У Віцебскім раёне пастаянна ўдасканальваюць формы работы з дзецьмі, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку.
— У нас сфарміравалася міжведамасная сістэма выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — адзначыла намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама Ксенія Карабач. — Наладжаны ўлік і праверка інфармацыі аб дзіцячым няшчасці, што паступае ў аддзел адукацыі, спорту і турызму. У выпадку пражывання непаўналетніх у неналежных умовах прымаюцца меры па абароне іх правоў і законных інтарэсаў. Работа ўстаноў адукацыі раёна і зацікаўленых службаў накіравана на ранняе выяўленне сямейнага недабрабыту, што дазваляе будаваць прафілактычнае ўзаемадзеянне з сям’ёй больш эфектыўна і хутчэй выводзіць яе з крызіснай сітуацыі.
Так, з 2013 года намецілася тэндэнцыя да зніжэння колькасці дзяцей, у дачыненні да якіх прызнана неабходнасць суправаджэння. Пры арганізацыі аздараўлення непаўналетніх, забеспячэнні карыснай занятасці школьнікаў у летні перыяд прыярытэтная ўвага ўдзялялася “ўліковым” дзецям. Пры камплектаванні летніх аздараўленчых лагераў у першую чаргу забяспечваліся месцамі дзеці, якія стаялі на розных відах прафілактычнага ўліку, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.
Галоўны момант тут — актыўнае міжведамаснае ўзаемадзеянне, аб’яднанне ўсіх магчымых рэсурсаў на дасягненне выніку. Прычым гаворка не толькі пра адпаведныя матэрыяльныя рэсурсы — без іх ніяк, але ключавую ролю ўсё ж іграе шчырая зацікаўленасць усіх удзельнікаў. Новыя формы работы не абмяжоўваюцца агульнапрынятымі прафілактычнымі мерапрыемствамі. Напрыклад, у маі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прагучала ініцыятыва правядзення турысцкага паходу “Край цудаў, герояў і легенд” — і ўлетку яна была паспяхова рэалізавана.
Садзейнічанне незвычайнаму падарожжу аказала раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, а кампанію цяжкім падлеткам склалі начальнік ІСН Віцебскага РАУС Юрый Жораў, педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна Марына Прыгожая, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Віцебскага РАНС Кацярына Кушнярэвіч, а таксама загадчык аддзела спорту, турызму, краязнаўства і экалогіі Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Юлія Каплуноўская і педагог дадатковай адукацыі гэтай установы Станіслаў Нікіцін.
Трэці год запар у раёне дзейнічае кругласутачны аздараўленчы лагер “Пераходны ўзрост” для дзяцей, якія знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку. Сёлета ён праходзіў на базе Ноўкінскай сярэдняй школы.
— Мы імкнуліся максімальна заняць дзяцей, каб усім было цікава, — расказала начальнік лагера, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Юлія Цярэшчанка. — Магчымасці для гэтага даволі шырокія: праграма прадугледжвала штодзённае наведванне планетарыя, сумесны прагляд мастацкіх фільмаў, літаратурны КВЗ, дыскатэкі, агранізаваныя пры садзейнічанні спецыялістаў раённага Дома культуры. У нашай школы — выдатнае камп’ютарнае абсталяванне, з дзецьмі працаваў інжынер-праграміст. Мы пастараліся, каб яны не проста бавілі час за гульнямі, а навучыліся працаваць з праграмамі, ствараць мультфільмы, калажы. Значны час адводзіўся спартыўным спаборніцтвам.
Кожны дзень лагер наведвалі госці — прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў — і тады мерапрыемствы праходзілі з іх удзелам, а значыць, станавіліся яшчэ больш цікавымі. Незабыўныя ўражанні ў дзяцей пакінуў спартыўны паядынак з аб’яднанай камандай прадстаўнікоў службаў і аддзелаў райвыканкама, супрацоўнікаў пракуратуры, РАНС і ўнутраных войск — дарэчы, першынство ў міні-футболе, валейболе, баскетболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, эстафеце 4 х 200 завяршылася ўнічыю. Калі цяжкі падлетак знаходзіцца ў сваім замкнёным свеце, ён не мае дакладнага ўяўлення, што адбываецца за сценамі гэтага свету, і лічыць, што па-іншаму не бывае. Наша мэта — зламаць негатыўны стэрэатып, паказаць, да чаго трэба імкнуцца і дзеля чаго зараз варта адмовіцца ад шкодных звычак або змяніць манеру сваіх паводзін.
— У выхаваўчым працэсе вельмі важны ўласны прыклад, — падкрэсліў Юрый Жораў. — Мы паказваем дзецям, наколькі цікава і разнастайна можна праводзіць вольны ад вучобы час, стараемся прыцягнуць іх у спартыўныя секцыі, творчыя гурткі, стварыць усе ўмовы для бяспекі жыццядзейнасці хлопчыкаў і дзяўчынак. У рамках праграмы “Клопат” сумесна з зацікаўленымі ведамствамі наладжана работа па максімальным уключэнні непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў ІСН, у арганізаваныя формы вольнага часу, а таксама па іх працаўладкаванні. Да адпрацоўкі месцаў масавага знаходжання непаўналетніх прыцягваюцца актывісты БРСМ, спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму. Работа вялікая, але мэта апраўдвае любыя намаганні.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.