Беларускі вопыт забеспячэння доступу да якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей пацвярджае высокі ўзровень нацыянальнай сістэмы адукацыі

- 11:39Актуально, Рознае
Нацыянальны вопыт рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі прадстаўлены на канферэнцыі высокага ўзроўню “Забеспячэнне якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей” у Стамбуле (Турэцкая Рэспубліка).

Беларускі вопыт стварэння ўмоў для ўсебаковага развіцця дзяцей і забеспячэння доступу да якаснай адукацыі пацвярджае высокі ўзровень нацыянальнай сістэмы адукацыі сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і дзяржаў СНД. Такое меркаванне выказалі ўдзельнікі канферэнцыі высокага ўзроўню “Забеспячэнне якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей” у Турцыі, ацэньваючы развіццё сістэмы адукацыі Беларусі, прадстаўленай на канферэнцыі намеснікам міністра адукацыі нашай краіны Васілём Антонавічам Будкевічам.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Урад Турцыі і Рэгіянальнае прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і дзяржаў СНД. У канферэнцыі прынялі ўдзел дэлегацыі больш за 20 краін.
Адкрыў канферэнцыю міністр адукацыі Турцыі Набі Аўджы. На пленарным пасяджэнні таксама выступілі намеснік генеральнага дырэктара па пытаннях адукацыі ЮНЕСКА Цянь Танг, намеснік выканаўчага дырэктара ЮНІСЕФ Ёока Брант. У выступленнях было адзначана, што ўсе дзеці, у тым ліку дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, з ліку нацыянальных меншасцей, павінны мець доступ да якаснай адукацыі. Акрамя таго, былі абмеркаваны пытанні інклюзіўнай адукацыі, пашырэння доступу да дашкольнай адукацыі, удасканалення сістэмы ацэнкі ведаў навучэнцаў, прафесійнага росту педагогаў, стварэння эфектыўнай сістэмы кіравання ў сферы адукацыі.
Як адзначыў у сваім выступленні Васіль Антонавіч Будкевіч, забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі адносіцца да найважнейшых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. У нашай краіне прыняты і рэалізоўваюцца нарматыўныя прававыя акты, накіраваныя на павышэнне якасці адукацыі, прымяненне новых методык навучання і выхавання дзяцей, фарміраванне талерантнага стаўлення да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, інваліднасцю, да дзяцей з сем’яў нацыянальных меншасцей. Адзначана, што міжведамаснае ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі з’яўляецца асноўным крытэрыем забеспячэння яго даступнасці і якасці.
У рамках канферэнцыі члены беларускай дэлегацыі прынялі ўдзел у дыскусіях па тэмах “Забеспячэнне кожнага дзіцяці своечасовай пачатковай адукацыяй: павышэнне роўнага доступу і якасці адукацыі ў раннім узросце”, “Школа — кожнаму дзіцяці”, “Фарміраванне прафесійных навыкаў і ўмацаванне магчымасцей працаўладкавання”, “Удасканаленне і кантроль якасці паслуг адукацыі для ўсіх катэгорый дзяцей”. Атрыманы вопыт будзе спрыяць пашырэнню адукацыі ў раннім узросце, забеспячэнню роўнага доступу да якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей, развіццю інклюзіўнай адукацыі з улікам сусветных тэндэнцый.
Васіль Антонавіч Будкевіч у рамках сустрэчы з міністрам адукацыі Турцыі Набі Аўджы абмеркаваў прыярытэтныя напрамкі развіцця нацыянальных сістэм адукацыі з улікам забеспячэння роўнага доступу да якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей. Абодва бакі пагадзіліся, што прыярытэтнай задачай дзяржавы з’яўляецца даступнасць адукацыі для ўсіх, і падкрэслілі неабходнасць уключэння ў гэты працэс прадстаўнікоў грамадскіх маладзёжных арганізацый.
У рамках канферэнцыі разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыем Амбразевічам Васіль Будкевіч правёў сустрэчу з рэгіянальным дырэктарам ЮНІСЕФ па краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і краін СНД спадарыняй Мары-П’ер Пуар’е. На ёй былі абмеркаваны вынікі сумеснай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь у галіне рэалізацыі правоў дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і інваліднасцю, а таксама вынікі і перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва па павышэнні ўзроўню дасведчанасці насельніцтва аб прадстаўніках гэтай катэгорыі дзяцей і іх сем’ях. Падкрэслена неабходнасць працягу работы, накіраванай на фарміраванне норм і каштоўнасцей у грамадстве, якія падтрымліваюць развіццё інклюзіўнай адукацыі.
Па выніках удзелу ў канферэнцыі “Забеспячэнне якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей” і ў мэтах павышэння якасці і даступнасці дашкольнай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, плануецца распрацаваць канцэпцыю развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, адкарэкціраваць праграмы спецыяльнай адукацыі з улікам інклюзіўных падыходаў, распрацаваць электронныя базы даных для педагогаў па практычным прымяненні новых тэхналогій у адукацыі дашкольнікаў, удасканальваць крытэрыі ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі.