2700 кіламетраў, якія раздзяляюць Мінск і Баку, не з’яўляюцца перашкодай для сяброўства і партнёрства. Гэта выдатна пацвердзілі Дні моладзі Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы, што прайшлі з 7 па 10 ліпеня. Адным з цэнтральных мерапрыемстваў насычанай праграмы стаў круглы стол, на якім прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства моладзі і спорту Азербайджана, лідары маладзёжных арганізацый абмяркоўвалі асаблівасці і перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі.
Не сакрэт, што нашы краіны адрозніваюцца традыцыямі, гістарычнай і культурнай спадчынай. Розная ў нас і прырода: у Беларусі — бярозы, блакітныя азёры і ўзгоркі, у Азербайджане — кіпарысы, Каспійскае мора і горы. І ўсё ж агульнага ў нас значна больш. Напрыклад, гасціннасць, адкрытасць, шчырасць людзей. А яшчэ і ў Беларусі, і ў Азербайджане цудоўная, актыўная, энергічная, жыццярадасная моладзь. Таму і гаворым мы на адной мове — мове сяброўства і партнёрства. А тыя адметнасці, што існуюць у сістэме работы з моладдзю, з’яўляюцца выдатнай нагодай для чарговай цёплай сустрэчы, абмену вопытам, абмеркавання актуальных пытанняў сферы маладзёжнай палітыкі.
— 25 гадоў назад Беларусь і Азербайджан уступілі на шлях незалежнасці — шлях стварэння, а не разбурэння. За гэты час мы вырасцілі цэлае пакаленне, якое называем пакаленнем незалежнасці. Адкрытасць і шматвектарнасць, характэрныя для палітыкі нашых дзяржаў, павышаюць прэстыж Беларусі і Азербайджана на міжнароднай арэне. Сёння, сапраўды, трэба быць адкрытым, выхоўваць чалавека свету, бо ў ХХІ стагоддзі нельга жыць у закрытай інфармацыйнай прасторы, нельга быць фізічна адмежаваным ад іншых краін. Аднак пры гэтым трэба захоўваць сваю нацыянальную адметнасць. Наша выхаваўчая работа з моладдзю ў многім падобная, таму мы і сябруем, таму заўсёды з радасцю сустракаемся, — зазначыла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная.
Замацоўвае гэтае сяброўства рэалізацыя шматлікіх праектаў. Прычым як сумесных (напрыклад, “100 ідэй для СНД”, які ўзнік на аснове беларускага праекта “100 ідэй для Беларусі” і азербайджанскага “Ёсць ідэя”), так і праектаў, падобных сваёй тэматыкай. Напрыклад, выбар маладзёжнай сталіцы. Калі для нашай краіны гэта яшчэ малады праект (маладзёжная сталіца Беларусі Баранавічы была выбрана ў гэтым годзе ўпершыню), то ў Азербайджана тут больш багатыя традыцыі. Таму нядзіўна, што маладзёжнай сталіцай Еўропы 2016 года стаў горад Гянджа, які, дарэчы, быў маладзёжнай сталіцай Азербайджана ў 2012 годзе. Сёлета эстафету пераняў Шамкір, які быў выбраны шляхам анлайн-галасавання.
— Аснова нашай нацыянальнай маладзёжнай палітыкі — выхаваць новае пакаленне маладых грамадзян, якія будуць мець свой кругагляд, будуць інтэлектуальна і фізічна развітыя, адкрытыя свету, але пры гэтым захоўваць сваё нацыянальнае “я”, ведаць нацыянальную культуру, нацыянальную спадчыну, гісторыю, мову. У ідэале малады азербайджанец павінен чытаць Шэкспіра на англійскай мове, Пушкіна на рускай, а нацыянальных паэтаў на азербайджанскай мове, — адзначыў намеснік міністра моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі Інтыгам Бабаеў.
