З 14 па 17 красавіка Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва “Расія сёння” пры падтрымцы Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі і Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь праводзілі для расійскіх і беларускіх журналістаў прэс-тур “Бітва за Маскву — подзвіг усёй краіны”. Каля трыццаці прадстаўнікоў СМІ наведалі знакавыя мясціны Падмаскоўя, дзе больш за 70 гадоў назад быў развеяны міф аб непераможнасці нямецка-фашысцкіх войскаў.
Гераічная і трагічная
Арганізатары прэс-тура падрыхтавалі насычаную праграму. І ўсё ж для нас з калегамі важна было не проста наведаць музеі, мемарыяльныя комплексы, брацкія магілы, сабраць цікавую эксклюзіўную інфармацыю, але і прааналізаваць яе, данесці праз газеты, часопісы, інтэрнэт-парталы, радыё, тэлебачанне сваім чытачам, слухачам і гледачам праўду вайны. На такую адказную місію нас падштурхнуў доктар філасофскіх навук,
прафесар ваеннай гісторыі, генерал-маёр у адстаўцы Сцяпан Андрэевіч Цюшкевіч. У першы дзень прэс-тура на сустрэчы ў навукова-даследчым інстытуце ваеннай гісторыі Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ветэран Вялікай Айчыннай вайны (дарэчы, равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі, а па паходжанні беларус) адзначыў, што сучасныя журналісты працуюць у эпоху інфармацыйных войн і павінны быць абаронцамі гістарычнай праўды, працягваць традыцыі ваенных карэспандэнтаў.
Праўду вайны, пра якую шмат гаварылася падчас прэс-тура, можна коратка ахарактарызаваць наступнымі словамі: гераічная і трагічная. Гэтая праўда гучала ў выступленнях гісторыкаў і экскурсаводаў, чыталася ў вобразах велічных мемарыялаў на месцах баёў пад Ржэвам і Валакаламскам. Пра гэтую праўду нам расказвалі ветэраны і ўдзельнікі пошукавых атрадаў. Асабліва ўразіла знаёмства з наступальнымі аперацыямі Чырвонай Арміі на Ржэўска-Вяземскім выступе, пасля якіх многія палі Ржэўскага раёна мясцовыя жыхары і цяпер называюць далінамі смерці.
Вогненны калідор
На адной з такіх далін смерці, размешчаных у Ржэўскім раёне паміж вёскамі Ножкіна і Какошкіна, на высокім беразе Волгі, знаходзіцца велічны абеліск, да якога ўдзель-нікі прэс-тура ўсклалі кветкі. Як паведаміла загадчык музея і бібліятэкі мясцовай Станоўскай сярэдняй школы Людміла Віктараўна Агеева, абеліск быў урачыста адкрыты 1 жніўня 1959 года побач з магілай земляка героя вайны 1812 года генерал-
лейтэнанта Аляксандра Мікітавіча Сяславіна, які першым заўважыў адступленне французскай арміі да Малаяраслаўца, дзе французам быў дадзены бой. Цяпер тут на высокім узгорку своеасаблівае перакрыжаванне гістарычнай памяці пра Айчынную і Вялікую Айчынную вайну.
— Калі ў 1943 годзе наш край быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то ад вёскі Какошкіна акрамя рэшткаў цэглы, бярвення, цел салдат нічога не засталося. Побач вёска Ножкіна. Паміж імі на Волзе быў вогненны калідор. Тут загінула столькі людзей, што пасля вызвалення яны ляжалі проста штабялямі, нібыта скошаныя. Мясцовыя жыхары нават фізічна не маглі выкапаць столькі магіл, таму хавалі чырвонаармейцаў адразу ў маскхалатах у варонкі. У 1954—1956 гадах было вырашана стварыць агульную брацкую магілу. Пачалі праводзіць перапахаванні і чырвонаармейцаў з бліжэйшых вёсак. Хавалі тут і рэшткі салдат, знойдзеныя ўдзельнікамі пошукавых атрадаў. Цяпер тут пахавана каля 5 тысяч салдат і афіцэраў. На абеліску памятная пліта з пералічэннем 14 стралковых дывізій, адной танкавай і стралковай брыгады, якія ваявалі на малюсенькім какошкінскім пятачку, — паведаміла Людміла Віктараўна.
