць педагагічную навуку і практыку.

— Якія асноўныя вектары развіцця сістэмы адукацыі раёна вам бачацца ў далейшым?

— Па-першае, вектар развіцця кіраўніцкіх кампетэнцый і кампетэнтнасці. Нас чакае і новае разуменне фінансава-гаспадарчай дзейнасці кіраўніка — збіраемся пераходзіць на падушнае фінансаванне, а гэта сур’ёзная адказнасць. Па-другое, сучасная прафесійная падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі педагогаў, па-трэцяе, пошук сучасных падыходаў у метадычнай рабоце, па-чацвёртае, удасканаленне работы з бацькамі, плённае супрацоўніцтва ў рэалізацыі агульнай мэты — фарміраванні асобы вучня, пераарыенціроўка бацькоў на разуменне сваёй адказнасці за выхаванне і развіццё дзяцей.

“Думай глабальна, дзейнічай лакальна” — аналізуючы задачы, якія стаяць перад сучаснай сістэмай адукацыі і пераносячы іх на сітуацыю канкрэтнай установы адукацыі. Думаю, за глабальнымі рэчамі важна ўбачыць кожнае дзіця, адчуваць яго, развіваць, кіруючыся галоўнымі прынцыпамі “не нашкодзь!” і “працуй на карысць”.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.