Міністэрства моладзі і спорту Азербайджана, дзе прайшла наша першая афіцыйная сустрэча з прадстаўнікамі органаў улады гэтай краіны, створана 26 ліпеня 1994 года і з першых дзён сваёй дзейнасці пачало весці актыўную маладзёжную палітыку. Партнёрамі міністэрства ў гэтай сферы з’яўляюцца практычна ўсе міністэрствы і ведамствы і, безумоўна, маладзёжныя арганізацыі, якіх у Азербайджане зарэгістравана больш за 360. Сярод іх і такія буйныя, як Нацыянальны савет маладзёжных арганізацый. Дзейнічае Саюз студэнцкіх арганізацый Азербайджана, які аб’ядноўвае больш за 100 студэнцкіх арганізацый устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Створаны і паспяхова функцыянуюць маладзёжныя арганізацыі па прафесійнай прыналежнасці іх удзельнікаў (Саюз маладых медыкаў, гісторыкаў і г.д.).
З першых дзён дзейнасці міністэрства быў створаны грамадскі савет моладзі, куды ўваходзяць лідары ўсіх грамадскіх маладзёжных арганізацый Азербайджана. Некалькі разоў на год яны збіраюцца ў міністэрстве і абмяркоўваюць актуальныя законы, праграмы. Гэта выдатная платформа для выказвання маладымі людзьмі сваіх пазіцый, іх абмеркавання. На сёння ў краіне рэалізаваны дзве дзяржаўныя праграмы, у найбліжэйшыя месяцы будзе прынята трэцяя праграма, разлічаная на 2017—2020 гады. Паміж гэтымі праграмамі была прынята стратэгія развіцця азербайджанскай моладзі на 2015—2025 гады. Асноўныя кірункі маладзёжнай палітыкі знайшлі адлюстраванне ў законе пра маладзёжную палітыку, які быў прыняты ў 2002 годзе, з дапаўненнямі і змяненнямі 2007 года. Рэгулярна два разы на год міністэрства праводзіць конкурс на саісканне грантаў. Галоўны падыход да праектаў — зрабіць як мага больш спраў для развіцця маладзёжнай палітыкі. Фінансаваннем гэтых праектаў займаецца спецыяльны Фонд моладзі пры Прэзідэнце Азербайджанскай Рэспублікі.
— Маладзёжная палітыка — гэта самы важны інструмент дзяржавы ў плане інвестыцый у сваю будучыню. Наш фонд — самая маладая структура ў сферы маладзёжнай палітыкі, створаная ў 2011 годзе. Усе праекты паступаюць на разгляд толькі праз інтэрнэт. Іх аналізам займаецца назіральны савет фонду, у які ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных структур і няўрадавага сектара. Адной з асаблівасцей дзейнасці фонду з’яўляцца тое, што гранты ён выдае не арганізацыям, а асобным грамадзянам. Кожны грамадзянін ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў мае права адправіць свой праект і атрымаць дзяржаўную падтрымку. За час дзейнасці фонду было падтрымана больш за 3 тысячы праектаў на агульную суму больш за 20 млн еўра. Лічу, што місія нашага фонду і ідэя прэзідэнта аб тым, каб у кожнага была магчымасць атрымліваць дзяржаўную падтрымку, самарэалізавацца, дасягнута. Мы на гэтым не спыняемся, кожны год рэалізоўваем новыя ідэі, знаёмімся з
міжнародным вопытам. Нядаўна пачалі ўкараняць праграму даследавання па нашай краіне. Замежныя маладыя вучоныя, якія хочуць вывучаць Азербайджан, могуць падаваць заяўкі на гранты ў памеры да 20 тысяч еўра. Радуе і тое, што амаль трэцяя частка праектаў прысвечана патрыятычнаму выхаванню, накіравана на вывучэнне моладдзю сваёй гісторыі, традыцый, — падзяліўся выканаўчы дырэктар Фонду моладзі пры Прэзідэнце Азербайджанскай Рэспублікі Фархад Гаджыеў.
