Асабісты прыклад — лепшы настаўнік

- 11:30Спартыўныя падзеі

Займацца валейболам, любіць футбол, працаваць настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Тры этапы жыцця Таццяны Марчанка, якія аб’ядноўвае любоў да спорту. Адкуль яна і як удаецца яе падтрымліваць, даведаліся ў нашай гераіні.

Чалавек мэт

“Усе мы родам з дзяцінства” — з гэтымі словамі Таццяна Марчанка, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 30 Гомеля, цалкам згодна, таму што праверыла іх на сабе. Яе бацька Андрэй заўсёды браў з сабой дачку і сына на спартыўныя мерапрыемствы, гуляў з імі на вуліцы з мячом. Ён не быў прафесійным спартсменам, займаўся для сябе, часам з сябрамі гуляў у хакей. Так бацька падаваў прыклад сваім дзецям. У 9 гадоў Таццяна пачала займацца валейболам, хоць вельмі прасіла аддаць яе ў якую-небудзь футбольную секцыю. Тады для дзяўчынак такіх не было і давялося выбіраць нешта іншае. “Тата прыйшоў у Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту, дзе праходзілі трэніроўкі па баскетболе, гандболе і валейболе. Бацькі падумалі і аддалі мяне на валейбол. Калі я толькі прыйшла займацца, мне спадабалася, што там высокія стройныя дзяўчынкі. Я і сама хацела такой стаць. Вырасці, праўда, не атрымалася, таму што мама і тата былі невысокімі”.

Таццяна Марчанка — чалавек мэт. Яна марыла ўдзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі і зразумела, што для гэтага трэба трапіць у зборную горада, потым вобласці. Так і атрымалася. Спартсменка са зборнай даходзіла да фінальнага этапу спаборніцтваў і не раз станавілася прызёрам. У 10—11-х класах Таццяна выступала за гомельскі валейбольны клуб “Надзея”, але там рас­крыць сябе не паспела. У 17 гадоў ёй давялося сысці са спорту па сямейных абставінах. Дзяўчына паступіла на завочнае аддзяленне ў ГДУ імя Францыска Скарыны і ўладкавалася на працу.

Ад рыбалкі да футбола

У сярэдняй школе № 30 Гомеля Таццяна пачынала выхавальніцай групы прадоўжанага дня. У 2015 годзе пайшла ў дэкрэт, а ў 2017-м вярнулася на працу настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Яе спартыўная кар’ера працягнулася — не на такім высокім узроўні, як раней, затое ў многіх напрамках. Таццяна прадстаўляе школу, удзельнічаючы ў спаборніцтвах па бадмінтоне, валейболе, футболе, выступаючы на турзлётах, а таксама на спаборніцтвах па рыбалцы. Сезон пачынаецца ў лютым, а заканчваецца толькі ў лістападзе.

“Першы раз я гуляла ў бадмінтон менавіта на працы. Прапанавалі паўдзельнічаць у спаборніцтвах, вырашыла паспрабаваць. Крыху патрэніраваліся, выступіла і пачала ездзіць кожны год. Звычайна ў мяне другія месцы, але ў лютым 2020 года я, нарэшце, перамагла. Гэта стала вялікім і нечаканым дасягненнем. У мяне ніяк раней не атрымлівалася абыграць саперніцу, а тут змагла”. Заняткі валейболам дапамаглі настаўніцы ў бадмінтоне. І там, і там трэба пастаянна перамяшчацца па пляцоўцы, і там, і там ідзе гульня праз сетку — да гэтага прывыкаць не прыйшлося.

“Я такі чалавек, што калі прый­шла ў спорт, то павінна ісці, ісці, ісці і не спыняцца. Валейбол даў мне характар, трэнер выхавала ўва мне чалавека. Я ведаю, як дастаюцца перамогі: трэба працаваць, не апускаць рукі і ісці да канца”.

А вось у спаборніцтвах па рыбалцы валейбол наўрад ці дапаможа. Добра, што ёсць муж, які любіць гэтую справу. Таццяна і Дзмітрый ездзяць рыбачыць разам. Ён навучыў яе збіраць і разбіраць вуду, выбіраць кручкі, надзяваць прынаду. Таму, калі на працы прапанавалі з’ездзіць на спаборніцтвы, настаўніца пагадзілася, вопыт усё ж ёсць. Трэба было налавіць як мага больш рыбы па вазе. Сёлета Таццяна прызавое месца не заняла, затое цікава правяла час.

ЖанФутРух

Валейбол прыгадалі, бадмінтон і рыбалку таксама, застаўся футбол. Таццяна ўжо расказвала, што ў дзяцінстве хацела займацца менавіта футболам, але магчымасці не было. Як жа добра, што ёй сустрэлася такая ж зацікаўленая дзяўчына. Ганна Скопічава — актыўны чалавек, які займаецца спортам, і адначасова сяброўка Таццяны. Разам яны вырашылі стварыць жаночы футбольны рух “ЖанФутРух”.

“Мы хацелі сабраць каманду, якая будзе высту­паць у чэмпіянаце Беларусі па жаночым футболе. У Гомелі сваёй даўно няма, думалі яе адра­дзіць. Пакуль не атрымалася, таму што патрэбен спонсар, але ад сваіх планаў мы не адмаўляемся”.

На трэніроўкі “ЖанФутРуху” прыходзяць як дзяўчаты, так і хлопцы. Хтосьці раней займаўся футболам, хтосьці нават выступаў за гомельскую каманду, а нехта проста хоча актыўна правесці час. Звычайна збіраецца чалавек 15. Заняткі праходзяць па суботах і займаюць 1,5 гадзіны. Трэнера ў дзяўчат няма, яны самі сабе трэнеры. Спецыяльных практыкаванняў амаль не выконваюць, упор робіцца на гульню і практыку. Мужчыны дапамагаюць, падказваюць, што не так, раяць, як зрабіць лепш. Калі б з’явіўся трэнер, то заняткі сталі б больш прафесійнымі. Пакуль жа дзяўчаты гуляюць для свайго задавальнення.

