Беларуска-эфіопскае супрацоўніцтва аднаўляецца

- 15:37Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У панядзелак адбылася сустрэча міністра адукацыі нашай краіны Сяргея Маскевіча з паслом Эфіопіі. На павестцы дня было абмеркаванне адукацыйных кантактаў з перспектывай далейшага цеснага супрацоўніцтва.

У сваім прывітальным слове Сяргей Маскевіч адзначыў, што міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца прыярытэтным для нашай краіны. На сённяшні дзень у нас вучыцца 11 прадстаўнікоў Эфіопіі, і мы, зразумела, зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва.
Міністр паведаміў, што адукацыйная прастора Беларусі пастаянна развіваецца, захоўваючы традыцыі і імкненне да навацый. Сяргей Маскевіч пазнаёміў пасла Эфіопіі са структурай нашай вышэйшай адукацыі і запэўніў, што беларуская вышэйшая школа вызначаецца стабільнасцю і надзейнасцю.
Далей Сяргей Маскевіч адзначыў, што некаторыя беларускія ўніверсітэты падтрымліваюць сувязі з эфіопскімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Але гэта прыватная ініцыятыва. Наладжванне супрацоўніцтва на дзяржаўным узроўні патрабуе адпаведнай прававой і юрыдычнай асновы. Як заўважыў міністр, беларускі бок праяўляў ініцыятыву і перадаваў галіноваму адукацыйнаму ведамству Эфіопіі праект свайго пагаднення, але адказу не атрымаў. Разам з тым міністр падкрэсліў, што Беларусь па-ранейшаму зацікаўлена ў супрацоўніцтве як у сферы вышэйшай адукацыі, так і прафесійнай.

У сваю чаргу пасол Эфіопіі сказаў, што паміж Беларуссю і Эфіопіяй склаліся вельмі добрыя адносіны. І ў савецкі час у нашай рэспубліцы вучылася каля 2 000 эфіопскіх студэнтаў. Цяпер усе яны паспяхова працуюць у самых розных галінах эканомікі Эфіопіі і займаюць высокія дзяржаўныя пасады, што пацвярджае высокую якасць беларускай вышэйшай адукацыі.
Аднак апошнія дзесяцігоддзі супрацоўніцтва паміж краінамі не такое прадукцыйнае, як было раней. У сувязі з гэтым пасол Эфіопіі выказаў свае шкадаванні і спадзеў на больш дынамічнае развіццё. Сёння ў Эфіопіі пачала дзейнічаць маштабная праграма развіцця краіны. Апошнія 10 гадоў гэтая краіна з’яўляецца ўдзельніцай розных міжнародных адукацыйных праграм, якія дапамагаюць павышаць узровень вышэйшай адукацыі Эфіопіі.

Як адзначыў пасол, асноўным элементам праграмы развіцця з’яўляецца чалавечы капітал. На сённяшні дзень 70 працэнтаў студэнтаў у Эфіопіі займаюцца навукай, якая звязана з развіццём эканомікі краіны, а 30 працэнтаў атрымліваюць прафесіі ў галіне сацыяльных навук. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі Эфіопіі вызначылася з некалькімі краінамі, куды хацела б накіроўваць для навучання сваіх студэнтаў. У гэты пералік уваходзіць і Беларусь. І найперш па прычыне развіцця эканомікі.
Пасол Эфіопіі заўважыў, што паміж нашымі краінамі ўжо заключана гандлёва-эканамічнае пагадненне, таму цяпер у прыярытэце распрацоўка і падпісанне адукацыйнага. Эфіопія зацікаўлена ў павышэнні колькасці сваіх студэнтаў, якія маглі б атрымліваць адукацыю ў беларускіх універсітэтах, у міжуніверсітэцкім супрацоўніцтве, у сумесных навукова-даследчых праектах. Эфіопію цікавіць беларуская навукова-тэхналагічная адукацыя, падрыхтоўка спецыялістаў па электрамеханіцы, у галіне вытворчага сектара.
На што Сяргей Маскевіч адзначыў, што інтарэсы двух бакоў супадаюць. Пасол Эфіопіі атрымаў праект пагаднення ад Міністэрства адукацыі Беларусі і запэўніў міністра, што яно будзе разгледжана ў бліжэйшы час.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.