Будаваць агульны рынак і захоўваць на ім прывілеяванае становішча нацыянальных суб’ектаў немагчыма

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Называць ЕАЭС эканамічным саюзам можна толькі авансам. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю газеце “Звязда”.

“Называць эканамічным саюзам наша інтэграцыйнае аб’яднанне сёння можна толькі авансам. Пакуль мы дэ-факта знаходзімся толькі на ўзроўні зоны свабоднага гандлю, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Немагчыма будаваць агульны рынак і адначасова захоўваць на ім прывілеяванае становішча нацыянальных суб’ектаў. Інакш гэта ўжо не цягне на агульны рынак. Гэта проста гандаль паміж краінамі”.

“Пачынаючы інтэграцыю, мы зыходзілі з таго, што гатовы разглядаць тавары і прадпрыемствы адно аднаго як уласныя ў кожнай з краін. Пакуль такога няма. Выйграюць ад гэтага, як ні парадаксальна, трэція краіны, і мы ўсё больш гандлюем адно з адным у саюзе не таварамі ўласнай вытворчасці, а таварамі трэціх краін. Калі ў 2011 годзе іх доля ва ўзаемным гандлі дзяржаў-членаў складала ўсяго 3,4 працэнта, то ў 2016 — ужо 8,4 працэнта, у 2,5 разу больш”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Гаворачы пра вынікі пяцігоддзя еўразійскай інтэграцыі, Ігар Петрышэнка адзначыў, што сёння можна канстатаваць розную ступень дасягнення пастаўленых мэт — нешта выканана ў высокай ступені, нешта напалову, а нешта цалкам замарожана.

“На ўнутраных таварных рынках дзяржавы-члены прадаўжаюць прымяняць адно супраць аднаго нетарыфныя абмежаванні, для прыліку замаскіраваныя пад санітарныя, ветэрынарныя і фітасанітарныя меры. Выключэнні з нацыянальнага рэжыму ў сферы дзяржзакупак, якія першапачаткова разглядаліся як выключныя меры, пачалі прымяняцца сістэмна і на пастаяннай аснове”, — звярнуў увагу віцэ-прэм’ер.

У саюзе дзяржавамі-членамі накіраваны звароты ў ЕЭК па больш як 200 перашкодах на ўнутраных рынках, вядуцца складаныя і напружаныя кансультацыі для іх устаранення. Пры гэтым інфармацыя аб новых перашкодах з’яўляецца хутчэй, чым паспяваюць устараняць старыя (за 2018 год устаранілі 13, а ў работу дабавілася 19).

На рынках паслуг з агульнага рэгулявання выпадаюць такія найважнейшыя віды, як трубаправоды, перадача электраэнергіі, міжнародныя аўтамабільныя перавозкі.

Намеснік прэм’ер-міністра таксама канстатаваў, што за мінулыя 5 гадоў у ЕАЭС практычна не рушылі наперад у пытаннях агульных энергетычных рынкаў, дзяржзакупак, прамысловых субсідый, шэрага іншых момантаў.

“Аднак наша краіна спадзяецца, што гэта часовыя цяжкасці ў працэсе фарміравання поўнамаштабнага Еўразійскага эканамічнага саюза, якія будуць ліквідаваны дзякуючы штодзённай карпатлівай працы ўсіх дзяржаў-членаў і Еўразійскай эканамічнай камісіі”, — рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

Акрамя таго, на яго думку, неабходна ўмацоўваць паўнамоц­твы наднацыянальных органаў, каб у іх былі механізмы прымушэння дзяржаў-членаў да выканання сваіх абавязацельстваў. “Неабходна адэкватна адрэагаваць на тыя праблемы, якія вылезлі за час функцыянавання саюза, і паправіць нашу прававую базу з тым, каб за парушэнні абавязацельстваў у рамках ЕАЭС дзяржавы-члены неслі рэальную матэрыяльную адказнасць, як гэта прадугледжана ў нашых заходніх суседзяў у Еўрапейскім саюзе”, — дадаў Ігар Петрышэнка.