Беларуска–расійскі дзелавы савет стане пляцоўкай для абмеркавання пытанняў, якія хвалююць бізнес дзвюх дзяржаў

- 11:47Інфармацыйная гадзіна

Ініцыятывы беларуска-расійскага дзелавога савета будзе разглядаць рабочая група па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі. Аб гэтым паведаміў старшыня беларуска-расійскага дзелавога савета, генеральны дырэктар СП “Санта імпэкс Брэст” Аляксандр Машэнскі перад першым пасяджэннем дзелавога савета.

Адказваючы на пытанне аб узаемадзеянні дзелавога савета з рабочай групай па інтэграцыі на міждзяржаўным узроўні, Аляксандр Машэнскі сказаў: “Абяцана, што ініцыятывы савета будуць трапляць у гэтую групу і ў іншыя міжсаюзныя ўтварэнні. Для іх гэта важна, таму што мы з’яўляемся ўдзельнікамі практычнай дзейнасці і нашы пытанні маюць практычны сэнс”.

Паводле слоў Аляксандра Машэнскага, дзелавы савет стане пляцоўкай, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні, якія хвалююць бізнес дзвюх дзяржаў, у тым ліку тычацца адміністрацыйных бар’ераў і сумеснага пашырэння інтарэсаў у трэціх краінах. “Ёсць надзея, што пазіцыя бізнесу будзе канструктыўнай і што яна будзе пачута. З боку пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча ёсць разуменне і жаданне ўдзельнічаць у рабоце савета, з боку Уладзіміра Сямашкі таксама. Гэта дасць падтрымку ініцыятыў, якія будзе вылучаць савет”, — сказаў ён.

Старшыня дзелавога савета адзначыў, што існуючыя ў расійска-беларускіх адносінах турбулентнасці ў той ці іншай ступені ўплываюць на бізнес. “Уплываюць у большай ступені на інвестараў, якія хочуць ажыццяўляць якія-небудзь планы. Існуючы бізнес, кааперацыя прадаўжае працаваць, таму што гэта напрацаваныя гадамі, нялёгкай працай асабістыя сувязі і сістэма, — у выпадку, калі пытанні не тычацца канкрэтнага бізнесу”, — дадаў ён.

Беларуска-расійскі і расійска-беларускі дзелавыя саветы былі створаны гандлёва-прамысловымі палатамі дзвюх краін у снежні 2018 года. Плануецца штогод праводзіць два пасяджэнні беларуска-расійскага дзелавога савета і два сумесныя з расійска-беларускім дзелавым саветам — у Беларусі і ў Расіі.

Як растлумачыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, у Беларусі напрацаваны парадак стварэння саветаў, у якіх працуе адначасова бізнес дзвюх краін. “У расійскіх калег іншы падыход, яны ствараюць ініцыятыўную групу з бізнесу, зацікаўленага працаваць з той ці іншай краінай. Мы знайшлі кампраміс, падпісалі пагадненне, каб гандлёва-прамысловыя палаты выступілі гарантамі дзейнасці гэтых саветаў. Стварылі з ініцыятыўнага бізнесу беларускую частку (беларуска-расійскі дзелавы савет. — Заўв. БелТА.)”, — сказаў ён.