Асабістыя напрацоўкі — у масавую практыку

- 11:30Адукацыйная прастора

На мінулым тыдні на базе сярэдняй школы № 13 Жлобіна праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Развіццё прафесійных кампетэнцый настаўнікаў працоўнага навучання” па аўтарскай праграме заслужанага настаўніка нашай краіны, настаўніка працоўнага навучання, настаўніка-метадыста сярэдняй школы № 13 Жлобіна Віталя Васільевіча Гузава. Арганізацыйнае суправаджэнне курсаў ажыццяўляе метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Н.С.Самойленка.

Фота да матэрыялу: Асабістыя напрацоўкі — у масавую практыку.Тыднёвыя курсы праводзяцца не першы раз, але яны не страчваюць сваёй актуальнасці і з году ў год набываюць усё большую папулярнасць, прычым не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Сёлета павучыцца ў В.В.Гузава пажадалі амаль 30 чалавек. І калі ў самым пачатку Віталь Васільевіч усе заняткі (лекцыі, майстар-класы, адкрытыя ўрокі) праводзіў сам, то ў апошні час, па запрашэнні аўтара курсаў, разам з ім працуюць іншыя настаўнікі працоўнага навучання, якія дабіліся пэўных вынікаў і поспехаў у сваёй прафесійнай кар’еры.

У апошнія гады разам з В.В.Гузавым праводзілі ўрокі і давалі майстар-класы настаўнікі-метадысты, выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэаты прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017” настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна Дзмітрый Барысавіч Доўнар, лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017” настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Ельска Яўген Мікалаевіч Козел і настаўнік працоўнага навучання Бабровіцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна, выдатнік адукацыі, лаўрэат прэміі фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Віктар Мікалаевіч Савіцкі.

Сёлета да каманды Віталя Васільевіча далучыліся яшчэ двое педагогаў: Пётр Мікалаевіч Стральчэня з гімназіі Петрыкава, які за сваю педагагічную дзейнасць падрыхтаваў не адно пакаленне вучняў — пераможцаў абласнога і фінальнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, і Аляксандр Пятровіч Самойленка з сярэдняй школы № 72 Гомеля. Па меркаванні Віталя Васільевіча, кожны настаўнік працоўнага навучання мае свае адметнасці як рамеснік, майстар, тэхналог, таму кожны можа нешта паказаць і навучыць астатніх. Дарэчы, кожны слухач курсаў прывозіць свой выраб і расказвае, як ён ствараецца.

У межах курсаў разам са слухачамі выкладчыкі распрацоўвалі і мадэлявалі ўрокі. Складалі план, абмяркоўвалі структуру, вызначылі мэты ўрока і задачы кожнага этапу, вырашэнне якіх дазволіць дасягнуць пастаўленых мэт. Урокі здымаюцца на відэа. І перад здымкай кожнаму ўдзельніку курсаў давалася канкрэтнае заданне на канкрэтныя этапы ўрока: прасачыць, як этапы былі рэалізаваны, затым падчас аналізу ўрокаў на стоп-кадры кожны рабіў свае заўвагі, падводзіў вынікі. Пасля завяршэння аналізу кожны слухач курсаў даваў ацэнку эфектыўнасці ўрока.

Мадэлявалі і разбіралі ўрок праз прызму сучасных падыходаў: гаворка вялася аб тым, ці максімальна забяспечана ўсвядомленая дзейнасць навучэнцаў, як аб’яднаць дзяцей у сумесную працу разам з настаўнікам з першых хвілін урока, ці ёсць на ўроку вучнёўская мэтапастаноўка, набліжаная да рэальнага жыцця, як праводзіцца рэфлексія (што і як было зроблена, дзе былі дапушчаны памылкі, якія негатыўна паспрыялі на выніковую адзнаку, і што трэба было зрабіць, каб іх не было).

Акрамя таго, слухачы курсаў вучыліся правільна ацэньваць урок на прадмет яго эфектыўнасці. Пад увагу браліся пастаўленыя задачы, мэта ўрока і ступень іх дасягнення. І не менш важнае — цікавасць вучняў да заданняў, якія яны выконвалі. Тут важны і кантакт паміж вучнем і настаўнікам, і настрой перад урокам. Калі дзеці на ўрок працоўнага навучання ідуць з цікавасцю, то ўрок будзе больш прадукцыйным. Рабіўся акцэнт на тым, што настаўнік — гэта не ўрокадаўца, гэта творца, пачынаючы ад планавання ўрока і напісання плана-канспекта (тут педагог — рэжысёр і сцэнарыст) да яго правядзення (пастаноўшчык). Урок пераходзіць у ранг творчага сумеснага дзейства, своеасаблівага спектакля, у якім задзейнічаны ўсе.

Разглядаліся на курсах і крытэрыі паспяховасці ўрока. Па інфармацыі з розных крыніц, крытэрыямі поспеху можна лічыць да 40 пунктаў. “Насамрэч можна абмежавацца і двума: мэты ўрока дасягнуты (вучні атрымалі адзнакі за свае веды і ўменні), дзецям на ўроку было цікава. Калі апошняе працуе, то вучань з задавальненнем прыйдзе не толькі на наступны ўрок, але і на дадатковыя заняткі”, — лічыць В.В.Гузаў. У полі зроку слухачоў была і прафесійная падрыхтоўка ва ўмовах школы.

Віталь Васільевіч, каб трымаць увагу слухачоў да канца заняткаў, на сваіх адкрытых уроках робіць педагагічныя ляпы, якія для дзяцей не-прымальныя. “Дарэчы, прашу і настаўнікаў, якія праводзяць адкрытыя ўрокі, спецыяльна рабіць ляпы, а слухачоў курсаў папярэджваю аб тым, што ляпы будуць і яны павінны іх выявіць. І калі слухачы заўважаюць іх, то добра. Калі не, то разбіраем памылкі пасля разам. Мадэлюем розныя выпадкі ўрокаў, у тым ліку і з няштатнымі педагагічнымі сітуацыямі.

Акрамя таго, я на прыкладзе 7 класа разбіраў са слухачамі праграму, каляндарна-тэматычнае планаванне і аб’екты працы. Я ім расказваў, як я планую вучэбны матэрыял, бо кожны настаўнік мае права самастойна будаваць паслядоўнасць вучэбнага матэрыялу. Са мной працаваў мой вучань, пераможца рэспубліканскай алімпіяды, а цяпер ужо калега (працуе ў нашай школе) Іван Сяргеевіч Мазурцоў”, — адзначыў Віталь Васільевіч.

На курсах В.В.Гузава настаўнікі становяцца вучнямі і робяць тыя ж вырабы, якія павінны будуць рабіць іх навучэнцы. У гэтым годзе слухачы выраблялі з металу ружу так, як гэта робяць вучні жлобінскай школы № 13, а таксама працавалі ў майстэрнях па апрацоўцы драўніны. Пасля заканчэння курсаў педагогі атрымалі неабходны матэрыял на электронных носьбітах для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд рознага ўзроўню. На думку Віталя Васільевіча, курсы дапамагаюць выявіць патэнцыял настаўнікаў у плане падрыхтоўкі да алімпіяд па працоўным навучанні. “Мы павінны клапаціцца пра пераемнасць у гэтым працэсе”, — заўважыў В.В.Гузаў, які ўжо шмат гадоў рыхтуе рэспубліканскіх прызёраў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.