Будаваць адносіны і жыць нармальна

- 11:28Інфармацыйная гадзіна

Беларусь мае намер развіваць адносіны з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што традыцыйна сустракаецца з замежнымі пасламі, каб разумець перспектывы развіцця адносін з ключавымі партнёрамі.

“Такім з’яўляецца для нас і Германія. Я не хачу нічога тут утойваць, нягледзячы на тое, што чарговы раз магу быць раскрытыкаваны з боку вядомых сіл і пісак. Германія нас вельмі цікавіць у сувязі з тым, што, па-першае, немцы нас разумеюць, успрымаюць. Па-другое, гэта высокатэхналагічная, магутная краіна. І мы зацікаўлены ў інвестыцыях і тэхналогіях. Таксама ў нас існуе шэраг іншых інтарэсаў, аб якіх я сёння гатовы з вамі пагаварыць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адразу прапанаваў весці размову шчыра і адкрыта, на час забыўшы пра дыпламатычныя фармальнасці. “Я чакаю поўнай яснасці: чаго Германія хацела б ад Беларусі, што не падабаецца ў Беларусі? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Я шчыра вам скажу, чаго мы хацелі б атрымаць ад Германіі, ды і ад Еўрасаюза. Вы вядучая краіна, апора Еўрасаюза, калі хочаце, галоўная захавальніца. Еўрасаюза без Германіі сёння проста не было б, а ён наш сусед. У нас прынцып адзін: з суседзямі трэба будаваць адносіны і жыць нармальна”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь можа пайсці насустрач у пэўных пытаннях, але не ва ўсіх. “Адзінае хачу сказаць, каб Германія — хоць немцы гэта разумеюць — ніколі не ставіла нас перад выбарам. Вось амерыканцы гэта зразумелі. Размаўляў нядаўна з памочнікам дзяржсакратара, і ён мне прама сказаў: “Мы не хочам ставіць Беларусь перад выбарам: вы з Усходам ці вы з Захадам?” Мы там, дзе мы ёсць. Госпадам Богам гэта вызначана, і штурхаць нас туды-сюды не трэба. Зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, інтарэсаў нашых суседзяў, мы будзем будаваць нашу мірную палітыку. Мы ніколі не станем ачагом напружанасці ў Еўропе”, — заявіў прэзідэнт.

“Нам больш ніякіх войнаў не трэба. Напэўна, таму Германія імкнецца ў любой кропцы паспрабаваць урэгуляваць нейкія канфлікты мірным шляхам. Мы таксама гэтага хочам. Таму мы ніколі не будзем праблемай для Еўрапейскага саюза, у тым ліку і для Германіі. Таго ж самага мы хацелі б і ад Германіі: мы хочам, каб Германія, разумеючы нас, рабіла канкрэтныя крокі насустрач”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на праблемы ў гандлёвых адносінах паміж краінамі: “Вы агароджу выбудавалі і нават да агароджы нікога не падпускаеце. Горш, чым у Трампа з Мексікай, сцяна выбудавана, толькі яна нябачная, эканамічная. Таму мы хацелі б нарэшце зняць гэтыя агароджы. Калі Еўрапейскі саюз такі прыхільны да рыначнай эканомікі, чаго тады загароджвацца?”

У сваю чаргу Петэр Дэтмар адзначыў, што ўвогуле правёў ужо ў Беларусі восем гадоў. На думку дыпламата, 2018 год стаў найбольш паспяховым і важным у адносінах Беларусі і Германіі як у палітычным, так і ў эканамічным плане.

Германія — адзін з ключавых знешнегандлёвых партнёраў Беларусі, займае чацвёртае месца па аб’ёме тавараабароту. У студзені — кастрычніку аб’ём узаемнага гандлю паміж краінамі дасягнуў $2,74 млрд, што на 17,6 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года.

Беларусь экспартуе ў Германію нафту, вырабы з некаштоўных металаў, прадукцыю лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, а таксама нафтахіміі. У сваю чаргу Германія з’яўляецца лідарам па пастаўках высокатэхналагічнага абсталявання для мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў.

Аб’ём нямецкіх інвестыцый у першым паўгоддзі перасягнуў $311 млн. Для параўнання: за ўвесь 2017 года ён склаў $142,1 млн. У Беларусі працуе больш за 300 прадпрыемстваў з германскім капіталам, зарэгістравана 90 прадстаўніцтваў кампаній з ФРГ.