Будучыня вёскі — у руках маладых

- 11:30Актуально, Апошнія запісы

Рэспубліканскі форум сельскай моладзі ўпершыню прайшоў у нашай краіне. Маладыя дактары і педагогі, працаўнікі сферы культуры і сельскай гаспадаркі, якія свядома выбралі для сябе жыццё і работу ў вёсцы, сабраліся разам, каб абмеркаваць, як жа зрабіць так, каб такі ж свядомы выбар рабілі больш маладых людзей.

Гісторыя гэтага мерапрыемства пачалася ў мінулым годзе, калі на Міншчыне ўпершыню прайшоў абласны форум сельскай моладзі. Удзельнікі форуму плённа папрацавалі і выказалі меркаванне, што ім было б цікава пазнаёміцца з вопытам работы калег з іншых абласцей. І праз год гэтае жаданне спраўдзілася. Арганізатарам ідэя не замыкацца толькі на сваім рэгіёне падалася выдатнай. Ініцыятыву Мінаблвыканкама аб пашырэнні геаграфіі форуму падтрымала Міністэрства адукацыі. Ды і ці магло быць інакш у Год моладзі? І вось сёлета на форум з’ехаліся прадстаўнікі з усёй краіны: больш за 300 маладых спецыялістаў, якія працуюць на прадпрыемствах аграпрамысловага комлексу, а таксама маладых работнікаў устаноў адукацыі, культуры і аховы здароўя, размешчаных у сельскай мясцовасці. Да іх далучыліся прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца пытаннямі развіцця сельскай гаспадаркі і прыцягнення моладзі на сяло, маладзёжных грамадскіх арганізацый і спецыялісты па справах моладзі дзяржаўных арганізацый. Па сутнасці, форум выйшаў за межы рэспубліканскага, бо ўдзел у ім бралі таксама дэлегаты з Курганскай, Курскай, Навасібірскай, Тамбоўскай абласцей і Краснаярскага краю Расійскай Федэрацыі. “Неабходна чуць сельскую моладзь, разумець яе бачанне кірункаў развіцця сельскіх тэрыторый, — расказвае начальнік аддзела па справах сям’і і моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Анатольеўна Шыбко. — Мы часцей сустракаемся з працоўнымі калектывамі на буйных прадпрыемствах у гарадах, а да жыхароў вёсак даязджаем рэдка. А між тым гэта вялікі, ініцыятыўны і крэатыўны пласт нашага грамадства. Павялічыць сацыяльна-эканамічную актыўнасць гэтай катэгорыі моладзі, лабіраваць інтарэсы сельскай моладзі перад органамі дзяржаўнай улады — вось мэта форуму, каб жыць у нашых мястэчках і сёлах стала хораша і прэстыжна”.
Форум праходзіў на тэрыторыі адразу трох раёнаў — Нясвіжскага, Стаўбцоўскага і Дзяржынскага. Нясвіжскі і Стаўбцоўскі раёны сталі месцам сустрэчы невыпадкова — гэта традыцыйныя лідары Мінскай вобласці ў сферы АПК, у тэхналогіях земляробства. Акрамя таго, гэтыя раёны маюць поспехі ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, тут ажыццяўляюцца цікавыя праекты і ініцыятывы гэтай сферы. Удзельнікаў форуму гасцінна прымаў аздараўленчы лагер імя Я.М.Чайкі, што ля вёскі Дразды Стаўбцоўскага раёна. Тут арганізатары шчыра віталі гасцей на цырымоніі адкрыцця.Старт рабоце быў дадзены на пленарным пасяджэнні. Пачаў яго сваім выступленнем Віктар Уладзіміравіч Ярмоленкаў, дацэнт кафедры кіравання рэгіянальным развіццём Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Віктар Уладзіміравіч адраджэнне беларускіх вёсак і сёл лічыць справай свайго жыцця. Ён запрасіў слухачоў здзейсніць невялічкі гістарычны экскурс, каб зразумець, як склалася сённяшняя сітуацыя, чаму сельскія тэрыторыі неабходна адраджаць і ратаваць, якія падзеі прывялі да таго, што некалі моцныя і багатыя беларускія вёскі сталі непрыстыжнымі для жыцця, а словы “калгасны” і “вёска” сталі амаль абразлівымі. Спікер заклікаў разам падумаць над галоўным пытаннем — што неабходна зрабіць, каб змяніць гэтую сітуацыю? Сам Віктар Уладзіміравіч лічыць, што недастаткова толькі фінансавай падтрымкі сяла. Неабходна мяняць свядомасць людзей, каб вёска ва ўяўленні маладога чалавека была не ссылкай ці катаргай, а ўтульным для пражывання месцам. Таксама В.У.Ярмоленкаў звярнуў увагу на тое, што нельга засяроджваць і зацыкліваць жыццё сельскіх тэрыторый толькі на сельскай гаспадарцы, трэба ў кожнай вёсцы шукаць схаваны патэнцыял магчымасцей і знаходзіць “сілу месца”. Не менш карысным было выступленне Сяргея Міхайлавіча Найдовіча, генеральнага дырэктара інкубатара малога прадпрымальніцтва. Сяргей Міхайлавіч прэзентаваў праект “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі” і расказаў аб падтрымцы прадпрымальніцтва на сяле.Далей работа форуму праходзіла ў рамках пяці секцый. Падзяліўшыся па інтарэсах, маладыя людзі наведалі прадпрыемствы і ўстановы, якія можна смела разглядаць у якасці прыкладу. Так, удзельнікі секцыі “Сельская гаспадарка” наведалі сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы “Гарадзея” і “Агракамбінат “Сноў”, удзельнікі секцыі “Культура” пабывалі ў Петкавіцкім сельскім доме культуры, маладыя медыкі ў рамках секцыі “Ахова здароўя” ўбачылі, як працуюць у Нававёскаўскай амбулаторыі ў вёсцы Вялікі Двор Стаўбцоўскага раёна, Маладзёжны цэнтр Нясвіжа вітаў удзельнікаў секцыі “Моладзь” і г.