Быць настаўнікам на выдатна

Калі больш чым 20 гадоў назад настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Смалявіч Іна Яўгенаўна Янчына прыйшла ў клас на свой першы ўрок, яна была ўпэўнена, што адных сухіх фактаў для паспяховага засваення прадмета навучэнцам недастаткова. І паколькі біялогія — навука жывая, было вырашана ўсе ўрокі рабіць такімі ж жывымі, заснаванымі на правядзенні доследаў і навукова-даследчых работ.

Пра тое, наколькі адукаванымі дзякуючы такім метадам сталі дзеці, як працаваць з адоранымі навучэнцамі і ці варта прыцягваць школьнікаў да ўдзелу ў навуковай рабоце, Іна Яўгенаўна Янчына расказала падчас нашай сустрэчы, якая адбылася якраз напярэдадні яе юбілею.

“Дрэнны настаўнік падае ісціну, а добры вучыць яе знаходзіць”

Менавіта гэтая цытата Дыстэрвега — аснова метадычных распрацовак Іны Яўгенаўны пад назвай “Урок, якім я ганаруся”. Асноўным прынцыпам такога ўрока з’яўляецца тое, што ён павінен быць цікавым для вучня, а інфармацыя — зразумелай. “Змест эфектыўнага ўрока адбіраецца па прынцыпе аптымальнасці, структуруецца ў лагічныя адзінкі, — тлумачыць настаўніца. — Атрыманыя на такім ўроку веды актуальныя для вучня, звязаны з прадметам і маюць практычнае прымяненне ў жыцці. Адзначу, што немалаважнае значэнне мае эмацыянальны блок урока, а менавіта ўменне настаўніка стварыць спрыяльную атмасферу, сітуацыю, якая прывядзе да поспеху (у нашым выпадку — да добрай адзнакі і цікавасці да вывучэння прадмета кожным вучнем). Эфектыўны ўрок насычаны цікавымі заданнямі, якія хочацца выконваць. Арганізацыя пазнавальнай дзейнасці на ўроку — адна з найбольш важных задач настаўніка. Як уцягнуць вучняў у вучэбную дзейнасць? Якія заданні прапанаваць? Як арганізаваць іх працу, навучыць правільна ацэньваць свае веды? Вось далёка не поўны спіс пытанняў, якія настаўнік вырашае падчас праектавання ўрока і ад якіх шмат у чым залежыць яго вынік”.

Іна Яўгенаўна ўпэўнена, што задача настаўніка яшчэ і ў тым, каб выклікаць у навучэнцаў жаданне вывучаць прадмет. “Калі дзіця разумее, пра што гаворыць выкладчык, і калі інфармацыя на ўроку падаецца ў лёгкай і даступнай, а не ў сухой энцыклапедычнай форме, то цікавасць да прадмета у навучэнцаў абавязкова з’явіцца, — працягвае настаўніца. — У мяне на ўроках пазнанне ідзе праз лагічныя схемы і карты. Увогуле, такі прынцып больш характэрны для дакладных навук. Кожны ўрок прадуманы да дробязей. Нават цяпер, праз 23 гады пасля заканчэння ВНУ, усё роўна рыхтуюся да кожных заняткаў. Вядома, гэта ўжо не тыя планы, якія складаліся на пачатку педагагічнай дзейнасці. Сучасныя дзеці больш патрабавальныя і да настаўніка, і да прадмета. Яны не церпяць безадказнага стаўлення да ўрока. Але і настаўнік таксама павінен быць патрабавальны і да сябе, і абавязкова да вучняў. Пры гэтым строгасць павінна быць ветлівай і карэктнай”.

Настаўніца ўпэўнена, што для таго, каб наладзіць сувязь з навучэнцамі, неабходна безадкорна валодаць прадметам.

“З улікам таго, што сёння ў інтэрнэце можна знайсці адказ на любое пытанне, сучасныя дзеці вельмі патрабавальныя да прафесійнага ўзроўню педагога. А як выклі­каць цікавасць да тэмы ўрока? Гэта асобная размова. Бывае, што экспанат, прынесены з дома, а не з лабаранцкай, адразу выклікае цікавасць. Напрыклад, па тэме “Павукі” я заўсёды прыношу ў школу свайго гадаванца — жывога павука-птушкаеда, які жыве ў тэрарыуме. Безумоўна, за гэтым ідзе рэакцыя: часта дзеці прыносяць у клас конікаў, стракоз. Паверце, засваенне новага матэрыялу, калі ўсё гэта падмацавана жывымі прыкладамі, адбываецца намнога лягчэй. Дзецям цікава, яны ўключаюцца ў абмеркаванне тэмы, а гэта значыць, што дыялог наладжаны і цікавасць да тэмы выклікана”.

