Форма фінансавання кампаніі праз асабістыя фінансавыя фонды кандыдатаў прыжываецца ў Беларусі. Такое меркаванне 5 кастрычніка выказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў сваім відэазвароце на сайце vybory2015.by.
“Усе кандыдаты ў прэзідэнты стварылі асабістыя фінансавыя фонды, з якіх аплачвалі сваю перадвыбарную агітацыйную прадукцыю, а таксама іншыя расходы, звязаныя з правядзеннем выбараў. Прыемна бачыць, што гэта форма фінансавання прыжываецца ў нас у краіне і ў хуткім часе стане прывычнай. Мы ўсё больш адыходзім ад бюджэтнага фінансавання перадвыбарнай агітацыі”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў старшыні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у цэлым выбарчая кампанія 2015 года пацвярджае, што беларускае выбарчае заканадаўства развіваецца ў правільным ключы, а дэмакратычныя працэдуры становяцца выразнымі і добра ўспрымаюцца ўсім насельніцтвам.
“Усе кандыдаты ў прэзідэнты вядуць даволі інтэнсіўную агітацыйную кампанію. У краіне праведзена больш за 500 мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях. Гэта сустрэчы з выбаршчыкамі і працоўнымі калектывамі. Таксама перадвыбарныя штабы арганізавалі больш за 300 пікетаў і іншых вулічных масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, кандыдаты на пасаду Прэзідэнта актыўна скарысталіся магчымасцямі правядзення перадвыбарнай агітацыі па тэлебачанні, радыё і ў сродках масавай інфармацыі. Такім чынам, кандыдаты выкарыстоўваюць прадастаўленыя ім шырокія магчымасці і ліберальныя ўмовы для правядзення работы з выбаршчыкамі”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, можна з упэўненасцю гаварыць аб тым, што выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасці з законам.
Акрамя таго, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс vybory2015.by будзе замарожаны пасля выбараў і падвядзення іх вынікаў, аднак, усе табліцы электаральнай статыстыкі з вынікамі застануцца даступнымі для ўсіх жадаючых з імі азнаёміцца.
