Гэта трэба жывым…

- 12:48Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Ваколіцы вёскі Ярэмічы, што ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, — адзін з прыгожых куткоў Беларусі. Ён вабіць да сябе квеценню садоў, сіняй стужкай Нёмана, чароўнасцю Налібоцкай пушчы. Багаты край сваёй гісторыяй, трагічнай і гераічнай. Вайна пакінула тут свой страшны, пякельны след. Сёння ў вёсках, якія ўваходзяць у Ярэміцкі сельсавет, ідзе размеранае жыццё. І як памяць аб мінулым тут усталяваны помнікі ахвярам фашызму. Гэта памяць сэрцаў людзей, жывая памяць, бо боль яе не затухае.

Вёска Лядкі. 14 студзеня 1943 года. Ноч. Пануе цішыня. Ніхто з жыхароў не ведае, што вёска акружана немцамі. Акупанты прымусілі аднаго з вяскоўцаў паказаць, дзе жывуць партызанскія сем’і. Ля кожнай хаты ставяць вартавога. Застрэлілі правадніка, узялі другога. Так фашысты прайшлі па ўсёй вёсцы. Літасці не было нікому. Стогны, крыкі, плач чуюцца ўсюды. Расстрэльвалі людзей там, дзе заспелі: на печы, на ложку, за сталом. Мала каму пашчасціла. Тых, хто нерухома ляжаў сярод трупаў, каты палічылі за мёртвых, і яны засталіся жыць. Скончылася крывавая ноч. Жывыя ўбачылі страшную карціну: кроў, разбітыя дзіцячыя галовы і трупы, якія ляжалі ўсюды.
Новае Сяло раскінулася на левым беразе Нёмана, недалёка ад Налібоцкай пушчы. “Чырвонай Масквой, сталіцай партызан” называлі фашысты вёску. Роўна праз месяц пасля трагедыі ў Лядках карны атрад з’явіўся ў Новае Сяло. Вялікім вогнішчам запалала вёска. Растаў навокал снег. Людзі спрабавалі ратавацца, але іх спасцігаў смяротны свінец. Хоць партызаны і не далі фашыстам завяршыць чорную справу, зберагчы вёску не ўдалося — засталіся толькі коміны. Вяскоўцы хавалі забітых. На 70 чалавек зменшылася насельніцтва Новага Сяла за адзін дзень. Уцалелыя жыхары будавалі зямлянкі. А Лаўрэну Непагодзе ўдалося на сваім папялішчы паставіць нешта накшталт хаціны.
Прайшла вясна. Надышло лета. Ліпеньскі дзень. Навасельцы працуюць хто ў полі, хто на лузе. Яны не ведаюць, што робіцца ў вёсцы. А карнікі зганяюць у хату, што пабудаваў Непагода, жыхароў. Уратавалася толькі адна дзяўчынка, якая схавалася ў саломе. Усюды немцы з кулямётамі, якія прыганяюць і запіхваюць людзей у хату… Яны загінулі ў агні. А ўсе астатнія, хто займаўся ў гэты час адвечнай хлебаробскай працай, вярнуўшыся, убачылі страшную карціну. Гітлераўцы адышлі, але недалёка. Зноў аблавай пайшлі на вёску. Сабралі астатніх і пагналі на хутар Карніцкіх. Там закрылі ў гумне і запалілі яго. Жанчыны спрабавалі хоць дзяцей выратаваць. Праз дзірку ў фундаменце адна жанчына дапамагала сыну пралезці на вуліцу. Заўважылі хлопчыка фашысты і застрэлілі за метры тры ад гумна. Самаму старому, Марціну Гінаку, споўнілася 80 гадоў. Ганна Стасянюк нарадзілася ў 1943 годзе.
На месцы трагедыі ў Новым Сяле ў 1959 годзе паставілі помнік, на якім можна прачытаць: “Вас не скарылі ні страхам, ні сілай. Помстай да ворага дыхалі грудзі. Спіце спакойна. Родныя, мілыя, вас не забудуць савецкія людзі. Светлай памяці партызанскіх сем’яў з вёсак Новае Сяло, Лядак і Пагарэлкі. Родным і незабыўным, што гераічна загінулі ў барацьбе за нашу Радзіму”. У 1979 годзе на хутары Карніцкіх таксама ўсталявалі помнік. Заўсёды дагледжаны, з букетамі кветак. На Вялікдзень, на Радаўніцу чыясьці добрая рука кладзе пафарбаванае яйка і лусту духмянай спечанай у печы булкі. А ў час правядзення жалобных мітынгаў збіраюцца ўсе жыхары. Здаецца, у гэты час, а можа, яно так і ёсць, побач з жывымі стаяць душы загінуўшых. І нібы чуюцца іх галасы: беражыце мір, беражыце жыццё, і няхай мы будзем апошнімі, хто загінуў у полымі вайны.
Быковічы, Пагарэлка, Рудзьма, Антанёва, Ярэмічы, Сіняўская Слабада — гэтыя вёскі таксама былі спалены, расстраляна многа людзей — старых, маладых і зусім маленькіх. І ўсюды помнікі як памяць і напамін нам, сучаснікам, рабіць усё магчымае, каб шматпакутная беларуская зямля больш не ведала вайны. У Ярэмічах, на левым беразе Нёмана, стаіць помнік яўрэям, расстраляным 4 лістапада 1941 года. Жыхары ўспамінаюць, як іх вялі па Ярэмічах. Людзі не крычалі, не плакалі, хаця ведалі, што ім ужо не выратавацца. На беразе Нёмана іх расстралялі. Гаварылі, што яшчэ некалькі дзён варушылася зямля. Немцы закапалі і мёртвых, і яшчэ жывых. 97 чалавек пахаваны тут. Сіняўская Слабада. На правым беразе Нёмана — брацкія могілкі. Чырвонай зоркай узвышаецца ў неба абеліск, а вакол яго роўнымі радамі стаяць магілы загінуўшых партызан, салдат. Пахаваны ў беларускай зямлі рускія, украінцы, армяне, байцы іншых нацыянальнасцей, для якіх Радзімай быў Савецкі Саюз.
Ярэміччына — край неўміручай партызанскай славы. Тэрор і забойствы не спынілі супраціўленне ворага. У вёсках Пагарэлцы, Лядках, Сіняўскай Слабадзе былі створаны падпольныя камсамольскія арганізацыі, на базе якіх склаўся партызанскі атрад “Камсамольскі”. У Налібоцкай пушчы дзейнічалі партызанскія атрады. Шуміць Налібоцкая пушча. Гамоняць верхавіны дрэў. І каб мог чалавек зразумець той гоман, то пачуў бы аповед пра гераічную барацьбу.

Людміла ТАРАСЕВІЧ,
дырэктар Ярэміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.А.Калесніка Карэліцкага раёна.