Belarus Startup — 2014 адкрыты

- 14:30Навука і інавацыі, Рознае
Нацыянальны конкурс інавацыйных праектаў Belarus Startup пачаў прымаць заявы да ўдзелу. Найбольш перспектыўным беларускім стартапам арганізатары конкурсу абяцаюць дапамагчы выйсці на міжнародныя рынкі. (Стартап — кампанія, якая толькі з’явілася ці яе плануюць стварыць для прасоўвання нейкай інавацыі, напрыклад, звязанай з новай тэхналогіяй.) Менавіта гэтаму конкурсу і была прысвечана прэс-канферэнцыя ў Прэс-цэнтры Дома прэсы.

“У сферы высокіх тэхналогій мы бачым яркія вынікі, якіх дасягнулі беларусы. Так, у 2013 годзе адна беларуская кампанія зарабіла паўмільярда долараў. Да таго ж не так даўно японскі канцэрн купіў беларуска-ізраільскае дзецішча за 900 млн долараў, — адзначыў А.А.Мялешчанка, дырэктар бізнес-інкубатара IT House БДУ. — Бясспрэчна, мы хацелі б, каб такіх беларускіх праектаў з’яўлялася больш”.
А.А.Мялешчанка выказаў спадзяванне, што кампаніі такога ж узроўню вырастуць са студэнцкіх ідэй. “Мы хацелі, каб пастаяннае прыцягненне моладзі да гэтай тэмы дазволіла прывіць ёй дух прадпрымальніцтва, каб іх творчая ініцыятыва дазваляла пачынаць уласную справу”, — сказаў С.В.Енін, выканаўчы дырэктар ГА “Інфармацыйнае грамадства”.
Беларускі конкурс інавацыйных праектаў Belarus Startup будзе праводзіцца чацвёрты раз. І другі год узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў межах самага прэстыжнага выставачнага форуму ў галіне інфармацыйных тэхналогій TIBO.
У фінал экспертнай камісіяй будзе адабрана дзесяць перспектыўных праектаў. “Мы запросім прадстаўнікоў айчынных інавацыйных фондаў і замежных інвестараў, якія ацэняць гэтыя праекты і дапамогуць ім развівацца, дадуць ім штуршок”, — сказаў А.А.Мялешчанка.
Сам жа штуршок будзе вымярацца ў грашовых адзінках, праўда, паняцце прыза адрозніваецца ад таго, да якога мы прывыклі.
“Мы не даём грашовых прызоў у канвертах. Грошы даюць на развіццё праекта”, — патлумачыў А.А.Мялешчанка.
Узгадаем 2013 год, калі 3 праекты ўдзельнікаў конкурсу атрымалі фінансаванне. Трэці праект яшчэ прайшоў міжнародную праграму акселерацыі: маладыя людзі два месяцы былі ў Кіеве, Маскве, затым паехалі ў Крэмніевую даліну ў Сан-Францыска. У выніку змаглі адкрыць сваю кампанію з офісамі ў Беларусі, Расіі, ЗША і Казахстане.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі гаварылі і пра цікавасць з боку Расіі да беларускай інавацыйнай індустрыі. “У мінулым годзе расійская венчурная кампанія аплаціла праграму акселерацыі тром нашым беларускім праектам”, — узгадаў А.А.Мялешчанка.
Як адзначыў С.В.Енін, кірунак стартапаў з’яўляецца адным з эфектыўных каналаў наладжвання сувязей паміж навукай і вытворчасцю.
Сваімі назіраннямі падзяліўся і А.А.Мялешчанка, а менавіта тым, што цікавасць інвестараў паступова пераходзіць на праекты, дзе ёсць нейкае ўстройства, для якога прапаноўваецца праграмнае забеспячэнне.

Святлана ШЫЯН.