Беларусь — Румынія: адкрываюцца шырокія гарызонты

- 11:30Актуально, Апошнія запісы

У пятніцу Міністэрства адукацыі нашай краіны наведала дэлегацыя з Румыніі, у склад якой увайшлі рэктары румынскіх універсітэтаў, у тым ліку рэктар Універсітэта “Лучыяна Блага” (горад Сібіу) прафесар Іаан Бандрэа, рэктар Універсітэта Трансільваніі (горад Брашау) прафесар Іаан-Васіле Абрудан. Калег з Румыніі сустракалі першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі С.А.Каспяровіч, намеснік начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Г.А.Артамонаў.

На пачатку сустрэчы В.А.Богуш шчыра павітаў румынскую дэлегацыю і выказаў задавальненне яе візітам у нашу краіну, што яшчэ раз пацвярджае ўзаемны намер наладжваць цеснае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Румыніяй.

— Калі закранаць непасрэдна сферу адукацыі, — адзначыў Вадзім Анатольевіч, — то ў гэтым кірунку мы маем вялікі патэнцыял для плённага ўзаемадзеяння.

— Відавочна, што нашы калегі з Румыніі, як і мы, імкнуцца да ўзмацнення супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі і непасрэдна наладжвання кантактаў паміж універсітэтамі дзвюх краін, — падкрэсліў В.А.Богуш. — Трэба сказаць, што і беларускі бок таксама зацікаўлены ў гэтым і гатовы прадаставіць усе магчымыя рэсурсы, каб гэты кірунак паспяхова развіваўся.

На думку першага намесніка міністра адукацыі, універсітэцкае супрацоўніцтва — спрыяльная сфера для развіцця інавацый у навуцы, у прадпрымальніцтве, для развіцця актыўнасці і мабільнасці моладзі, выкладчыцка-прафесарскага складу навучальных устаноў вышэйшай адукацыі, паміж якімі можна арганізоўваць абмен.

— У нашай краіне спектр падрыхтоўкі кадраў і спектр навуковых даследаванняў дастаткова шырокі, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — Гэта гуманітарная сфера, эканоміка, сацыялогія, лінгвістыка, тэхніка-тэхналагічны, сельскагаспадарчы профілі, машынабудаванне, медыцына, хімічныя і інфармацыйныя тэхналогіі. І ў кожным гэтым кірунку мы можам наладзіць кантакты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Акрамя таго, як заўважыў Вадзім Анатольевіч, цікавымі для абодвух бакоў могуць быць напрамкі супрацоўніцтва, звязаныя з падрыхтоўкай педагагічных кадраў, з выкарыстаннем новых педагагічных тэхналогій. Як бачна, перад абедзвюма краінамі адкрываюцца шырокія гарызонты.

У далейшай размове было адзначана, што пакуль Беларусь і Румынія знаходзяцца ў пачатку супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, таму ўхвальна ініцыятыва саміх універсітэтаў.

Нарматыўная прававая база міжведамаснага ўземадзеяння ў сферы адукацыі паміж краінамі знаходзіцца сёння ў стадыі распрацоўкі. Міністэрства адукацыі вядзе актыўную работу па ўзгадненні з румынскім бокам тэксту праекта пагаднення аб супрацоўніцтве паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Румыніі ў сферы вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі.

— Цяпер мы актыўна працуем над пытаннем падрыхтоўкі і падпісання міжурадавага пагаднення, якое дазволіць стварыць дадатковую прававую базу для развіцця ў тым ліку міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва, — падкрэсліў В.А.Богуш.

Паміж установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны і аднапрофільнымі ўніверсітэтамі Румыніі заключаны 3 прамыя дамоўленасці аб супрацоўніцтве. У мінулым навучальным годзе грамадзяне Румыніі вучыліся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (2) і ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (1).

Па словах прадстаўнікоў румынскай дэлегацыі, мэтай іх візіту стала наладжванне новых кантактаў з беларускімі ўніверсітэтамі. Замежныя калегі адзначылі, што сістэма вышэйшай адукацыі нашай краіны вельмі прывабная для набыцця вопыту і распачынання новых праектаў, таму госці наведалі некаторыя ўніверсітэты Беларусі, сярод якіх Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” і шэраг іншых. У прыватнасці, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прапанаваў супрацоўніцтва ў напрамку развіцця акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама ўдзел у сумесных праектах па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя, турызме, прамысловай тэхніцы і абсталяванні, нафтагазаперапрацоўцы, інфармацыйных тэхналогіях, лесаводстве і лясной інжынерыі, дрэваапрацоўцы, матэрыялазнаўстве, электратэхніцы.

— Наведваючы беларускія ўніверсітэты, мы чарговы раз пераканаліся ў высокім узроўні падрыхтоўкі кадраў у вашай краіне. Мы рады выкарыстаць вашы здабыткі ў румынскай сістэме адукацыі, таму супрацоўніцтва з Беларуссю лічым вельмі карысным, — адзначылі напрыканцы сустрэчы замежныя калегі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.