Атрады маладосці нашай

- 12:53Актуально

У зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў сталіцы прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лепшых студэнцкіх атрадаў, камандзіраў і камісараў, штабоў працоўных спраў, наймальнікаў па выніках мінулага года. Месца для цырымоніі выбрана невыпадкова — летась трэці працоўны семестр быў прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А сёлета мы адзначаным 70-годдзе Вялікай Перамогі.

Ганараванне лепшых распачаў першы сакратар ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй Белякоў.
— Тыя поспехі, пра якія мы сёння гаворым, шмат у чым агульная заслуга, вынік партнёрства БРСМ, міністэрстваў і ведамстваў, органаў дзяржаўнага кіравання, Пастаяннага прадстаўніцтва камітэта Саюзнай дзяржавы і ўсіх студатрадаўцаў, — сказаў ён.
У 2014 годзе да розных форм другаснай працоўнай занятасці структуры Рэспубліканскага штаба працоўных спраў прыцягнулі больш за 139 тысяч чалавек. Толькі ў складзе студатрадаў было працаўладкавана 63 з паловай тысячы хлопцаў і дзяўчат. А для працы ў будучым сезоне, па словах першага сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ, ужо зараз дагаворы на работу атрымалі прыкладна 30 тысяч студэнтаў і навучэнцаў. Падрыхтоўка новага працоўнага семестра, між іншым, таксама распачата: на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу БДУ “Брыганціна” прайшоў семінар па развіцці студатрадаўскага руху.
Андрэй Белякоў паведаміў, што ёсць і пэўныя дамовы наконт таго, што беларускія студэнты будуць працаваць у Італіі, Польшчы. А на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы, дзе ўзводзіцца атамная электрастанцыя, зноў будзе працаваць зводны беларуска-расійскі атрад, а магчыма, падключацца і студэнты з іншых краін. Вядома, што ў Брэсцкай вобласці аб’яўлена маладзёжнай будоўляй узвядзенне маладзёжнага цэнтра. “Упэўнены, што такі пачын будзе падхоплены і ў іншых рэгіёнах”, — дадаў Андрэй Эдуардавіч.
Нагадаю, што раней студэнцкія атрады працавалі на такіх абласных маладзёжных будоўлях, як узвядзенне сярэдняй школы на 1125 месцаў у мікрараёне Паўднёва-Заходні Брэста, рэканструкцыя і будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”, будаўніцтва дзіцячага ясляў-сада з басейнам у Магілёве і інш.
Падчас урачыстай цырымоніі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны лепшыя педагагічныя атрады па выніках 2014 года павіншаваў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.
— Студатрадаўскі рух, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч, — гэта і ўменне жыць у грамадстве, і працоўнае выхаванне, і выхаванне ў калектыве, і магчымасць праявіць лідарскія якасці. Гэта, канечне, і магчымасць для студэнтаў зарабіць уласныя грошы. Безумоўна, мы і далей будзем падтрымліваць студатрадаўскі рух, бо, акрамя ўсяго, студэнты — значная сіла ў дзяржаве, якая спрыяе аднаўленню гістарычных аб’ектаў, узвядзенню новых. Вось зараз мы знаходзімся ў цудоўным будынку музея, на ўзвядзенні якога працавалі і студатрады.
Міністр адукацыі дадаў, што сёлета будзе задзейнічана шмат педагагічных атрадаў, якія будуць працаваць і ў летніках, і ў навучальных установах, займацца сацыяльнай работай — дапамагаць пажылым людзям і г.д. М.А.Жураўкоў расказаў, што ў свой час таксама быў актыўным удзельнікам студатрадаўскага руху — ездзіў на Алтай, у Карэлію, двойчы працаваў у Беларусі. “Атрады мяне шмат чаму навучылі, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч, — першы гараж для свайго аўтамабіля я пабудаваў сам і дагэтуль на дачы ўсё раблю сваімі рукамі”.
Ну а лепшым студэнцкім атрадам у 2014 годзе, што працаваў на аб’екце будаўніцтва, якому прысвоены статус Усебеларускай або абласной (Мінскай гарадской) маладзёжнай будоўлі, прызнаны студэнцкі будаўнічы атрад “Дзвіна” імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі. Атрад сфарміраваны штабам працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пераходны сцяг студатрадаўцам з Віцебшчыны раней уручыў кіраўнік дзяржавы.