Браты-героі
Каля абеліска на самым беразе Волгі знаходзіцца і магіла камбата 673-га палка 220-й стралковай дывізіі 3-й арміі, які загінуў пры вызваленні Ржэва. Для нас, беларусаў, будзе асабліва цікава даведацца пра жыццё гэтага чалавека, бо ён — Віктар Францавіч Гастэла, брат легендарнага лётчыка Мікалая Гастэлы. Калі Віктар даведаўся пра тое, што брат гераічна загінуў у Беларусі 26 чэрвеня 1941 года, то адразу пайшоў у камітэт
камсамола з просьбай адправіць яго на фронт. Аднак як слесара вышэйшай кваліфікацыі яго доўга не адпускалі. На ваенных заводах патрэбны былі спецыялісты. І ўсё ж у канцы верасня 1941-га Віктар трапляе на ржэўскі напрамак Калінінскага фронту. Вядома, што незадоўга да адпраўкі ён праз радыё звярнуўся да моладзі Масквы. У сваёй прамове адзначыў, што ідзе помсціць за брата, і заклікаў камсамольцаў, усіх маладых людзей, хто можа трымаць зброю ў руках, стаць у баявыя шэрагі Чырвонай Арміі на абарону Айчыны і яе сталіцы. Віктар служыць сяржантам у 673-м стралковым палку 220-й стралковай дывізіі 3-й арміі. Амаль пяць месяцаў знаходзіцца на перадавой. У сакавіку пасля ранення трапляе ў шпіталь. Газета “Праўда” змяшчае пра яго невялікі матэрыял пад назвай “Брат Гастэлы”. У лютым атрымлівае званне малодшага лейтэнанта, узнагароджваецца граматай, уступае ў партыю. Камандуе стралковым узводам. У чэрвені — ліпені 1942 года заканчвае кароткатэрміновыя курсы камбатаў і вяртаецца на перадавую.
З пісьмаў бачна, што Віктар сумуе па жонцы і бацьках, па маленькім сыне Лёве. “Нюра, калі б ты ведала, што застаецца пасля немцаў, калі іх выбіваюць з якога-небудзь паселішча, — пісаў Віктар. — Яны ад вёскі не пакідаюць ні аднаго дома, ні аднаго хлява, усё дашчэнту спальваюць, і вось, калі пасля бою зоймеш вёску, то у ёй стаяць адны коміны, сяляне бягуць насустрач і плачуць ад радасці…” Апошні ліст датуецца 26 верасня 1942 года: “Нюра, ты пішаш, што вельмі хочацца пабачыцца і пагаварыць, а вось калі б ты ведала, як мне хочацца з’ездзіць у свой родны кут і паглядзець на ўсіх сваіх родных! Не ведаю, ці надыдзе такі час, калі я
ўбачу вас усіх, гэта вельмі цяжка прадбачыць — наперадзе вельмі шмат жорсткіх баёў…”
…Батальёну Гастэла ўдалося авалодаць некалькімі кварталамі на ўскраіне Ржэва. Пачаліся вулічныя баі, якія былі не менш жорсткімі, чым у Сталінградзе. Яны вяліся за кожны дом, за кожны паверх, за кожны пакой. Пасля вызвалення Ржэва з 5 тысяч будынкаў засталіся дзясяткі, а з 50 тысяч жыхароў на момант вызвалення ў горадзе знаходзілася каля 300 чалавек. Толькі пад раніцу цела камбата ўдалося вынесці з-пад абстрэлу ў вёску Дыбалава. За праяўленую мужнасць і адвагу Віктар Гастэла быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Хавалі камбата на ўскрайку вёскі ў асобнай магіле. Пазней ён знайшоў свой спачын на тэрыторыі мемарыяла ў вёсцы Какошкіна. Кожны год на магілу камбата прыязджае сям’я Льва Віктаравіча Гастэлы. Вучні Станоўскай сярэдняй школы не толькі вядуць перапіску з роднымі пахаваных тут байцоў, але і нясуць Вахту памяці, неаднаразова сустракалі яны і родных Віктара Францавіча. Яшчэ адзін цікавы факт: бацька Віктара і Мікалая родам з Гродзенскай вобласці, так што ў нас, беларусаў, з братамі-героямі асаблівая сувязь — яны амаль што нашы землякі.
