Салдат Перамогі і педагог

- 12:58Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Усё далей у мінулае адыходзяць гераічныя і трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш застаецца людзей, якія набліжалі Вялікую Перамогу, тых, каго мы з асаблівай гордасцю і ўдзячнасцю называем пакаленнем пераможцаў.

Да слаўнай кагорты салдат Перамогі належыць і Іван Сямёнавіч Гаруноў. Іван Сямёнавіч выбраў прафесію настаўніка — самую мірную і паважаную. Перад суровымі выпрабаваннямі ён не здаўся, а без ваганняў выканаў свой грамадзянскі абавязак, спачатку — у дзеючай арміі, потым — у партызанскім атрадзе, а пазней — зноў у рэгулярных часцях Савецкай Арміі.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны І.С.Гаруноў вярнуўся да сваёй даваеннай прафесіі і ўзначаліў школу рабочай моладзі, ператварыўшы яе ў адну з перадавых навучальных устаноў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Іван Сямёнавіч працягнуў актыўна працаваць у грамадскіх і ветэранскіх арганізацыях.
Іван Сямёнавіч Гаруноў нарадзіўся 19 верасня 1916 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Недайка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці). Пасля заканчэння школы Іван працягнуў адукацыю ў Магілёўскім палітыка-асветніцкім інстытуце. У 1936—1937 гадах І.С.Гаруноў працаваў дырэктарам сямігадовай школы ў вёсцы Чкалава Гомельскага раёна, намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы сярэдняй школы вёскі Бабовічы Гомельскага раёна.
У 1939 годзе, пасля адмены адтэрміноўкі ад прызыву ў армію для настаўнікаў, Івана Сямёнавіча накіравалі ў Сталінградскае ваеннае вучылішча сувязі для навучання па паскоранай праграме, дзе ў красавіку 1941 года ён уступіў у ВКП(б).
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны курсанты сустрэлі на палявых вучэннях. У ліпені 1941 года І.С.Гаруноў атрымаў назначэнне ў Іванава ў 307-ю стралковую дывізію, 733-ці асобны батальён сувязі на пасаду камандзіра роты сувязі. У ліпені — кастрычніку 1941 года ў складзе 13-й арміі Іван Сямёнавіч удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У кастрычніку 1941 года 307-я стралковая дывізія прыкрывала адыход 13-й арміі ў раёне Глухава і Ноўгарад-Северскага. У адным з баёў 14 кастрычніка 1941 года атрымаў цяжкія раненні і разам з іншымі параненымі быў пакінуты ў вёсцы Пятроўка пад наглядам мясцовых жыхароў.
У пачатку 1942 года І.С.Гаруноў, яшчэ не цалкам вылечыўшыся, змог дабрацца да роднай вёскі, дзе яму ўдалося наладзіць узаемадзеянне з партызанскім атрадам “Бальшавік”, створаным у першыя дні нямецка-фашысцкай акупацыі на Гомельшчыне. Спачатку ён збіраў звесткі аб праціўніку, перадаваў зброю і боепрыпасы, быў сувязным. Прайшоўшы праверку і паздаравеўшы пасля ранення, ён пайшоў у партызанскі атрад. У складзе атрада “Бальшавік” Іван Сямёнавіч прымаў удзел ва ўсіх баявых аперацыях. У кастрычніку 1943 года атрад “Бальшавік” быў рэарганізаваны ў партызанскую брыгаду пад той жа назвай у складзе трох атрадаў: “Бальшавік”, “Патрыёт Радзімы” і імя Чкалава. І.С.Гаруноў быў назначаны памочнікам начальніка штаба, а пазней — начальнікам штаба атрада імя Чкалава Гомельскай партызанскай брыгады “Бальшавік”.
Падчас Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі партызанская брыгада “Бальшавік” праводзіла актыўныя баявыя дзеянні па зрыве пераправы гітлераўцаў праз Бярэзіну каля вёскі Горваль. Пасля вызвалення Гомеля і расфарміравання Гомельскага партызанскага злучэння частка байцоў і камандзіраў брыгады “Бальшавік” была накіравана для папаўнення 37-й стралковай дывізіі, астатнія пераходзілі ў падпарадкаванне абкама партыі для наладжвання мірнага жыцця. Сярод іх быў і І.С.Гаруноў.
