Безбар’ернае асяроддзе створана на палове ўчасткаў для галасавання ў Мінскай вобласці

- 14:41Выбары 2015

Больш як палавіна ўчасткаў для галасавання па выбарах Прэзідэнта Беларусі ў Мінскай вобласці абсталяваны пандусамі і поручнямі, што значна аблегчыць наведванне іх людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку, у час датэрміновага галасавання, якое пачалося 6 кастрычніка. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі Віктар Хацееў.

Паводле яго слоў, у асноўны дзень галасавання, 11 кастрычніка, на ўчастках таксама будуць працаваць валанцёры маладзёжных арганізацый, якія дапамогуць людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў перамяшчэнні. “Немалаважна, што большасць участкаў размешчаны на першых паверхах будынкаў”, – дадаў Віктар Хацееў. Ён падкрэсліў, што ў гэтым годзе праведзена вялікая работа па стварэнні на іх безбар’ернага асяроддзя.
Старшыня камісіі акцэнтаваў увагу на магчымасці лёгка сарыентавацца ў бюлетэнях выбаршчыкам са слабым зрокам з дапамогай спецыяльнага трафарэта са шрыфтам Брайля. “Яны змогуць запоўніць бюлетэнь і прагаласаваць за тую кандыдатуру, якую яны выбралі, без чыёй-небудзь дапамогі”, – запэўніў Віктар Хацееў.
На тэрыторыі Мінскай вобласці створаны 1032 участкі для галасавання па выбарах Прэзідэнта. Паводле слоў кіраўніка абласной выбарчай камісіі, усе яны поўнасцю гатовы да правядзення датэрміновага галасавання. Устаноўлены кабіны, вызначаны памяшканні, дзе будзе праходзіць датэрміновае галасаванне. Віктар Хацееў звярнуў увагу, што гэта не заўсёды тое ж памяшканне, якое адведзена для правядзення галасавання ў асноўны дзень выбараў. Паколькі вялікая колькасць участкаў размешчаны на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, то сярод такіх памяшканняў могуць быць вучэбныя класы або дапаможныя пляцоўкі.
“Магчымасць аддаць свой голас кандыдату ў прэзідэнты датэрмінова – важная норма выбарчага кодэкса, якая дазваляе грамадзянам прыняць удзел у выбарах, выказаць волевыяўленне з-за немагчымасці прыйсці на ўчастак у асноўны дзень галасавання па якіх-небудзь прычынах. Дні датэрміновага галасавання неабходны”, – падкрэсліў Віктар Хацееў.
Старшыня камісіі таксама паведаміў, што празрыстыя ўрны для бюлетэняў будуць устаноўлены на многіх буйных участках у раёнах вобласці, у прыватнасці, у раённых цэнтрах. Пры гэтым ён канстатаваў, што поўнасцю забяспечыць такімі ўрнамі ўсе ўчасткі не ўдалося, паколькі гэта патрабуе сур’ёзных фінансавых затрат.
Маладых грамадзян, якія прыйдуць на выбары ўпершыню, па традыцыі павіншуюць з гэтай падзеяй члены выбарчых камісій, таксама ім будуць уручацца кветкі, сувеніры, спецыяльныя паштоўкі. “Гэта робіцца для таго, каб дзень па-сапраўднаму застаўся ў памяці”, – рэзюмаваў Віктар Хацееў.