“Я убит подо Ржевом…”
Віктару Францавічу, калі можна так сказаць, пашчасціла. Пра яго подзвіг ведаюць у многіх куточках былога Саюза, на яго магіле заўсёды ляжаць кветкі. А колькі невядомых салдат і да сённяшняга часу ляжаць на ржэўскай зямлі ў далінах смерці. Сотні? Тысячы? Дзясяткі тысяч? Толькі па афіцыйных даных у баях на Ржэўска-Вяземскім выступе агульныя страты Чырвонай Арміі склалі каля 2 млн чалавек. Каб безыменных
магіл станавілася менш, кожны год на тэрыторыі раёна працуюць пошукавыя атрады. З іх удзельнікамі мы і сустрэліся падчас прэс-тура.
— Ні адзін салдат, які абараняў Радзіму, не загінуў дарэмна. Гэта былі самыя прыгожыя, самыя мужныя людзі. У мірны час яны маглі зрабіць для Радзімы шмат карысных спраў. Лічу, што яны святыя, бо, як гаворыцца ў Бібліі, няма нічога больш пачэснага, чым загінуць за сяброў сваіх. Хто ведае, можа, тыя, каго я знаходжу, некалі памоляцца за мяне на нябёсах. Калі хаваюць салдат, то ў асобнай труне ляжаць толькі тыя, хто апазнаны, неапазнаныя — у агульнай. Аднойчы падчас урачыстага перапахавання заўважыў жанчыну, якая стаяла з фотаздымкам каля асобнай труны. Падумаў, што гэта дачка салдата. Падышоў, разгаварыліся. Аказалася, што жанчыне 95 гадоў, а ў труне ляжыць яе муж. Была звычайная перадваенная гісторыя: пажаніліся, два месяцы пажылі, потым мужа забралі на фронт. Праз колькі месяцаў у іх нарадзіўся сын. Ён ужо памёр, а вось жанчына перажыла свайго сына і дажыла да гэтага дня. Яна не лічыць гэта выпадковасцю, бо ўсё жыццё верыла, што абавязкова ўбачыць або пачуе мужа. Менавіта для такіх людзей, а яшчэ для будучых пакаленняў мы і праводзім раскопкі. Ім жа, салдатам, ужо ўсё роўна, дзе ляжаць: пад абеліскам ці ў лесе пад дрэвамі. Гэта робіцца для жывых. Прыемна, што гэтай работай усё часцей займаюцца школьнікі. Спачатку ім цікава проста прыехаць, пабыць у кампаніі, пасядзець ля вогнішча. Аднак калі яны знаходзяць рэшткі салдата, у іх душы ўсё пераварочваецца, яны адчуваюць нейкую сувязь з гэтым чалавекам, ім хочацца даведацца, як ён загінуў, адкуль ён. Таму далучэнне навучэнцаў да раскопак — гэта адзін з дзейсных спосабаў патрыятычнага выхавання, — падзяліўся кіраўнік Дэпартамента пошукавай і рэканструктарскай работы
Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Сяргей Аляксандравіч Мачынскі.
