Азы замежнай мовы з дзіцячага сада

- 14:15Якасць адукацыі

У Міністэрстве адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар “Пераемнасць пры арганізацыі навучання замежным мовам ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі” пры ўдзеле намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка. На семінары былі прадстаўлены вынікі навукова-даследчай дзейнасці па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага раздзела “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін (замежная мова)”.

У вандроўку з Wonderland

— Разглядаючы пытанні пераемнасці пры навучанні замежным мовам паміж установамі дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, мы павінны помніць, што сфера гэтых узаемаадносін вельмі далікатная, — адзначыла намеснік міністра. — У садах дзеці атрымліваюць першапачатковыя веды па замежнай мове, эмацыянальна далучаюцца да яе, і менавіта тут фарміруецца матывацыя на далейшае яе вывучэнне. Таму важна арыентаваць установы дашкольнай адукацыі на правільны выбар метадычных дапаможнікаў, нашы рэкамендацыі павінны спрыяць сістэмнаму падыходу да вывучэння замежнай мовы. Сёння ў садах выкарыстоўваюцца самыя розныя дапаможнікі. Часта назіраецца непаслядоўнасць пры іх выкарыстанні. Важна, каб навучанне замежным мовам не ператваралася ў традыцыйныя ўрокі з дамашнімі заданнямі. Яно павінна ажыццяўляцца ў гульнявой форме, а жаданне вывучаць мову — быць творчым памкненнем дзіцяці.
— Адным з прыярытэтных кірункаў тэорыі і методыкі дашкольнай адукацыі з’яўляецца ранні пачатак навучання замежным мовам. Гэта вельмі актуальна, калі разглядаць пытанне пераемнасці паміж установамі дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі з пункту гледжання зместавага аспекту навучання, — адзначыла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч. — У вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі працэс развіцця лінгвістычных і камунікатыўных здольнасцей дзяцей сярэдняй і старшай груп пры навучанні замежным мовам адлюстраваны ў адукацыйным раздзеле “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” .
Змест гэтых адукацыйных паслуг прадстаўлены ў праграме як звышбазавы кампанент, які рэалізуецца ў асноўным у групах па інтарэсах або гуртках. Дарэчы, такая паслуга дастаткова запатрабавана ў бацькоў. На пачатак 2014/2015 навучальнага года ў краіне арганізавана работа 1942 груп па інтарэсах, у тым ліку ў гарадах — 1738 груп, у сельскай мясцовасці — 204. Зараз у такіх групах навучанне замежнай мове арганізавана амаль для 21 тысячы выхаванцаў. Дарэчы, у 2013 годзе было 1224 групы па інтарэсах.
Як правіла, 98 працэнтаў груп функцыянуюць на платнай аснове. У пераважнай большасці іх (97 працэнтаў) вывучаецца англійская мова, каля 2 працэнтаў складаюць групы з нямецкай мовай. Нязначнай колькасцю прадстаўлены групы, у якіх вывучаюцца польская і французская мовы. Аналіз адпаведнага замежнага вопыту сведчыць, што ў апошні час павысілася цікавасць да вывучэння з дашкольнага ўзросту кітайскай мовы. У нашай краіне на ўзроўні дашкольнай адукацыі пакуль не прадстаўлены ні кітайская, ні іспанская мовы.
Зараз у Беларусі рэалізуецца план мерапрыемстваў па ўдасканаленні арганізацыі навучання замежным мовам на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі на 2010—2015 гады. У 2014 годзе згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі ажыццёўлена навукова-даследчая работа па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага раздзела праграмы “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін (замежная мова)”. Вынікі гэтай дзейнасці былі прадстаўлены на семінары.
Як расказала кіраўнік тэмы навукова-даследчай работы дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі БДПУ імя Максіма Танка Алена Іванаўна Смолер, у свеце існуе шмат праграм і методык па навучанні дашкольнікаў замежным мовам. У большасці з іх прапануюцца розныя спосабы арганізацыі ранняга навучання мовам. Некаторыя рэкамендуюць навучанне дзяцей нават з узросту 18 месяцаў. Кожная праграма, як правіла, суправаджаецца змястоўным метадычным матэрыялам. Аднак вельмі часта праграмна-метадычныя распрацоўкі, звязаныя з навучаннем дзяцей замежнай мове, маюць вельмі слабае навукова-тэарэтычнае абгрунтаванне.
У адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, у нашай краіне замежная мова можа вывучацца ў дашкольны перыяд на працягу двух гадоў — перад паступленнем у школу. На паспяховасць дзяцей у працэсе авалодвання замежнай мовай аказваюць уплыў многія фактары. Гэта і прафесіяналізм педагога, і працягласць, і інтэнсіўнасць моўных зносін, і якасць вучэбных матэрыялаў. Вельмі шмат залежыць ад таго, наколькі мы зможам забяспечыць педагогаў разнастайнымі сродкамі, метадамі і формамі арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку і навукова-метадычнымі матэрыяламі.
На сёння ў Беларусі ёсць толькі адзін вучэбна-метадычны комплекс для дашкольнікаў па вывучэнні замежнай мовы, распрацаваны на матэрыяле англійскай мовы. Яго асноўнай часткай з’яўляецца дапаможнік “Англійская мова для дашкольнікаў” аўтара С.Х.Гомзы. Ужо ў наяўнасці макетны ўзор новага ВМК Wonderland на матэрыялах англійскай, нямецкай і французскай моў (для дзяцей 5—7 гадоў). У яго ўваходзіць вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў-дашкольнікаў (па методыцы навучання дзяцей), камплект наглядных дапаможнікаў для педагогаў па моўных кірунках англійскай, французскай і нямецкай моў (ён уключае гульні, практыкаванні, заданні для дзяцей падчас заняткаў) і аўдыядапаможнік (з запісамі вершаў, песенек, казак на матэрыяле моў, якія вывучаюцца).
Вынікі навуковага даследавання па праблеме выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Яны ўкаранёны і ў работу ўстаноў дашкольнай адукацыі Мінска № 341 і № 360.