Лепшымі ў адпаведнай намінацыі па выніках 2014 года прызнаны педагагічны атрад “Палаючыя сэрцы” штаба працоўных спраў (ШПС) Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і педагагічны атрад “НЛА (Новы лідарскі атрад)” Віцебскага абласнога камітэта БРСМ. Аляксандр Базук, камандзір атрада “НЛА”, расказаў нашай газеце, што хлопцы і дзяўчаты ўжо два гады працуюць у лагеры “Арляня”, што ў Бешанковіцкім раёне, — на абласной змене актыву, якая праходзіць пад эгідай Віцебскага абласнога камітэта БРСМ. Пры гэтым атрад дзейнічае на працягу ўсяго года — арганізоўвае злёты і творчыя мерапрыемствы для студэнтаў, працуе з дзецьмі падчас канікул, праводзячы для іх злёты лідараў.
Аляксандр Філіповіч, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, паведаміў, што атрад “Палаючыя сэрцы” працаваў у лагеры “Бярозка”, што ў Бярозаўскім раёне, па традыцыйным запрашэнні Бярозаўскага мясакамбіната. “Педагагічныя веды і навыкі, якія мы атрымліваем ва ўніверсітэце, у школах важатых, школах вопыту, — заўважыў Аляксандр, — вельмі дапамагаюць рабоце ў летніку”.
Лепшымі ў сваіх намінацыях сталі будаўнічы атрад “Зорка” штаба працоўных спраў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта; сельскагаспадарчы атрад “Дзеці Юр’евіча” Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава; сэрвісны атрад “Алеся” ШПС Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі; экалагічны атрад “Бярэзінскі біясферны запаведнік” імя І.І.Гусакоўскага ШПС Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава; беларускі лінейны будаўнічы атрад “Два гарады” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які працаваў за межамі Рэспублікі Беларусь у складзе зводнага беларуска-расійскага студэнцкага будаўнічага атрада, што выязджаў у Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу.
Лепшымі камандзірамі студэнцкіх атрадаў сталі Іван Касачоў, камандзір будаўнічага атрада “Арматура” з Гомеля; Дзмітрый Дылько, камандзір сельскагаспадарчага атрада імя І.М.Бранавіцкага (Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Магілёўская вобласць); Яна Скробава, камандзір педагагічнага атрада “Любуж” імя В.Р.Зайцава (Магілёўская вобласць); Іна Енджаеўская, камандзір сэрвіснага атрада “Беларусь” імя Героя Беларусі А.І.Дубко (Гродзенская вобласць); Арцём Зыкаў, камандзір атрада “Два гарады”; Ілья Сарокін, камандзір будаўнічага атрада імя Марата Казея, які працаваў на УМБ (АМБ) з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (Гомель).
Таксама адзначаны лепшыя камісары студатрадаў. Гэта Юрый Няхай — камісар будаўнічага атрада “Граніт” (філіял Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж); Аляксандр Бараноўскі з сельскагаспадарчага атрада “Дзеці Юр’евіча”; Настасся Яленская — камісар атрада “НЛА”; Мікалай Розум з атрада “Два гарады” і Аляксандр Бірукоў — камісар будаўнічага атрада “Дзвіна”.
Вызначаны ў студатрадаўскім спаборніцтве і лепшы штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ установы адукацыі — ШПС Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, а таксама лепшы тэрытарыяльны штаб студэнцкіх атрадаў раённай арганізацыі БРСМ — Пастаўскі ТШПА. Першым сярод тэрытарыяльных штабоў студатрадаў гарадской арганізацыі БРСМ (горада-статысячніка) стаў штаб з Гомеля, а абласным штабам — з Віцебскай вобласці. Нарэшце на гэты раз было вырашана вылучыць і спецыяльную намінацыю “Лепшы штаб па прыцягненні грашовых сродкаў на развіццё студатрадаўскага руху”. Перамог у намінацыі Мінскі гарадскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ.
Акрамя таго, вызначаны пераможцы ў намінацыі “Лепшая прымаючая арганізацыя”: ААТ “Гомельпрамбуд”, ЗАТ “Атлант”, Гродзенскі кансервавы завод, Гандлёвы дом “Вясёлка-Святло” (Мінская вобласць), ТАА “Снэкпро” (Мінская вобласць), Касцюковіцкая ПМК № 260.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.