Такой думкі прытрымліваецца і дырэктар Цэнтра патрыятычнага выхавання Ржэва кіраўнік ваенна-гістарычнага пошукавага цэнтра “Памяць 29-й арміі” Сяргей Міхайлавіч Петухоў. І ўсё ж, па яго словах, дарослым трэба вельмі акуратна і ўважліва ставіцца да ўдзелу школьнікаў у раскопках на месцах баёў. Прычына вельмі простая: пры правядзенні пошукавых работ знаходзяцца розныя прадметы, у тым ліку і небяспечныя. Нават патрон ад вінтоўкі ўяўляе небяспеку. А дзеці ёсць дзеці. Хоць у нашай краіне, у адрозненне ад Расіі, падобнымі раскопкамі могуць займацца толькі ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, аднак трэба быць пільнымі. Яскравы прыклад — нядаўні выпадак у мінскай школе, калі вучань 4 класа прынёс у клас патроны і гранату.
— У мае школьныя гады практычна кожны год у раёне нехта падрываўся на снарадах часоў вайны. Цяпер, перад тым як браць школьнікаў на раскопкі, абавязкова знаёмлю іх з правіламі арганізацыі і правядзення пошукавых работ, разам з бацькамі яны падпісваюць пэўныя абавязацельствы, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.
Кожны год пошукавыя атрады адкопваюць на ржэўскай зямлі рэшткі салдат і афіцэраў і праводзяць урачыстае перапахаванне іх на гарадскіх мемарыяльных могілках. З 12 тысяч пахаваных тут чырвонаармейцаў апазнаць удалося толькі каля 300 чалавек… “Я убит подо Ржевом, // В безымянном болоте…” Гэта пра іх пісаў у 1946 годзе Аляксандр Твардоўскі ў сваім знакамітым вершы, пра тых, каго кожны год знаходзяць пошукавыя атрады, хто быў забіты ў далінах смерці, але не забыты ў нашай памяці.
Альтэрнатыўная версія
— Экспазіцыя Музея ваеннай гісторыі Ржэва адлюстроўвае пункт гледжання пэўнай часткі расійскага грамадства, якая лічыць, што наступальныя аперацыі Чырвонай Арміі ў раёне Ржэўска-Вяземскага выступу трэба называць бітвай. Часта пры вызначэнні гэтага паняцця адбываецца блытаніна. Ржэўская бітва — гэта
бітва не за горад, а бітва за вялікі плацдарм, вялікую тэрыторыю. Нашы войскі хацелі знішчыць нямецкую групоўку, якая знаходзілася на гэтым выступе, а вораг намагаўся ўтрымаць вельмі зручны плацдарм побач з Масквой. У чым сэнс спрэчак афіцыйнага і нашага (музейшчыкаў) пункту гледжання? Згодна з афіцыйнай гістарыяграфіяй, на маскоўскім напрамку была толькі адна бітва, якая скончылася 20 красавіка 1942 года, а потым Чырвоная Армія праводзіла некалькі наступальных аперацый. Для нас гэта дзіўна. Як гэта бітва скончылася, а магутныя наступальныя аперацыі працягваліся? Куды іх аднесці? Мы лічым, што ўсе гэтыя чатыры аперацыі і склалі Ржэўскую бітву. Асаблівасць экспазіцыі ў тым, што тут выкарыстана шмат нямецкіх матэрыялаў, якія перадалі нам удзельнікі нямецкага апякунскага савета “Ржэў”, куды ўвайшлі былыя ўдзельнікі баёў каля Ржэва, іх родныя, дзеці, унукі, — гаворыць галоўны навуковы супрацоўнік Цвярскога дзяржаўнага аб’яднанага музея Святлана Аляксандраўна Герасімава.
Даследчыкі, увага!
Экспазіцыя пастаянна папаўняецца. У прыватнасці, супрацоўнікі музея збіраюць фотаздымкі камандзіраў дывізій, якія трапілі ў акружэнне пад Ржэвам.