Асвойваем мову ў гульнях, з песнямі і танцамі

Змест ВМК Wonderland для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту (ад 5 да 7 гадоў) на матэрыяле нямецкай мовы прадставіў дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч:
— Сёння назіраецца пэўная дыскрымінацыя адносна нямецкай мовы — роднай для больш як 120 млн чалавек і найбольш распаўсюджанай у Еўропе. Наша работа сканцэнтравана на распрацоўцы гэтага адукацыйнага раздзела ў залежнасці ад узросту: ад 3 да 4 гадоў, ад 4 да 5, і ад 5 да 7 гадоў. На сёння распрацаваны вучэбна-метадычны дапаможнік “Нямецкая мова для дашкольнікаў”, які ўключае методыку навучання мове дзяцей ад 5 да 7 гадоў, а таксама наглядны аўдыядапаможнік для заняткаў, у якім прадстаўлены дадатковы моўны матэрыял (песні, вершы, казкі, рыфмоўкі, лічылкі). Матэрыял, які мы прапануем, уключае 150 лексічных адзінак, якія неабходна засвоіць дзецям, і граматычныя распрацоўкі, адаптаваныя да дашкольнікаў. Мы ўключылі ў дапаможнік некалькі дзеясловаў — “рабочых конікаў” нямецкай мовы, крышку назоўнікаў, займеннікаў і лічэбнікаў. Плюс да гэтага фанетычны матэрыял. Прадугледжаны раздзел, які фарміруе этыкетныя зносіны, а таксама лексіка з пазнавальна-практычнай, сямейнай і сацыякультурнай сфер. Мы выкарыстоўваем па максімуме словы-інтэрнацыяналізмы: заапарк, рукзак, камп’ютар, гітара, зебра, тэніс, бутэрброд і г.д.
Вывучэнне дзецьмі замежнай мовы падчас руху пад музыку сёння найбольш папулярны кірунак. Многія даследчыкі лічаць, што рухі спрыяюць найбольш эфектыўнаму засваенню мовы. Мы рэкамендуем педагогам актыўна выкарыстоўваць на занятках музыку і песні, экранізацыі казак.
Аб змесце ВМК Wonderland для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту (ад 5 да 7 гадоў) на матэрыяле французскай мовы расказала малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі дашкольнай адукацыі НІА Лідзія Аляксандраўна Пшаніцына. Комплекс уключае вучэбна-метадычны дапаможнік “Французская мова для дашкольнікаў” (з методыкай навучання), вучэбны наглядны і аўдыядапаможнікі.
— Пры распрацоўцы матэрыялаў мы прытрымліваліся камунікатыўна-дзейснага падыходу, сутнасць якога ў тым, што навучанне зносінам адбываецца ў ходзе выканання іншай нямоўнай дзейнасці, — паведаміла Лідзія Аляксандраўна. — Быў распрацаваны змест адукацыйнага раздзела для розных узроставых катэгорый, які ўтрымлівае разнастайны моўны матэрыял (фанетычны, лексічны, граматычны) і прадметна-тэматычны змест. Мяркуецца, што дзеці павінны авалодаць прыкладна 150 лексічнымі адзінкамі на працягу кожнага года навучання. У ВМК ёсць вялікі матэрыял, прысвечаны рабоце з песнямі. Французская мова — асаблівая, яе мелодыка незвычайная. Французскія песні традыцыйна сюжэтныя, іх лёгка дэманстраваць у рухах, танцах.
