Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка сустрэўся на дыялогавай пляцоўцы па абмеркаванні асноўных палажэнняў праекта Канстытуцыі з навучэнцамі і працоўным калектывам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Як адзначыў віцэ-прэм’ер, развіццё беларускага грамадства прайшло пэўныя этапы, але курс развіцця краіны застаецца нязменным:
— Гэта арыенціроўка на сацыяльна-прававую дзяржаву, забеспячэнне ў поўнай меры тых абавязацельстваў, якія дзяржава ўзяла на сябе, не толькі прапісаўшы ў Асноўным законе, але і рэалізаваўшы на практыцы. Мы гэта бачым па тых вялікіх сацыяльных праектах, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, адпаведных інфраструктурных праектах, гарадах і малых населеных пунктах, якія будуюцца, развітых сетках аўтамабільных дарог і відах транспарту. Усё, што тычыцца нашай жыццядзейнасці, падпарадкавана пэўным правілам, аб’ектыўным законам развіцця і асноўнаму парадку, які вызначаецца ў нашай Канстытуцыі. Інакш кажучы, мы хочам у нашым доме, які называецца Беларуссю, жыць камфортна, утульна, бяспечна. Для гэтага мы павінны падпарадкоўвацца пэўным фундаментальным правілам, выкладзеным у Асноўным законе.
Мы хочам у нашым доме, які называецца Беларуссю, жыць камфортна, утульна, бяспечна. Для гэтага мы павінны падпарадкоўвацца пэўным фундаментальным правілам, выкладзеным у Асноўным законе.
На погляд Ігара Петрышэнкі, менавіта час прадыктаваў неабходнасць карэкціроўкі пэўных палажэнняў, увядзення шэрага новых інстытутаў. Жыццё паказала запатрабаванасць і апраўданасць існавання Усебеларускага народнага сходу, які быў упершыню ініцыіраваны Прэзідэнтам у 1996 годзе. Іх адбылося ўсяго шэсць, і гэты орган неабходна ўключаць у Канстытуцыю, а таксама растлумачыць пераразмеркаванне паўнамоцтваў.
— Таму нам важна, каб у дыскусіях прымалі актыўны ўдзел не толькі спецыялісты па праве, але і тыя людзі, якія непасрэдна ў рэальным жыцці ажыццяўляюць рэалізацыю тых ці іншых норм палажэнняў, у прыватнасці, што тычацца сацыяльнай сферы: аховы здароўя, сацабароны і адукацыі, — звярнуў увагу Ігар Петрышэнка. — З улікам зменлівай сітуацыі, падзей, што адбыліся ў Казахстане, неабыякавае да далейшага лёсу сваёй краіны беларускае грамадства ўбачыла, што асобныя элементы неабходна адкарэкціраваць і прапісаць, каб не дазволіць расхістаць і падарваць наш суверэнітэт, незалежнасць і цэласнасць рэспублікі.
Паводле яго слоў, нормы Канстытуцыі павінны быць успрымальныя моладдзю, паколькі ў далейшым яна будзе рэалізоўваць іх на практыцы і развіваць краіну. Рэалізацыя палажэнняў Асноўнага закона, якія будуць акцэптаваны, адобраны, падтрыманы і прыняты народам на рэферэндуме, будзе ажыццяўляцца праз прыняцце шэрага заканадаўчых актаў і гэтак далей па ланцужку з пункту гледжання адпаведных паўнамоцтваў, органаў, што функцыянуюць у нашай краіне.
— Наколькі эфектыўна гэтыя нормы будуць увасоблены на практыцы, залежыць ад кожнага чалавека. Гэта звязана з нашым далейшым лёсам, суверэнітэтам і бяспекай Беларусі, камфортам пражывання, светлай будучыняй, якую мы фарміруем для дзяцей і ўнукаў. Ім далей браць гэтую эстафету і развіваць нашу краіну, каб яна заўсёды была на карце свету і заставалася незалежнай. Беларусы — гэта заўсёды пра міралюбнасць, клопат пра ўласны дом, краіну, сям’ю. І мы павінны гарманічна развівацца, грунтуючыся менавіта на гэтых гістарычных, непарушных для нас пастулатах, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.