Настаўніца ўпэўнена, што ўрок павінен быць пабудаваны так, каб  навучэнцам не хацелася ўзя ць у рукі смартфон і, схаваўшы пад партай, лазіць у інтэрнэце.

“На маіх уроках дзецям проста не хапае часу на гульні, — кажа Іна Яўгенаўна. — Можа, яны і стамляюцца ад таго аб’ёму інфармацыі, які ім даецца, але маральнае задавальненне атрымліваюць дакладна. Высокая загружанасць і хуткі тэмп урока — вось галоўныя фактары, якія робяць прадмет цікавым. Кожны ўрок у мяне распланаваны да хвіліны, таму паўзы для адпачынку мінімальныя. Калегі часта дзівяцца, з якой хуткасцю ў нас праходзіць вучэбны працэс. Пры гэтым у класе ўсе заняты, ніхто не ся­дзіць без справы. Безумоўна, калі я бачу, што навучэнцам патрэбна паўза, мы на некалькі хвілін пераключаемся, робім расслабляльную размінку. Але зноў жа яна звязана з прадметам. Напрыклад, пачынаем гуляць у “Апошнюю літару”. Увогуле, дзеці павінны адчуваць, што настаўнік іх разумее, ён на адной хвалі з навучэнцамі. Яны не павінны баяцца настаўніка, таму што мы з імі аб’яднаны адной мэтай”.

Акцэнт на профільнае навучанне

Галоўныя прынцыпы, якіх настаўніца прытрымліваецца ў рабоце, — гэта імкненне да новых форм і метадаў у правядзенні ўрокаў і, безумоўна, выдатнае веданне свайго прадмета. На выдатна ў Іны Яўгенаўны атрымліваецца арганізоўваць і работу з адоранымі дзецьмі. Але разам з гэтым настаўніца ўпэўнена, што на ўроках павінна быць цікава ўсім.

“Для таго каб кожны навучэнец быў зацікаўлены прадметам, заданні на ўроку павінны быць дыферэнцыраванымі. Дзякуючы такому падыходу ў мяне няма слабых вучняў. Кожны атрымлівае той аб’ём ведаў, які можа засвоіць, — расказвае Іна Яўгенаўна. — Біялогія не вышэйшая матэматыка, яе можна на даступнай мове растлумач­ыць усім. Менавіта з разуменнем прыходзіць цікавасць да навукі. А ў старшых класах акцэнт павінен быць зроблены на тых, хто вызначыўся з будучай прафесіяй і звязвае яе з пэўным прадметам, у маім выпадку — з біялогіяй. З імі трэба працаваць узмоцнена, таму што і вынік на ЦТ, і паступленне ва ўніверсітэт важныя не толькі для вучня, але і для настаўніка.

Факультатывы замест рэпетытараў

Што тычыцца работы з таленавітымі дзецьмі, Іна Яўгенаўна ўпэўнена, што важным для іх далейшага развіцця з’яўляецца якаснае правядзенне факультатыўных заняткаў: калі праводзіць іх на высокім узроўні, то і рэпетытары не патрэбны. Спецыяльна для работы з тымі, хто паглыблена цікавіцца біялогіяй і звязвае з вывучэннем гэтай навукі сваю будучыню, Іна Янчына распрацавала дыдактычны матэрыял “Праблемы падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання на факультатыўных занятках па біялогіі па раздзелах”.

“Для таго каб аблягчыць вучням засваенне найбольш цяжкага матэрыялу, былі складзены прэзентацыі асноўных тэм па біялогіі, веданне якіх неабходна пры здачы экзамену за курс сярэдняй школы, — дзеліцца вопытам Іна Яўгенаўна. — А пры вывучэнні асноў генетыкі ў 10 класе прааналізаваны ўсе тыпы задач, якія прапаноўваліся на ЦТ і РТ у перыяд з 2005 па 2016 год, а таксама складзены дыдактычны матэрыял, які ілюструе рашэнне ўсіх тыпаў задач па генетыцы. Увогуле, на ўроках заўсёды аналізуюцца найбольш складаныя заданні, якія прапаноўваюцца на ЦТ”.

