Беларус Андрэй Герасімчук названы лепшым байцом чэмпіянату свету па тайландскім боксе-2015

- 12:31Спартыўныя падзеі

Напрыканцы мінулага тыдня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце адбылася прэс-канферэнцыя Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса, у ходзе якой абмяркоўвалася выступленне нацыянальнай каманды на чэмпіянаце свету ў Бангкоку (Тайланд) 13—23 жніўня. 20 медалёў і трэцяе агульнакаманднае месца — вынік мэтанакіраванай работы. Сярод сёлетніх чэмпіёнаў — студэнты і навучэнцы беларускіх устаноў адукацыі. Таксама ў рамках прэс-канферэнцыі адбылося ўганараванне спартсменаў-студэнтаў, якія заваявалі прызавыя месцы на I чэмпіянаце свету па тайландскім боксе, што праходзіў там жа з 16 па 24 сакавіка.

Беларус Андрэй Герасімчук не толькі заваяваў у Бангкоку залаты медаль у вагавой катэгорыі звыш 91 кг, але і быў названы лепшым байцом ЧС-2015. Усяго нашу краіну на чэмпіянаце прадстаўлялі 27 спартсменаў. У скарбонцы каманды 7 залатых, 8 сярэбраных і 5 бронзавых медалёў. У дарослай катэгорыі ўладальнікам “золата” таксама стаў Дзмітрый Валент (да 81 кг). Эдуард Міхновіч (54 кг), Андрэй Кулебін (71 кг), Алена Ляшкевіч (45 кг) і Марыя Валент (60 кг) занялі другія месцы. “Бронза” дасталася Яўгену Ваўчку (86 кг).
Не менш паспяховымі аказаліся юніёры і юнакі. У напружанай барацьбе залатыя медалі заваявалі Аляксей Узвараў (45 кг), Алег Ліхтаровіч (60 кг), Павел Грышановіч (60 кг), Данііл Квач (42 кг), Уладзіслаў Корсак (57 кг). Сярэбраныя — Мікалай Свядомскі (54 кг), Рыгор Рапенка (45 кг), Уладзіслаў Ядзешка (57 кг) і Уладзіслаў Рагалевіч (63 кг). “Бронзу” прывезлі дадому Мікіта Шостак (67 кг), Давід Іваноў (40 кг), Настасся Трухан (51 кг) і Віталіна Вірынская (48 кг).Традыцыйна падобныя спаборніцтвы праводзяцца ў закрытых памяшканнях, абсталяваных кандыцыянерамі. Аднак сёлета месцам правядзення была абрана адкрытая пляцоўка. Галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Беларусі па ўсходніх адзінаборствах Міхаіл Сцяпанаў адзначыў гэты факт як стратэгічны ход з боку тайцаў, для якіх высокія тэмпературы і незвычайная вільготнасць з’яўляюцца прывычнымі. Разам з некамфортнымі ўмовамі надвор’я беларусам не зусім пашанцавала з жараб’ёўкай — некалькі нашых спартсменаў ужо на пачатку спаборніцтваў сустрэліся на рынгу з першымі нумарамі ў сваіх вагавых катэгорыях.
Пераможцамі чэмпіянату свету сталі гаспадары спартыўнага форуму, другое месца — у прадстаўнікоў Расіі. Нягледзячы на адзначаныя нюансы, нашым байцам удалося трапіць у тройку лідараў.
Цікава, што першы ў гісторыі чэмпіянат свету па тайландскім боксе сярод студэнтаў, які ў сакавіку прайшоў у Тайландзе, быў ініцыіраваны Рэспублікай Беларусь. Ініцыятыву Нацыянальнай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў падтрымала Міжнародная федэрацыя ўніверсітэцкага спорту (FISU). Ужо першыя спаборніцтвы сабралі прадстаўнікоў 39 краін. Дзмітрый Валент, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, стаў чэмпіёнам у вагавой катэгорыі 81 кг. Пётр Раманкевіч, студэнт гэтай жа навучальнай установы, стаў сярэбраным прызёрам у катэгорыі да 91 кг. Студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Алена Мішчук стала ўладальніцай “бронзы” ў катэгорыі да 54 кг.
Па колькасці заваяваных медалёў Беларусь заняла пятае месца ў агульнакамандным заліку.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.