Педагог дадатковай адукацыі ясляў-сада № 341 Мінска Людміла Мікалаеўна Недасекава выкладае дашкольнікам французскую мову. Яна плануе сваю работу з дашкольнікамі з улікам зместу школьных падручнікаў для 1—5 класаў. Гэтая адукацыйная паслуга арганізавана ва ўстанове на платнай аснове звышбазавага кампанента. Заняткі праводзяцца па групах (2 разы ў тыдзень) у адпаведнасці з узростам дзяцей: ад 4 да 5 гадоў і ад 5 да 6 гадоў. У кожнай групе не больш за 12 дзяцей.
— Вынікам двухгадовага навучання дашкольнікаў з’яўляецца сфарміраванае ў іх жаданне вывучаць французскую мову і самыя простыя моўныя навыкі, — гаворыць Людміла Мікалаеўна. — Дзеці атрымліваюць таксама першапачатковае ўяўленне аб Францыі, вучацца будаваць кароткія дыялогі і даваць апісанні прадметаў. На занятках я выкарыстоўваю сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя, рухавыя і тэатралізаваныя гульні. Выконваюць дзеці і разнастайныя творчыя заданні. На працягу многіх гадоў сад супрацоўнічае з гімназіяй № 8 Мінска, дзе французская мова выкладаецца на павышаным узроўні. 70 працэнтаў выпускнікоў сада паступаюць менавіта ў гэтую ўстанову.
Выхавальнік ясляў-сада № 360 Мінска Ангеліна Уладзіміраўна Лянкевіч (выпускніца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта) расказала, што ў іх установе таксама ёсць платная адукацыйная паслуга па навучанні англійскай мове звышбазавага кампанента. Заняткі праводзяцца 2 разы ў тыдзень па 25—30 хвілін у асобным, адведзеным для гэтага памяшканні, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для разнастайнай дзейнасці дзяцей.

* * *

— У нашай краіне назіраецца ўнікальная сітуацыя — роднаснага руска-беларускага двухмоўя, — адзначыла загадчыца кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Дзіна Мікалаеўна Дубініна. — У вучэбнай праграме дашкольных устаноў прадугледжаны заняткі па навучанні дзяцей як рускай, так і беларускай мове. Калі ж улічваць, што дзеці вывучаюць і замежную мову, то можна сказаць, што маленькія беларусы атрымліваюць полілінгвальную адукацыю з першых гадоў жыцця.
Падчас семінара вялася размова і аб ролі выхавальнікаў пры навучанні дашкольнікаў замежнай мове (будуць распрацоўвацца метадычныя рэкамендацыі па гэтым пытанні), аб узнаўленні двайных спецыяльнасцей, якія педагогі атрымлівалі раней у педагагічным універсітэце, такіх як “Дашкольная адукацыя. Замежная мова”. Плануюцца таксама змяненні ў праграме па падрыхтоўцы спецыялістаў-дашкольнікаў.
Работа па арганізацыі навучання замежным мовам ва ўстановах дашкольнай адукацыі будзе працягвацца як эксперыментальная.

Надзея ЦЕРАХАВА.