Брытанцы рыхтуюцца сказаць канчатковае слова наконт ЕС

- 13:00Інфармацыйная гадзіна

Закон аб правядзенні рэферэндуму па выхадзе Вялікабрытаніі са складу ЕС афіцыйна прыняты ў Злучаным Каралеўстве. Аб гэтым паведаміў кіраўнік брытанскага знешнепалітычнага ведамства Філіп Хаманд.

“Цяпер на адзін крок бліжэй да таго, каб даць брытанцам сказаць канчатковае слова наконт ЕС”, — пракаменціраваў міністр.
Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіў Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран пасля прыбыцця на саміт Еўрасаюза ў Бруселі. Паводле яго слоў, законапраект атрымаў каралеўскую санкцыю. У дакуменце законапраекта сказана, што рэферэндум неабходна правесці не пазней за 31 снежня 2017 года.
Урад Вялікабрытаніі ўнёс у парламент законапраект аб рэферэндуме па выхадзе з ЕС Брытаніі ў маі 2015 года. У пачатку верасня ніжняя палата парламента Вялікабрытаніі прагаласавала за правядзенне рэферэндуму аб членстве краіны ў Еўрасаюзе да канца 2017 года.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран пры гэтым да правядзення рэферэндуму дабіваецца змянення ўмоў членства Вялікабрытаніі ў ЕС і рэформ аб’яднання. Д.Кэмеран вылучыў перад уладамі ў Бруселі чатыры патрабаванні: прызнанне ЕС мультывалютным саюзам, павышэнне канкурэнтаздольнасці ўнутры супольніцтва, пашырэнне паўнамоцтваў нацыянальных парламентаў у заканатворчай дзейнасці ЕС і ўзмацненне міграцыйнага заканадаўства, якое прадугледжвае блакіраванне доступу мігрантаў з ЕС да сацыяльных выплат і прывілеяў у Вялікабрытаніі.
Пасля прыбыцця на саміт ЕС у Бруселі канцлер ФРГ Ангела Меркель заявіла, што Германія хацела б бачыць Вялікабрытанію членам ЕС, але выступае супраць змянення асноватворных прынцыпаў супольніцтва. “Мы, з нашага боку, хацелі захаваць Вялікабрытанію ў складзе ЕС, але адначасова не маем намеру абмяжоўваць асноватворныя прынцыпы ЕС — адсутнасць дыскрымінацыі, свабоду перамяшчэння”, — сказала Ангела Меркель. Паводле яе слоў, будзе адкрытае абмеркаванне гэтага пытання.
Прапанаваная Лонданам рэформа павінна стаць адным з ключавых пытанняў у парадку дня цяперашняга саміту ЕС.