“Мы займаемся ў спартыўнай зале ГДУ імя Францыска Скарыны. Удзельнікам даводзіцца аплачваць заняткі, таму што арэнда не бясплатная і спонсара ў нас няма. Але з незадаволенасцю мы не сутыкаліся, усе ўсё разумеюць. На спаборніцтвах выступаем не вельмі часта. У верасні мінулага года ўдзельнічалі ў турніры балельшчыкаў ФК “Гомель”. Гулялі супраць мужчын. Гэта было відовішчна, усе нас падтрымлівалі. Для дадатковай практыкі дамаўляемся са знаёмымі футбалістамі пра таварыскія сустрэчы. Яны не адмаўляюць, слоў накшталт “ну вы ж жанчыны, як з вамі гуляць” мы ад іх не чулі. Так, яны імкнуцца дзесьці саступіць, але гэта толькі для нашай бяспекі. А вось калі выходзім су­праць жанчын, то ні пра якія ўступкі гаворкі не ідзе. Гуляць — значыць гуляць”.

Правільна сябе паставіць

Бацькі Таццяны Марчанка марылі, каб дачка стала бухгалтарам. Яна і сама да гэтага рыхтавалася, але па сямейных абставінах паступіла на настаўніка. І не шкадуе. “Мне падабаецца мая праца, я адчуваю сябе ў сваёй талерцы. Я люблю дзяцей, а яны любяць мяне”.

Цяпер у Таццяны займаюцца 4-я, 5-я і 7-я класы. Яна пачала іх весці тры гады назад. Настаўніца ўспамінае, як прыйшла на ўрок, а першакласнік у яе пытае: “Дзяўчына, ты з якога класа?”. Гэта было смешна і прыемна, таму што ў такія моманты пачынаеш адчуваць сябе маладзейшай. “Вучні ставяцца да мяне добра. Узрост не мае значэння, галоўнае — правільна сябе паставіць”.

“Па маім вопыце, ёсць дзеці, якія бягуць на ўрок фізкультуры, у каго гараць вочы, а ёсць тыя, хто адкрыта кажа:“Нам гэта не трэба, у жыцці яно не спатрэбіцца”. Крыўдна такое чуць. Але я стараюся падаваць асабісты прыклад: удзельнічаю ў розных спаборніцтвах, спартыўных святах. Так дзеці разумеюць, што я не патрабую ад іх таго, чаго не раблю сама”.

Урок пачынаецца з пастраення. Пасля Таццяна Андрэеўна правярае, ці заплецены ў дзяўчынак валасы, ці ёсць спартыўная форма. Не ўсе любяць пераапранацца, асабліва ў старшых класах, але з Таццянай Марчанка такое не пройдзе. Потым настаўніца паведамляе тэму ўрока, задачы, расказвае, што вучні будуць рабіць. Далей — размінка, якую праводзяць дзеці. Яны мяняюцца кожны ўрок або праз тыдзень. Затым пачынаецца асноўная частка, дзе дзеці, напрыклад, вучацца валейбольнай тэхніцы. У канцы заняткаў яны могуць пагуляць і асабліва любяць, калі да іх далучаецца Таццяна Андрэеўна. “Валейбол дапамагае мне і тут. Калі ведаеш спорт знутры, то прасцей гэта растлумачыць дзецям. Мяне вучылі, як правільна паставіць рукі, перамясціцца да мяча, выйсці пад яго, ударыць праз сетку, зрабіць перадачу і г.д. Цяпер я гэтыя веды перадаю іншым”.

Летась вучаніца Таццяны Андрэеўны Руслана Моцар ездзіла на рэспубліканскія спаборніцтвы “300 талентаў для Каралевы”. Там яна заняла 3-е месца ў скачках на скакалцы, а каманда Гомельскай вобласці ў агульным заліку стала першай. Руслана займалася з дзецьмі на ўроках, пасля ўрокаў, а таксама дадаткова працавала з Таццянай Марчанка (скакалі на скакалцы, кідалі мяч з-за галавы, бегалі), плюс трэніроўкі па лёгкай атлетыцы. Адсюль і добры вынік.

Усёй сям’ёй

Муж Таццяны — трэнер па гандболе. Ён набірае дзяўчынак у 4—5-х класах і вя­дзе іх да канца школы. Пасля выпуску яны сыхо­дзяць у клубы па ўсёй рэспубліцы. Адну спартсменку нават узялі ў нацыянальную зборную, хоць ёй на той момант толькі споўнілася 18 гадоў.

“Муж любіць спорт, я люблю спорт, мы ўвесь час у ім. Калі праходзіць спартыўнае мерапрыемства, мы ўдзельнічаем сям’ёй. Калі я хачу пайсці на футбол, Дзіма можа застацца з дзіцем дома або прыйсці з ім на трэніроўку. Наш сын бывае і ў мужа на занятках па гандболе, і ў мяне на футболе. Пакуль мы яго нікуды не аддавалі, магчыма, у наступным годзе, калі ён пойдзе ў першы клас, запішам у розныя секцыі. Ён паспрабуе, зразумее, што яму больш падабаецца, і будзе займацца.

Бацькі павінны паказваць, што акрамя камп’ютара, тэлефона, тэлевізара ёсць яшчэ шмат цікавых рэчаў, карысных для чалавека і яго здароўя. Лепшы спосаб — гэта асабісты прыклад. Пакуль у нас з мужам атрымліваецца”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Т.А.Марчанка.