Кожны тыдзень у Азербайджане рэалізуецца як мінімум адно значнае мерапрыемства ў сферы маладзёжнай палітыкі. У агульным за год у такіх мерапрыемствах удзельнічае, акрамя ўсяго, каля 2—3 тысяч маладых людзей з розных краін свету. На наступным тыдні Баку чакае пераможцаў міжнароднага конкурсу “Я пазнаю Азербайджан”, потым дэлегацыю Паўднёвай Карэі. Як толькі яны ад’язджаюць, прыязджае дэлегацыя Марока, адпаведна і азербайджанская моладзь адправіцца ў гэтыя краіны. 16 ліпеня пачынаецца міжнародны летнік у горадзе Гянджа прыкладна для 450 чалавек.
— У гэтым хаатычным свеце Беларусь і Азербайджан з’яўляюцца астраўкамі парадку і стабільнасці. Наш беларускі патрыятызм носіць стваральны характар. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што ў нашых народаў шмат агульнага. І самае галоўнае, што нас аб’ядноўвае, — гэта стратэгія і курс, накіраваны на сацыяльнае развіццё дзяржавы, які выбралі кіраўнікі краін. У Беларусі таксама ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Што тычыцца нарматыўных прававых актаў, то ў нас ёсць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, прыняты ў 2009 годзе. На 2016—2020 гады распрацавана і прынята дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Наш стратэгічны партнёр у рэалізацыі ўсіх спраў — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, — паведаміла Наталля Пшанічная.
Асноўныя прыярытэты дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашых краінах практычна аднолькавыя. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі традыцыйна ставіцца на першае месца, вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню адпаведных умоў для адукацыі, занятасці моладзі, вядзення здаровага ладу жыцця, падтрымкі маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Належная ўвага ў краіне ўдзяляецца адоранай і таленавітай моладзі. Валанцёрства сёння вельмі модны кірунак. 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства быў адкрыты Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. Маладыя сем’і — гэта асаблівая катэгорыя, якая карыстаецца ў Беларусі цэлым шэрагам ільгот. І, канечне, гэта развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. Наша моладзь прымае актыўны ўд зел у жыцці краіны, у яе актыўная грамадзянская пазіцыя.
— У нас склалася цэлая сістэма другаснай занятасці моладзі. Гэта не толькі магчымасць зарабіць у летні перыяд, але і знайсці сяброў. Вялікая роля тут адводзіцца студатрадаўскаму руху. Работа ў студэнцкіх атрадах выхоўвае, фарміруе асобу чалавека, яго асабістыя, лідарскія якасці, уменне працаваць у камандзе. Прыемна, што расце колькасць удзельнікаў студэнцкіх атрадаў. Пры гэтым дзякуючы падатковым ільготам моладзь можа сама фінансава падтрымліваць развіццё студатрадаўскага руху. Якаснае функцыянаванне сістэмы работы з моладдзю немагчыма без работы спецыялістаў. Наша краіна ганарыцца ўнікальным вопытам падрыхтоўкі на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы спецыялістаў па рабоце з моладдзю, — падзялілася з азербайджанскімі калегамі Наталля Пшанічная.
Адным з перспектыўных кірункаў беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі ўдзельнікі круглага стала вызначылі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У прыватнасці, азербайджанскай моладзі было прапанавана далучыцца да рэспубліканскага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, культурна-гістарычнага праекта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы “Жывая гісторыя”, шэрага іншых краязнаўчых, экалагічных праектаў.
Больш падрабязна пра гэтыя праекты, асаблівасці выхаваўчай работы з моладдзю ў Беларусі і Азербайджане чытайце ў суботнім нумары “Настаўніцкай газеты”. А яшчэ вас, паважаныя чытачы, чакае знаёмства з адметнасцямі і непаўторнасцю гэтай унікальнай краіны. Мы прагуляемся па Баку і Шамкіры, палюбуемся краявідамі Азербайджана і даведаемся, што агульнага паміж Палессем і Кура-Араксінскай нізінай. Пакаштуем смажаную бараніну, загорнутую ў вінаградны ліст, і, канечне, пабываем на святочным канцэрце, майстар-класе па беларускім саломапляценні і ткацтве знакамітых азербайджанскіх дываноў. Да сустрэчы, Азербайджан! Ужо ў наступным нумары.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.