“Беларусь 1” у дзень выбараў Прэзідэнта Беларусі, 11 кастрычніка, будзе працаваць у фармаце вялікага інфармацыйнага канала. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Эфір на тэлеканале ў гэты дзень пачнецца ў 7.05 і скончыцца ў тры гадзіны ночы. “Навіны” ад Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі будуць выходзіць кожную гадзіну з 8.00 да 19.00. Больш як дваццаць карэспандэнтаў па ўсёй рэспубліцы ў анлайн-рэжыме будуць расказваць аб ходзе галасавання, сітуацыях на ўчастках, актыўнасці выбаршчыкаў, сачыць за работай Цэнтральнай выбарчай камісіі і місій унутраных і міжнародных наглядальнікаў.
Акрамя гэтага, у выпусках “Навін” запланаваны прамыя ўключэнні з прэс-канферэнцый Цэнтрвыбаркама.
У 19.50 эфір тэлеканала прадоўжыць спецыяльны выпуск штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы “Галоўны эфір”, у час якога выйдзе інфармацыйны канал “Выбары-2015” і праекты “Клуб рэдактараў” і “Буйным планам” з Маратам Маркавым.
Гасцямі ў студыі Белтэлерадыёкампаніі ў гэты дзень будуць палітолагі і эксперты, у тым ліку замежныя, якія падзеляцца сваімі думкамі аб ходзе выбарчай кампаніі.
У панядзелак, 12 кастрычніка, тэлеканал “Беларусь 1” прадоўжыць сваё вяшчанне ў фармаце інфармацыйнага канала: тэлегледачоў чакаюць самыя аператыўныя навіны і эксклюзіўныя каментарыі спецыялістаў і экспертаў.
У эфіры галоўнай радыёстанцыі краіны – Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё – 11 кастрычніка будуць выходзіць спецыяльныя выпускі навін у пачатку кожнай гадзіны ў кругласутачным рэжыме. У іх запланаваны прамыя ўключэнні з інфармацыйнага цэнтра Цэнтрвыбаркама, прамыя рэпартажы з выбарчых участкаў па краіне, а таксама каментарыі ўнутраных і міжнародных наглядальнікаў.