У сакавіку 1944 года Іван Сямёнавіч, нягледзячы на наяўнасць “брані”, пайшоў на фронт і да лістапада знаходзіўся ў распараджэнні 1-га Беларускага фронту. З лістапада 1944-га па май 1945 года на пасадзе начальніка сувязі 479-га мінамётнага палка рэзерву галоўнага камандавання 480-й арміі ўдзельнічаў у баях на 2-м і 3-м Беларускіх франтах пад Кёнігсбергам.
За ўдзел у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў І.С.Гаруноў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”.
У чэрвені 1946 года Іван Сямёнавіч дэмабілізаваўся з Чырвонай Арміі і, калі вярнуўся ў Гомель, быў назначаны дырэктарам вячэрняй школы № 7, якой кіраваў да 1978 года. Школа стала ўзорам педагагічнай работы па выкарыстанні тэхнічных сродкаў і развіцці кабінетнай сістэмы навучання.
У 1953 годзе педагагічныя і арганізатарскія заслугі І.С.Гарунова былі адзначаны званнем “Выдатнік народнай асветы БССР”, а ў 1966 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”. У 1972 годзе Іван Сямёнавіч быў узнагароджаны значком “Выдатнік асветы СССР”, а ў 1976 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак, але працягваў працаваць настаўнікам гісторыі да 1983 года.
Іван Сямёнавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці: выбіраўся дэпутатам раённага і гарадскога саветаў, кіраўніком раённай дэпутацкай камісіі па пытаннях народнай адукацыі, сакратаром камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў пры Гомельскім гарвыканкаме.
Да канца свайго жыцця І.С.Гаруноў захаваў дапытлівасць розуму, любоў да літаратуры. Ён асабіста быў знаёмы з беларускімі пісьменнікамі В.Быкавым і А.Адамовічам, творчасць якіх яму як франтавіку была блізкай і зразумелай. 8 студзеня 2006 года вялікае і любячае сэрца Івана Сямёнавіча перастала біцца.
17 лістапада 2006 года на будынку Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 (былая вячэрняя школа № 7) адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Івану Сямёнавічу Гарунову, што стала значнай падзеяй і вялікім гонарам для настаўнікаў і навучэнцаў нашай установы.
З гэтага хвалюючага моманту пачалося супрацоўніцтва калектыву ліцэя і сям’і І.С.Гарунова. Дзякуючы матэрыялам з сямейнага архіва стала магчымым афармленне стэндаў, прысвечаных баявому шляху і мірнай працы Івана Сямёнавіча. Прэзентацыя першага стэнда прайшла напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў 2007 годзе, другі стэнд быў адкрыты ў маі 2008 года. Дачка, зяць і ўнук І.С.Гарунова — госці ліцэйскіх мерапрыемстваў. У студзені 2009 года ў ліцэі адбылася прэзентацыя кнігі ўнука Івана Сямёнавіча члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Мікалаевіча Афанасьева “Настаўнік гісторыі: вайна і школа Івана Гарунова”.
Факты біяграфіі І.С.Гарунова выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы і правядзенні дзён Памяці, інфармацыйных гадзін, гістарычных вечароў, конкурсаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Прыклады з жыцця Івана Сямёнавіча на ўроках гісторыі даюць магчымасць убачыць гісторыю савецкага грамадства вачыма відавочцы і творцы яе старонак. Як дакладна адзначыла былы дырэктар Абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў Л.А.Зарэцкая, І.С.Гаруноў “трымаў гісторыю ў сваіх руках”.
Сыходзіць пакаленне Пераможцаў. І наша задача — пастарацца быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, каб не страціць высокае званне чалавека. Хацелася б не згубіць сувязь пакаленняў, не страціць давер тых, каму мы абавязаны нашым сённяшнім днём, і захаваць памяць пра іх. Іван Сямёнавіч Гаруноў, чалавек стойкага жыццёвага гарту, самаахвярны, адданы сваёй краіне і свайму народу, сваёй любімай справе, змог да канца выканаць сваё прызначэнне, а для нас стаць арыенцірам, на які варта раўняцца.

Ірына КЛІМЯНОК,
настаўніца гісторыі Гомельскага гарадскога ліцэя № 1.