Фотаздымак аднаго з іх ніяк не ўдаецца знайсці. Гэта камандзір 369-й стралковай дывізіі палкоўнік Гаўрыла Іванавіч Фісенка. Пры выхадзе з акружэння ён прапаў без вестак. Як высветлілася пазней, трапіў у палон, прайшоў праз канцлагеры. Пазней жыў у Полацку. Святлана Аляксандраўна падзякавала полацкім музейшчыкам і асабліва супрацоўніку Полацкага аб’яднанага гарадскога ваеннага камісарыята Георгію Чыкалаву, які правёў пошук родных гэтага чалавека. Аднак у пэўны час дакументы зніклі. Калі нехта з вас, паважаныя чытачы, нешта ведае пра Гаўрылу Іванавіча або яго родных, няхай адгукнецца. У ржэўскім музеі чакаюць вашага паведамлення.
Героі-панфілаўцы
Гераічная і трагічная праўда вайны… Гэтыя словы яскрава пацвярджае і подзіг байцоў знакамітай дывізіі Панфілава. Як паведамілі нам супрацоўнікі музея, прысвечанага баявому шляху 316-й стралковай дывізіі, што знаходзіцца ў вёсцы Нялідава Валакаламскага раёна, дывізія была створана 12 ліпеня 1941 года з мірных жыхароў Кыргызстана і Казахстана. Кадравых ваенных былі адзінкі. Узначаліў дывізію генерал-маёр Іван Васільевіч Панфілаў. Пасля непрацяглых курсаў маладога байца іх адправілі на фронт: спачатку пад
Ленінград, але абстаноўка на фронце хутка змянілася, і байцоў накіравалі ў Падмаскоўе. 10 кастрычніка 1941 года ўся дывізія выгружаецца ў раёне сяла Болычава Валакаламскага раёна. Наступае позняя восень, потым зіма 1941 года. Пачынаецца нямецкае генеральнае наступленне на Маскву на маленькім участку фронту працягласцю ўсяго 15 кіламетраў ад вышыні 251 каля вёскі Вялікае Нікольскае да раз’езда Дубасекава. Згодна з нямецкімі разведданымі, тут знаходзілася толькі 316-я стралковая дывізія і конніца Даватара. Разбіўшы іх, армія Гудэрыяна павінна была хутка заваяваць Маскву.
16 лістапада 1941 года ў раёне Дубасекава стаіць 4-я рота 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі. Раніцай было больш за 25 градусаў марозу. Байцы ў акопах пачулі страшэнны гул. Больш за 40 хвілін нямецкія самалёты скідвалі бомбы на поле, дзе цяпер знаходзіцца мемарыял. Пасля авіяналёту нашы пазіцыі паўгадзіны абстрэльвала дальнабойная артылерыя. У байцоў 4-й роты засталося толькі чатыры супрацьтанкавыя гарматы, два кулямёты “Максім” і вінтоўкі-трохлінейкі. Былі яшчэ і супрацьпяхотныя гранаты, якія байцы звязвалі і выкарыстоўвалі супраць танкаў. Праз некалькі хвілін пасля артабстрэлу з боку вёскі Нялідава пайшлі фашысцкія аўтаматчыкі. Яны ішлі нават не прыгінаючыся, думаючы, што ўсе абаронцы загінулі. Калі да нашых пазіцый засталося менш за 100 метраў, застракаталі кулямёты, пачаліся вінтовачныя стрэлы, узрывы супрацьпяхотных гранат. Фашысты вырашылі абысці пазіцыі з фланга і з боку вёскі Пяцеліна, дзе стаяла 6-я рота пад камандаваннем палітрука Пятра Барысавіча Віхрава. У жывых пасля бою (знішчылі больш за 200 нямецкіх салдат і 5 танкаў) застаўся толькі палітрук, які скончыў жыццё самагубствам, каб не трапіць у палон. Пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. А што адбывалася з 4-й ротай? Яе байцы знішчылі да 14 танкаў, але потым на іх пайшлі яшчэ 30 танкаў. Яны прынялі бой і змагаліся да самага вечара. Падбілі яшчэ 5 танкаў, астатнія павярнулі назад. У жывых пасля бою засталося менш за 20 чалавек. Так байцы 4-й роты цаной свайго жыцця далі магчымасць нашым войскам падцягнуць рэзервы, заняць зручныя пазіцыі і годна сустрэць ворага.