Па матэрыялах БелТА падрыхтавала Алена ЯКУБАВА.
Руслан АБРАМЧЫК,
начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:
— Ключавая ідэя праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі — ідэя сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Гэта дакумент, які павінен служыць народу. Жыццё ідзе наперад, таму не ўпершыню ўносяцца дапаўненні ў Канстытуцыю. І кожны крок, які рабіўся на працягу шэрага гадоў па ўдасканаленні Асноўнага закона краіны, быў лёсавызначальным.
Як адзначана ў артыкуле 8, Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Што гэта за прынцыпы? Непрымянення сілы і пагрозы сілай, вырашэння міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі, неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой дзяржавы, раўнапраўя і самавызначэння народаў, суверэннай роўнасці дзяржаў, добрасумленнага выканання абавязацельстваў, нерушымасці меж, тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў. Гэтых прынцыпаў Беларусь прытрымлівалася заўсёды і будзе рабіць гэта і далей.
Абарона сям’і ў Канстытуцыі прапісана па многіх аспектах. Шлюб вызначаны як саюз жанчыны і мужчыны. Зроблены акцэнт на тое, што сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Але нельга не звярнуць увагу на тое, што ўпершыню ўводзіцца адказнасць бацькоў за развіццё і навучанне, выхаванне дзяцей. Ёсць, на жаль, бацькі, якія адмаўляюцца адпраўляць дзяцей у школу, ставяць пад пагрозу іх будучыню і здароўе. Норма Асноўнага закона абавязвае іх гэта рабіць, што становіцца пэўным рычагом для адстойвання правоў дзіцяці на атрыманне адукацыі.
Вельмі своечасова і абгрунтавана зроблены пасыл да памяці народа: дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кніг і публікацый, якія супярэчаць гэтаму, шмат. Таксама своечасова прыняты Закон аб генацыдзе беларускага народа, які прадугледжвае адказнасць за адмаўленне, за апраўданне генацыду ў адносінах беларускага народа. Новае заканадаўства накіравана на захаванне памяці пра подзвіг нашых продкаў.
Як паказвае практыка, рэалізавана ўсё, што было закладзена ў тэкст дзеючай Канстытуцыі. Кожнае змяненне ў Асноўным законе цягне за сабой будучыя змяненні ў нашым жыцці. Як і ў папярэдняй рэдакцыі, вызначаны шлях нашага грамадства на будучыя гады. Нам па гэтай Канстытуцыі жыць на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Валерый ДУНАЙ,
рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта:
— Неабходнасць змянення Канстытуцыі абумоўлена шматлікімі дасягненнямі, назапашанымі за гады развіцця Беларусі як суверэннай і незалежнай краіны. Станоўчы вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, сацыяльна арыентаванай палітыкі, падтрымку навукі, інавацый і адукацыі, павагу да сваёй гісторыі і подзвігаў беларускага народа — усё гэта і не толькі неабходна захаваць для нашчадкаў.
Праект змяненняў і дапаўненняў — вынік доўгай і карпатлівай працы многіх людзей. У ім адлюстраваны і ўлічаны прапановы і меркаванні, разгледжаныя на дыялогавых пляцоўках у розных рэгіёнах краіны. Таму вельмі важна, каб кожны грамадзянін прыняў актыўны ўдзел у абмеркаванні і прыняцці абноўленага Асноўнага закона, які адпавядае запытам часу.
Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для ўсебаковай падтрымкі і развіцця моладзі ў розных сферах жыцця. Варта замацаваць гэта ў Канстытуцыі, каб працягваць не толькі раскрываць патэнцыял моладзі, але і скіроўваць яе ідэі і ініцыятывы на ка‑рысць усяго грамадства.
Выхаванне грамадзяніна-патрыёта, які паважае законы, айчынную гісторыю і народныя традыцыі, адбываецца найперш у сям’і. Таму важна замацаваць гэты бацькоўскі абавязак у Канстытуцыі, што дапаможа ўмацаваць супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і сем’яў у патрыятычным выхаванні сацыяльна актыўных грамадзян, гатовых берагчы і прымнажаць дасягненні папярэднікаў, уладкоўваць і развіваць любімую Радзіму.
Падрабязней на pravo.by