д.Насычанай была работа маладых педагогаў, якіх аб’яднала секцыя “Адукацыя”. Работа секцыі пачалася ў Нясвіжскай гімназіі. Тут фарумчан вітала намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Анатольеўна Шатрун. Ва ўстановах адукацыі Нясвіжскага раёна з задавальненнем працуюць маладыя педагогі, многія з якіх вырашаюць застацца тут надоўга. Адзін з найвышэйшых па вобласці паказчыкаў замацавання маладых спецыялістаў належыць менавіта Нясвіжчыне. Святлана Анатольеўна расказала, што робяць у раёне, каб моладзь не з’язджала адсюль, як працуюць з маладымі педагогамі і што ім прапануюць. Так, аддзел адукацыі і арганізацыі-шэфы дапамагаюць вырашаць жыллёвыя праблемы, маладыя настаўнікі атрымліваюць практычную і тэарытычную дапамогу, фарміруюць сваю прафесійную кампетэнтнасць у шасці школах маладога спецыяліста. Пазаўрочнае жыццё таксама насычанае і цікавае. Маладыя педагогі актыўна ўдзельнічаюць у КВЗ, турзлётах, спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтвах. Працуе вакальная група і два танцавальныя калектывы маладых педагогаў. У раёне праводзіцца конкурс “Педагагічны дэбют” і штогод праходзіць творчая справаздача “Бенефіс маладога педагога”. У пацвярджэнне сказанага каманда КВЗ маладых педагогаў прадставіла фрагмент свайго выступлення.Далей удзельнікі адукацыйнай секцыі накіраваліся ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, дзе пазнаёміліся з гісторыяй установы, цесна пераплеценай са знакавымі падзеямі і гістарычнымі асобамі нашай краіны. Гасцей каледжа вітаў педатрад “НеСКо”, які двойчы станавіўся лепшым у краіне. Таксама ў каледжы педагогаў чакаў трэнінг “Майстэрня будучыні”.
Кульмінацыяй работы секцыі “Адукацыя” стала наведванне Сноўскай сярэдняй школы, якая з’яўляецца ўвасабленнем і пацвярджэннем думкі, што не раз гучала на форуме: на сяле можна жыць і працаваць у цудоўных умовах. Госці наведалі новы дом маладога настаўніка, дзе жывуць маладыя педагогі школы, а таксама пабывалі на майстар-класе настаўніка-метадыста Іны Рычардаўны Віннік. Іна Рычардаўна — суперфіналіст конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, лепшы выкладчык-русіст на Сусветным фестывалі рускай мовы. Гэта яскравы прыклад таго, што сельскія педагогі паспяховыя, канкурэнтаздольныя, высокакваліфікаваныя спецыялісты, здольныя на мноства здзяйсненняў.
Першы дзень форуму сельскай моладзі прайшоў у актыўным працоўным рэжыме, другі ж дзень быў адведзены для зносін, вяселля і пошуку натхнення. На сустрэчу з сельскай моладдзю прыехалі Сямён Барысавіч Шапіра і Віктар Віктаравіч Якжык. Старшыні Мінаблвыканкама і намесніку міністра адукацыі моладзь задавала пытанні аб працаўладкаванні, размеркаванні, жыллі. На ўсе пытанні Сямён Барысавіч і Віктар Віктаравіч адказвалі ахвотна і змястоўна, атрымаўся той самы шчыры адкрыты дыялог, на які разлічвалі арганізатары.Прыгожай і гучнай фінальнай кропкай у рабоце форуму сельскай моладзі стаў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2015”. Удзельнікі форуму сталі сведкамі таго, як 19 маладых сем’яў Міншчыны спаборнічалі за права прадставіць вобласць на рэспубліканскім этапе. Маладыя і дружныя сем’і запрашалі гасцей на свае падворкі, частавалі смачнымі стравамі, спявалі песні і танцавалі, а таксама спаборнічалі ў вязанні венікаў, распільванні бервяна, дэманстравалі ўменне секчы дровы і запрагаць каня.
Год моладзі падарыў мноства магчымасцей маладым. І самая галоўная з іх — магчымасць удзелу моладзі ў прыняцці важных дзяржаўных рашэнняў. “Рэспубліканскі форум даў магчымасць сельскай моладзі заявіць пра сябе, уголас сказаць пра свае дасягненні, праблемы і шляхі іх вырашэння, — расказвае Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Такое цеснае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў з моладдзю вельмі прадукцыйнае. Ужо зараз пры міністры адукацыі працуе студэнцкі савет. Ідзе работа над стварэннем маладзёжнага савета пры міністры — кансультацыйнага органа, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі розных катэгорый моладзі — працоўнай, студэнцкай, сельскай. Такое шырокае прадстаўніцтва неабходна для таго, каб мець як мага больш поўнае ўяўленне, чым жыве моладзь, каб яшчэ больш эфектыўна вырашаць яе праблемы”.
А ўдзельнікі форуму задумаліся, ці не наспела неабходнасць стварыць грамадскае аб’яднанне сельскай моладзі ў нашай краіне. Такая арганізацыя паспяхова дзейнічае ў Расіі, пытанне аб стварэнні саюза сельскай моладзі ў Беларусі прагучала і на форуме. Ідэя будзе абмяркоўвацца, і, магчыма, праз некаторы час актыўная сельская моладзь выступіць з такой ініцыятывай афіцыйна.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і Івана МАНКЕВІЧА.