Берагчы бясцэнны дар прыроды

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Засвойваць простыя ісціны праз творчую дзейнасць — такую магчымасць дае дзецям раённы конкурс “Лес — бясцэнны дар прыроды”, які трэці раз праводзіцца на Салігоршчыне. Ствараючы разнастайныя вырабы, дзеці вучацца беражлівым адносінам да прыроды, засвойваюць асновы экалагічнай дасведчанасці.

Конкурс праводзіцца сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці. У гэтым годзе ўдзел у ім узялі прадстаўнікі 16 школ.

— Ініцыятарам правядзення конкурсу стала Скаўшынскае лясніцтва. Мы ініцыятыву з задавальненнем падтрымалі, — расказвае Таццяна Пятроўна Пратасеня, намеснік дырэктара эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. — Таму што гэта цудоўная ідэя — прывіваць дзецям правільныя экалагічныя звычкі праз такія цікавыя мерапрыемствы, якія праходзяць у атмасферы свята. Дзецям конкурс падабаецца — мы назіраем іх актыўнасць. Год ад году ўстаноў, якія бяруць удзел у конкурсе, становіцца ўсё больш.

Канкурсантаў запрасілі ў надзвычай прыгожае месца — Скаўшынскае лясніцтва. Тут створаны лясны куток, дзе з вырабаў канкурсантаў мінулых гадоў атрымаўся музей пад адкрытым небам.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях. Для намінацыі “Лясныя жыхары” юныя майстры выраблялі скульптуры жыхароў лесу з галін, ствалоў, карэння дрэў і кустоў. Тут можна было ўбачыць чаплю, аленя, змей, шэрую няясыць, а таксама казачных персанажаў — лесуна, цмока. У намінацыі “Дзіцячая фантазія” школьнікі выраблялі домікі для птушак з разнастайных матэрыялаў. Свае конкурсныя работы яны прадстаўлялі журы ў творчай форме, з вершамі, песнямі, казкамі, тэатралізаванымі сцэнкамі. Таксама конкурс прадугледжваў тэарэтычны тур “Лясны марафон”, дзе падлеткі прадэманстравалі веданне лесаводства, лясной батанікі і заалогіі.

Журы вызначыла лепшых у кожнай з намінацый, а таксама падвяло вынікі, згодна з якімі 1-е месца занялі навучэнцы Скаўшынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, 2-е — каманда Гоцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, 3-е — навучэнцы Пясчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Каманда Скаўшынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы невыпадкова заваявала лідарства ў конкурсе — ва ўстанове багатыя традыцыі экалагічнага выхавання. Так, ужо 40 гадоў тут дзейнічае школьнае лясніцтва, кіраўніком якога з’яўляецца настаўнік біялогіі і геаграфіі Юрый Фёдаравіч Чарняк. Удзельнікі лясніцтва стварылі дзве экалагічныя сцяжынкі — у школьным двары і ў лесе. Навучэнцы падрыхтавалі для ўдзельнікаў конкурсу літаратурна-музычную кампазіцыю “Юныя сябры прыроды”, якая стала цудоўным аздабленнем мерапрыемства.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена
эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.