Беларусь першая ў свеце ажыццявіла комплекснае прававое рэгуляванне бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн

- 11:26Інфармацыйная гадзіна

28 сакавіка ўступіў у сілу дэкрэт прэзідэнта краіны № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” ад 21 снежня 2017 года.

Дакумент быў распрацаваны ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій сумесна з рэзідэнтамі ПВТ, ІТ-супольнасцю, вядучымі юрыдычнымі і кансалтынгавымі фірмамі Беларусі, а таксама замежнымі экспертамі.

Дэкрэт № 8 прадоўжыў дзеянне спецыяльнага падаткова-прававога рэжыму Парка высокіх тэхналогій да 2049 года. Захаваны экстэрытарыяльны прынцып рэгістрацыі, таксама засталіся нязменнымі базавыя ўмовы гаспадарання для рэзідэнтаў ПВТ.

Ключавыя палажэнні дэкрэта — пашырэнне відаў дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ, падтрымка ІТ-адукацыі і падрыхтоўка кадраў для галіны, стварэнне ўмоў для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній, комплекснае прававое рэгуляванне бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн.

Так, у якасці новых відаў дзейнасці рэзідэнтаў парка прадугледжаны распрацоўка біятэхналогій, медыцынскіх, авіяцыйных і касмічных тэхналогій, кіберспорт. Таксама дэкрэтам прадугледжваецца магчымасць рэзідэнтам ПВТ не толькі распрацоўваць, але і вырабляць высокатэхналагічную навукаёмістую прадукцыю. Пашыраюцца магчымасці рэзідэнтаў па камерцыялізацыі распрацаваных імі праграмных прадуктаў — у тым ліку шляхам аказання рэкламных і маркетынгавых паслуг, ажыццяўлення аўтсорсінгу бізнес-працэсаў і інш. У новым дэкрэце адсутнічаюць дзеючыя раней абмежаванні на аб’ём выручкі ад дадатковых відаў дзейнасці (кансалтынг, тэсціраванне і інш.).

Дакумент стварае прававыя ўмовы для правядзення ICO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Беларусь становіцца першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Дэкрэт не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захоўванні, адчужэнні, абмене токенаў, а таксама дзейнасці аператараў крыптаплатформ і аператараў абмену крыптавалют. Дзейнасць па майнінгу, набыцці, адчужэнні токенаў, якая ажыццяўляецца фізічнымі асобамі, не з’яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, а токены не падлягаюць дэклараванню.

Дэкрэтам ствараюцца ўмовы для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній. Дакумент прадугледжвае спрашчэнне парадку заключэння знешнеэканамічных здзелак з выкарыстаннем інтэрнэту, прадугледжана магчымасць заключэння іх у электронным выглядзе.

Рэзідэнтам ПВТ дазваляецца займацца адукацыйнай дзейнасцю ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій па вучэбных праграмах, якія зацвярджаюцца адміністрацыяй парка. Акрамя таго, замацаваны комплекс мер для прыцягнення ў краіну высакакласных спецыялістаў у ІТ-сферы. У прыватнасці, рэзідэнтам ПВТ не трэба атрымліваць дазволы, звязаныя з прыёмам на работу іншаземцаў: ім у спрошчаным парадку будзе выдавацца дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ візы адменены.

Пасля прыняцця дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі адзначаецца рэкордны рост жадаючых уступіць у Парк высокіх тэхналогій. Так, за першы квартал бягучага года колькасць кампаній — рэзідэнтаў парка павялічылася на чвэрць. За больш як 10-гадовую гісторыю ПВТ такі істотны прырост у момант — са 192 да 238 рэзідэнтаў, адразу на чвэрць, — адбыўся ўпершыню. Сфера іх тэхналагічнай кампетэнцыі — гэта, у першую чаргу, штучны інтэлект, машыннае навучанне, інтэрнэт рэчаў, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.