Два гады назад для таго, каб аб’яднаць атрыманы падчас педагагічнай дзейнасці вопыт, Іна Янчына распрацавала метадычны дапаможнік “Сістэма работы настаўніка біялогіі па прафарыентацыйнай падрыхтоўцы навучэнцаў”, дзе аналізуе праблемны падыход да навучання, дзеліцца вопытам выкарыстання тэхнічных карт на ўроках біялогіі і г.д.

 “Для больш якаснага адукацыйнага працэсу з адоранымі навучэнцамі важна рыхтаваць іх да паступлення ва ўніверсітэт непасрэдна ва ўніверсітэце, — упэўнена Іна Янчына. — Прычым настаўнік сам павінен ініцыіраваць гэта. Калі я працавала ў гімназіі, было вельмі прыемна, што мне насустрач пайшлі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і дазволілі маім навучэнцам па суботах прыязджаць ва ўніверсітэт і слухаць лекцыі. Увогуле, прафарыентацыйная работа з’яўляецца вельмі важнай у педагагічнай дзейнасці і ў нейкім сэнсе з’яўляецца яе лагічным завяршэннем. Дапамога школьніку ў выбары прафесіі не толькі дае яму магчымасць арганізаваць вучэбную дзейнасць (калі ён свядома вывучае школьныя прадметы, якія мо­гуць спатрэбіцца ў будучыні), але і прыносіць элементы спакою ў адносінах дзіцяці да сваёй будучыні.

Узнагароды — за эксперыменты

Вельмі цікавым і карысным захапленнем настаўніка, да якога з радасцю далучаюцца і навучэнцы, з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць. На працягу некалькіх гадоў Іна Янчына цесна супрацоўнічала з Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі. Дзякуючы гэтаму навучэнцам Іны Яўгенаўны выпадала ўнікальная магчымасць атрымліваць кансультацыі вучоных па пытаннях, якія тычацца падрыхтоўкі да навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд і конкурсаў, звязаных з біялогіяй.

“Правільная методыка даследавання і карпатлівая сумесная праца з вучнямі прыносяць станоўчыя вынікі, — з гордасцю расказвае настаўніца. — Амаль з усіх мерапрыемстваў мае дзеці прывозяць узнагароды, дыпломы, падзякі. І я ганаруся сваімі навучэнцамі. Работы, якія яны рыхтавалі, заў­сёды выклікалі цікавасць у членаў журы, у склад якога ўваходзілі і вучоныя. Высокай ацэнкай і дыпломамі І і ІІІ ступеней былі адзначаны работы “Відавы склад і багацце дробных млекакормячых (грызуноў і насякомаедных) у лясах рознага тыпу Пекалінскага заказніка”, “Палявыя даследаванні навучэнцаў у ваколіцах Чарніцкага вада­сховішча”, “Асаблівасці харчавання шчупака звычайнага і ацэнка яго ўплыву на водныя біягеацэнозы ва ўмовах антрапагенных вадаёмаў Смалявіцкага раёна”, “Фітафагі — шкоднікі драўляных і хмызняковых раслін Смалявіч і яго ваколіц”. Дарэчы, на XXIII Адкрытай маскоўскай навуковай канферэнцыі па прыродазнаўстве сярод школьнікаў “Патэнцыял” мае вучні атрымалі дыплом ІІІ ступені”.

Не сакрэт, што, калі побач ёсць настаўнік, які адчувае сваю адказнасць перад дзецьмі за іх паспяховае заўтра, ніякія складанасці не прымусяць апусціць рукі і здацца. Наадварот, хочацца верыць і ісці наперад. Згадзіцеся, не хочацца падводзіць выкладчыка, які сам з’яўляецца прыкладам адданага сваёй працы педагога. Дарэчы, уклад, які быў унесены Інай Янчынай у развіццё таленавітых і адораных навучэнцаў, не застаўся без увагі. Чатыры гады назад настаўніца была ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

Наталля ДУБІК.