Будавалі горад мары

- 11:00Адукацыйная прастора

Больш за 90 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў адпачылі ў сёлетнім аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Вясёлка”, які дзейнічаў у сярэдняй школе № 2 Ляхавіч. Ніхто з вучняў не застаўся ў баку ад цікавых і карысных мерапрыемстваў, арганізаваных педагогамі.

— Сацыяльныя праблемы сучаснага свету адмоўна ўплываюць на фізічнае і псіхічнае здароўе дзяцей, — гаворыць старшая выхавальніца школьнага лагера Т.М.Шчука. — Недастатковы кантроль з боку бацькоў, пасіўнасць мам і татаў у выхаванні і арганізацыі актыўнага адпачынку дзяцей, камп’ютарная залежнасць падлеткаў і іх невысокая рухальная актыўнасць аслабляюць здароўе, зніжаюць пазнавальныя здольнасці і пагаршаюць камунікатыўныя навыкі школьнікаў. Таму ўдзельнікі сёлетняга праекта “Ляхавічок-city — горад мары”, рэалізаванага ў рамках рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма — эстафета карысных спраў”, пастараліся зрабіць усё магчымае, каб за час змены ўсе дзеці ўбачылі і паспрабавалі іншы адпачынак — актыўны, цікавы, творчы, здароўезберагальны. Кожны дзень у лагеры быў адметным і непаўторным, насычаным карыснымі відамі дзейнасці, напоўнены станоўчымі эмоцыямі.

У аснову праекта лягла любімая дзіцячая камп’ютарная гульня “Сіціманія. Будуем горад”, з дапамогай якой хлопчыкі і дзяўчынкі будавалі свае гарады мары, распрацоўваючы іх транспартную сетку і сацыяльную інфраструктуру. За правільнае выкананне заданняў і актыўны ўдзел у мерапрыемствах дзеці атрымлівалі яркія “цаглінкі”, якія затым мянялі на аб’екты, што хацелі б бачыць у сваіх гарадах. Напрыканцы лагернай змены вучні абаранялі праекты сваіх міні-гарадоў будучыні. Выбраць лепшы з іх было даволі складана.

— Кожны з чатырох атрадаў уяўляў сабой city-раён (“Вынаходнікі”, “Дызайнеры”, “Архітэктары” і “Майстры”) з уласным планам, жыхарамі і актывам, — расказвае Т.М.Шчука. — Узначалілі атрады самыя актыўныя і ініцыятыўныя педагогі, пад кіраўніцтвам якіх работа закіпела, як на сапраўднай будоўлі. Праграма лагера складалася з тэматычных блокаў. Кожны з іх уключаў 3 дні, якія мелі сваю назву ў адпаведнасці з назвай блока. Так, блок “Закладзі падмурак” складаўся з тэматычных дзён “Дзень знаёмстваў”, “Сардэчна запрашаем у Ляхавічок-city” і “Свет прафесій”. Акрамя таго, у рамках Года малой радзімы прайшлі дні роднай мовы і малой радзімы, віртуальная city-экскурсія “Іх імёнамі названы вуліцы”, круглы стол “Зрабі свой горад ярчэйшым!” і акцыя “Гаворым па-беларуску”.

Не засталіся ў баку ад выхаваўчых мерапрыемстваў школьнага лагера раённыя аддзелы ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Іх супрацоўнікі правялі з дзецьмі вучэбныя заняткі “Ратавальнік — мая работа” і “Будзь паслухмяным грамадзянінам”, падчас якіх азнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак са спецыяльнай пажарнай тэхнікай, нагадалі пра дзіцячыя правы і абавязкі.

Па словах Т.М.Шчукі, шматлікія аздараўленчыя, фізкультурныя і спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры, экскурсіі і рухавыя гульні, заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах стваралі добрыя ўмовы для актыўнага адпачынку, умацавання здароўя, развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў. А завяршылася яркая і запамінальная лагерная змена канцэртам “Мы — маладыя, надзея краіны…” і калектыўнай аплікацыяй “Мы шчаслівыя разам”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.