Не менш цікавыя звесткі мы з калегамі атрымалі ў музейна-выставачным комплексе “Валакаламскі Крэмль”, дзе таксама захоўваецца шмат цікавай інфармацыі пра подзвіг герояў-панфілаўцаў. Толькі ў красавіку, каля падтаяў снег, мясцовыя жыхары перанеслі целы байцоў з месца бою на ўскраек вёскі Нялідава, дзе іх астанкі пакояцца і цяпер. Спачатку там была невялікая магілка, а ў 1975 годзе на ёй паставілі 4-метровую стэлу. У
2006 годзе глыбокай восенню каля вёскі Федзюкова быў пастаўлены помнік казакам-кавалерыстам, якія затрымалі прасоўванне фашысцкіх танкаў. Побач з панфілаўцамі і даватарцамі на валакаламскай зямлі змагаўся полк крамлёўскіх курсантаў, створаны на базе вучылішча імя Вярхоўнага Савета РСФСР. З палка загінулі 787 курсантаў і камандзіраў. Захоўваецца ў валакаламскім музеі і фотаздымак танкіста Дзмітрыя Фёдаравіча Лаўрыненкі. Да вайны ён быў настаўнікам, потым камандзірам танкавага экіпажа, з якім падбіў 52 варожыя танкі. Гэта самая вялікая колькасць танкаў, падбітых адным экіпажам за гады ўсёй вайны. Дзмітрыя Фёдаравіча яшчэ называюць танкавым асам. Загінуў у снежні 1941 года пры вызваленні Валакаламска. Пасмяротна ўзнагаро-джаны ордэнам Леніна, мае званне Героя Савецкага Саюза.
У 1975 годзе на месцы бою каля раз’езда Дубасекава быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс. На штучным узвышшы ўзнімаецца шэсць 10-метровых фігур з аўтаматамі і гранатамі ў руках. Чаму шэсць? Менавіта столькі тыпаў твараў убачылі скульптары сярод удзельнікаў бою. Хаця дывізія фарміравалася з жыхароў Казахстана і Кыргызстана, яна налічвала прадстаўнікоў 34 нацыянальнасцей. За мужнасць, праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і поспехі, дасягнутыя ў народнай гаспадарцы, Валакаламск у 1985 годзе быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені. У 2010 годзе ён (як, дарэчы, і Ржэў) атрымаў высокае званне “Горад воінскай славы”. Гэтае званне накладвае пэўныя абавязацельствы. Так, 9 Мая ў горадзе заўсёды праходзіць парад і даецца святочны салют.
Сучаснае асэнсаванне
У рамках прэс-тура для расійскіх і беларускіх журналістаў, акрамя наведвання музеяў, памятных мясцін, звязаных з ваеннымі падзеямі пад Масквой, быў праведзены і круглы стол на тэму “Сучаснае асэнсаванне ваеннай гісторыі. Адлюстраванне ў СМІ”, які прайшоў у адміністрацыі Ржэўскага раёна з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, ветэранаў, грамадскіх актывістаў. На круглым стале абмяркоўвалася шмат актуальных пытанняў, у тым ліку і пытанні патрыятычнага выхавання моладзі. Не менш цікавай была і сустрэча з супрацоўнікамі навукова-даследчага інстытута ваеннай гісторыі Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ў першы дзень прэс-тура. Больш падрабязна пра гэтыя два мерапрыемствы чытайце ў адным з майскіх нумароў нашага выдання.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.