Брагінская дзясятка

- 13:19Планёрка ў рэгіёне

Міжнародны лёгкаатлетычны прабег у памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы

“Праблема радыеактыўнага забруджвання на Брагіншчыне ў цяперашні час стаіць не надта востра. За трыццаць гадоў карпатлівай работы як работнікаў дзяржаўных органаў, так і прадстаўнікоў замежных дабрачынных арганізацый удалося выхаваць не ў аднаго пакалення людзей, што пражываюць у раёне, яснае разуменне таго, якія меры перасцярогі неабходна выконваць кожнаму чалавеку”, — гаворыць сённяшні госць рубрыкі “Суботняя планёрка” начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брагінскага райвыканкама Аляксандр Іванавіч КАЛЯСАН.

— Аляксандр Іванавіч, якія мерапрыемствы праводзяцца ў вашым раёне ў сувязі з 30-годдзем аварыі на ЧАЭС?

— Нашым аддзелам праводзіцца цэлы шэраг мерапрыемстваў. Большасць з іх прысвечана памяці ахвяр і герояў катастрофы. Гэта конкурс сачыненняў пра герояў-чарнобыльцаў сярод навучэнцаў “Пра цябе памятаюць”, конкурс малюнкаў “Сон пра мёртвую зямлю”, спартыўныя спаборніцтвы сярод моладзі па лёгкай атлетыцы. Лепшыя творы і малюнкі дзяцей увойдуць у кнігу памяці “Чарнобыльскі сшытак”, якая рыхтуецца да выдання. У раёне пройдуць таксама тэматычныя вечары, выставы, сустрэчы моладзі і навучэнцаў з удзельнікамі ліквідацыі чарнобыльскай катастрофы, вучнёўская канферэнцыя на базе Брагінскага гістарычнага музея, падчас якой можна будзе наведаць карцінную галерэю “Дарогамі выселеных вёсак”. Ну і, вядома ж, нельга не сказаць пра штогадовы Міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Брагінская дзясятка”, прысвечаны памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы. Ён праходзіць адзі-наццаты раз. У прабегу прымуць удзел усе жадаючыя без абмежавання ўзросту, як спартсмены, так і аматары, у тым ліку з горада Пірна, з Саксонскай Швейцарыі (Германія), са Славуціча, Чарнігава (Украіна), Пармы (Італія), з Расіі і, канечне, з нашай краіны.

Штогод навучэнцы Брагінскага раёна праходзяць абавязковы кантроль на спектрометры выпраменьвання чалавека. У іх ужо не фіксуецца той узровень радыяцыі, які быў у 90-я гады, таму сёння замест шасці цэнтраў практычнай радыелагічнай культуры ва ўстановах адукацыі раёна працуюць толькі два, і тыя ў школах, якія знаходзяцца на мяжы з зонай адчужэння і адсялення.

— Якія дасягненні ў сістэме адукацыі раёна вы можаце адзначыць, з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца?

— У раёне функцыянуюць 12 устаноў дашкольнай адукацыі. Калі браць у цэлым, то дашкольнікі забяспечаны месцамі ў садках на 99%. З аддаленых населеных пунктаў дзяцей падвозяць ва ўстановы адукацыі. Як і ва ўсёй краіне, у нас асаблівая ўвага ўдзяляецца пераемнасці паміж дашкольнымі ўстановамі і школамі. Праводзяцца заняткі па падрыхтоўцы да школы, сумесныя забаўляльныя і выхаваўчыя конкурсы паміж дашкольнікамі і навучэнцамі школ, сумесныя святы. У гэтым годзе ўпершыню быў арганізаваны фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту і вучняў першых класаў.

У мінулым навучальным годзе наш раён па якасці ведаў выпускнікоў у абласным рэйтынгу падняўся на 12 месца. Для стымулявання навучэнцаў на атрыманне высокіх балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні дырэктар Іалчанскай сярэдняй школы Таццяна Іванаўна Нікалаенка далучыла ўстанову да міжнароднага праекта, у межах якога прадстаўнікі Італіі бяруць на сябе абавязацельствы аплачваць навучанне тым выпускнікам школ (да 800 еўра ў год), якія па выніках ЦТ набяруць найбольшую колькасць балаў. Два выпускнікі гэтай школы ўжо вучацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі на такіх умовах.

Традыцыйна навучэнцы Брагінскага раёна ўваходзяць у дзясятку лепшых на абласной спартакіядзе школьнікаў. Праўда, ёсць праблема: нашы школы недастаткова забяспечаны спартыўным інвентаром.

Кожная наша адукацыйная ўстанова мае шырокапалосы доступ у інтэрнэт. Паміж установамі і аддзелам адукацыі створана карпаратыўная электронная пошта, што значна змяншае дакументаабарот. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі працуе рэгіянальная аўтаматызаваная размеркавальная сістэма падрыхтоўкі і складання меню (АРС “Харчаванне”).

Нягледзячы на тое, што абсталяванне камп’ютарных класаў пастаянна абнаўляецца, захоўваецца праблема ўстарэлай камп’ютарнай тэхнікі.

Значную ролю адводзім рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі. Колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у 2015 годзе складала 85 (з 39 сем’яў), а ў 2016 — 92 дзіцяці (з 44 сем’яў). Але, нягледзячы на павелічэнне колькасці такіх дзяцей, павялічваецца і колькасць рашэнняў аб адмене прызнання непаўналетніх асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (з прычыны нармалізацыі сітуацыі ў сям’і).

Адзначу таксама, што працэнт вяртання бацькамі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, склаў 80 працэнтаў.

— Ці шмат дзіцячых садкоў і школ давялося закрыць у апошнія гады ў Брагінскім раёне? Як далей будзе аптымізавацца сетка ўстаноў адукацыі?

— За 10 гадоў колькасць дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна скарацілася з 2863 да 2280. Адпаведна, з 2011 па 2015 год у раёне ліквідавана 6 адукацыйных устаноў. У 2016 годзе, думаю, такіх фактаў не будзе.

Адзначу, што пры аптымізацыі мы клапоцімся пра працаўладкаванне работнікаў устаноў, якія закрываюцца, пра падвоз вучняў гэтых школ, пра іх адаптацыю ў новых установах адукацыі. Эканамічны эфект, вядома, ёсць, але перш за ўсё неабходна памятаць, што самае важнае для навучэнцаў — якасная адукацыя.

— Аляксандр Іванавіч, якая работа праводзіцца з маладымі кадрамі? Ці вяртаюцца ў раён вашы выпускнікі з педагагічных ВНУ?

— Усе ўстановы адукацыі раёна ў дастатковай колькасці забяспечаны педагагічнымі кадрамі. 57 працэнтаў маладых спецыялістаў, якія прыбылі па размеркаванні ў 2015 годзе, — ураджэнцы Брагінскага раёна. Пачынаючым педагогам аказваем аднаразовую дапамогу.

Пасля 31 снежня 2012 года педагагічныя работнікі, якія прыбываюць на работу ва ўстановы адукацыі, размешчаныя ў зоне радыеактыўнага забруджвання, пры заключэнні кантракта тэрмінам на 5 гадоў пачалі атрымліваць аднаразовую выплату ў памеры 200 базавых велічынь. У 2015 годзе 10 маладых спецыялістаў заключылі пяцігадовыя кантракты (у 2013 годзе — 3, у 2014 — 5).

Асаблівая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню маладых педагогаў жыллём — кватэрамі і інтэрнатамі. У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі прадугледжана аказанне матэрыяльнай дапамогі маладым спецыялістам, якія вымушаны наймаць кватэры.

Надзея ЦЕРАХАВА.